Інтэрнэт-Беларусь у чаканні мільярдаў

Пасля прыняцця ўказа № 60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт загаварылі калі не пра смерць інтэрнэта ў Беларусі, то пра значны адкат — абавязковая рэгістрацыя даменаў, фільтрацыя пэўных рэсурсаў. Аднак сярод скептыкаў наконт ІТ-будучыні краіны ёсць і аптымісты.

Можна выжываць



Пасля прыняцця ўказа № 60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт загаварылі калі не пра смерць інтэрнэта ў Беларусі, то пра значны адкат — абавязковая рэгістрацыя даменаў, фільтрацыя пэўных рэсурсаў. Аднак сярод скептыкаў наконт ІТ-будучыні краіны ёсць і аптымісты.

Можна выжываць

Мастадонты беларускага інтэрнэту ўпэўніваюць, што з добрым вынікам можна згуляць як на глабальных, так і на местачковых праектах. Сярод процьмы рэсурсаў, парталаў, сайтаў ёсць даволі паспяховыя з камерцыйнага боку. Уладальнік буйнейшага парталу tut.by, генеральны дырэктар УП “Надзейныя праграмы Юрый Зісер гаворыць, што беларускі інтэрнэт сапсаваны, але не безна­дзейна. “Найперш камерцыйным праектам шкодзіць глабалізацыя, бо ўсе рэсурсы свету роўнадаступныя, да таго ж побач рускамоўная Расія, таму любы рускамоўны рэсурс на тэрыторыі Беларусі жыве і перамагае нічога не робячы, — канстатуе эксперт. — Да таго ж у нас няма грошай, патэнцыял Парка высокіх тэхналогій дазваляе паўтарыць google, напісаць двіжок пашукавіка, пошты — усё гэта магчыма. Перамога ідзе за кошт маркетынгу, рэсурсаў.

Аднак праблема ў тым, што беларусы пакуль не маюць намеру плаціць за інтэрнэт-кантэнт, бо хапае альтэрнатыўных бясплатных рэсурсаў. “Застаецца рэклама, але яе рынак у нас страшэнна абмежаваны. Агулам летась беларускі рэкламны рынак склаў прыкладна 90 мільёнаў долараў — гэта зусім нічога. Атрымліваецца прыкладна 9 долараў на чалавека ў год. Ва Украіне да крызісу было недзе 30 долараў на чалавека, у Расіі — 60, за гэтыя грошы можна зрабіць многае, любы праект. У нас аб’ём інтэрнэт-рэкламы летась каштаваў мільёнаў шэсць, сёлета будзе каля сямі. Зразумела, што шмат за такія рэсурсы не зробіш, адпаведна, і рынак наш мала каму цікавы, — дзеліцца камерцыйнымі разлікамі Зісер.

Разам з тым ён прыводзіць шэраг больш-менш паспяховых інфармацыйных праектаў у Беларусі, гаворыць, што былі спробы выйсці і па-за межы краіны, у некаторых гэта не атрымалася. А вось tut.by займаецца будаўніцтвам парталаў у краінах Азіі, і як лічыць Зісер, някепска атрымліваецца. “Можна выжываць, нават у такіх умовах, але казаць пра вялікі, выбітны інтэрнэт-бізнес пакуль рана. Трэба не капіраваць чужы поспех, а ствараць нешта новае, займаць вольныя нішы, — рэзюмуе ўладальнік буйнога інтэрнэт-парталу.

Светлае заўтра “ІТ-краіны

У лагеры ІТ-шнікаў хапае аптымістаў. ЗАТ «Белхардгруп» — адзін з лідэраў паслуг праграмавання на рынку краіны — нядаўна прапанаваў праграму «ІТ-краіна» або «нацыянальную праграму па стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь аднаго з сусветных цэнтраў па распрацоўцы праграмнага забеспячэння». Рэалізацыя гэтага праекту ў ідэале дазволіць стварыць у краіне да 2015 года сучасную індустрыю распрацоўкі праграмнага забеспячэння з колькасцю працоўных месцаў каля 300 тысяч. Гэта прынясе штогадовыя валютныя паступленні ў памеры не меней за 7 мільярдаў долараў. Першы раз праграма была прадстаўлена ў 2007 годзе, але не атрымала падтрымкі, бо пачынаўся фінансавы крызіс, не да таго было.

