Інтэлігенцыя падтрымала Кангрэс за незалежнасць

Грамадзянская ініцыятыва «Рада беларускай інтэлігенцыі» на сваім пасяджэнні, што адбылася вечарам 30 верасня ў Мінску, падтрымала ідэю правядзення Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.



Акадэмік Аляксандр Вайтовіч лічыць Усебеларускі кангрэс за незалежнасць справай вельмі наспелай і карыснай, калі ўлічыць сітуацыю ў краіне і вакол яе ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Сярод пытанняў, што трэба абмеркаваць на кангрэсе, спадар Вайтовіч назваў сітуацыю вакол Украіны і праблему перадачы зямлі іншаземцам.

Эканаміст Леанід Злотнікаў звярнуў увагу на неабходнасць паставіць на кангрэсе пытанне пра падзел улады і ўласнасці, а таксама пра пазаблокавы статус незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Паэт Сяргей Законнікаў лічыць, што апроч праблемы незалежнасці краіны кангрэс павінен разгледзець пытанні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Кінадраматург Уладзімір Халіп адзначыў, што перад Беларуссю, Расіяй. Еўропай і светам кангрэс павінен засведчыць адно: у краіне ёсць людзі, якія не збіраюцца здаваць незалежнасць Беларусі, а будуць яе бараніць.

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня Рады беларускай інтэлегенцыі, педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас зазначыў, што разам з абаронай незалежнасці Беларусі кангрэс можа паставіць шэраг іншых праблемаў, у тым ліку пра будаўніцтва АЭС без уліку меркаванняў грамадзянаў краіны, пра гандаль зямлі з іншаземцамі, а таксама пра ўціск дзяржавы на нацыянальную культуру, гістарычную памяць і свядомасць беларусаў.

«А калі хада гісторыі прымушае ўлады думаць, як мы, у гэтым няма нічога кепскага. Толькі трэба не дапускаць таго, каб ідэю кангрэсу выкарысталі не дзеля абароны незалежнасці, а дзеля іншых мэтаў», — падкрэсліў Уладзімір Колас.

Ініцыятары правядзення кангрэсу, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў і ягоная намесніца Алена Анісім распавялі пра працу, якая была ўжо зробленая і аб тым, што ідэя кангрэсу сустракае падтрымку сярод шматлікіх грамадскіх арганізацый і асобаў. Так, сойм Партыі БНФ дэлегаваў у аргкамітэт кангрэсу Рыгора Кастусёва, прапанова далучыцца да арганізацыі кангрэсу накіраваная іншым партыям, рухам і Асамблеі недзяржаўных дэакратычных арганізацый Беларусі.

Удзельнікі пасяджэння дэлегавалі Уладзіміра Коласа ў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.

Каментаваць