Прыклад ініцыятары праграмы «ІТ-краіна» бяруць з Індыі, якая хутка выйшла ў сусветныя лідэры па распрацоўцы і пастаўках праграмнага забеспячэння. «Індыя, маючы блізу мільёна праграмістаў, зарабіла ў 2009 годзе на аўтсорсінгу 50 мільярдаў долараў, — апелюе да паўднёваазіяцкага досведу маркетынг-дырэктар кампаніі «Белхардгруп» Вольга Заўялава. — Акрамя Індыі актыўна распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне на замову Кітай і Бразілія, краіны Усходняй Еўропы».

Вольга падкрэслівае, што ў Беларусі ўжо ёсць досвед распрацоўкі праграмнага забеспячэння, і цяпер у гэтай сферы занятыя блізу 25 тысяч чалавек. За гэты час былі назапашаныя веды ў сферы тэхналогій, неабходныя для паспяховай рэалізацыі падобных праектаў. Цяпер засталося толькі стварыць умовы для тыражавання наяўнага досведу ў маштабах індустрыі.

Да таго ж ІТ-галіна не патрабуе значных выдаткаў на вытворчую інфраструктуру. Памяшканне, кампутар і доступ у інтэрнэт — не так і многа патрэбна для працы праграмісту. Што важна, у Беларусі была створана вельмі спрыяльная заканадаўчая аснова для развіцця галіны распрацоўкі праграмнага забеспячэння, існуюць сур’ёзныя падатковыя палёгкі. У прыватнасці выплата ў бюджэт аднаго працэнту ад выручкі без дадатковых падаткаў, а падаткі з заработнай платы — сярэднія па краіне, што стымулюе выплату “белага заробку. Вольга Заўялава акцэнтуе ўвагу, што ў Беларусі не многа прыбытковых, адкрытых сфераў дзейнасці. І калі ў Расіі здольныя людзі ўжо знайшлі сябе ў нафтавай галіне, тэхналогіях, фінансах, то ў нас праца з высокімі прыбыткамі пакуль на дарозе не валяецца.

Сёння бухгалтар, заўтра праграміст

Перанасычанасць працоўнага рынку бухгалтарамі ў нас ці не легендай стала, іх налічваецца блізу 400 тысяч. Скараціць штат бухгалтараў магчыма, калі будзе зменшана справаздачнасць, уведзена электроннае дэклараванне. Апроч бухгалтараў у краіне вялікі штат інжынерна-тэхнічных работнікаў, але ж прагрэс, спадзяёмся, не абміне Беларусь. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі на прадпрыемствах, што адпавядаюць патрабаванням рынку і задачам па падвышэнні прадукцыйнасці працы, непазбежна прывядуць да скарачэння персаналу ІТР. Вось іх ды бухгалтараў і збіраюцца перавучыць на праграмістаў аўтары “ІТ-краіны. Стымуляваць да змены кваліфікацыі мусіць узровень заробкаў у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння, які больш чым у два разы перавышае сярэдні па краіне. Прапануюць аўтары праграмы і ўвесці льготы для тых, хто навучаецца на спецыяльнасцях, звязаных з ІТ-тэхналогіямі. “Я мяркую, што ў любой краіне трэба займацца рэгуляваннем працоўнага рынку, таму падобныя палёгкі цалкам натуральныя, — абгрунтоўвае ідэі Вольга Заўялава.

Аўтары праграмы падлічылі, што для навучання сотняў тысяч людзей спатрэбіцца блізу 2–3 тысячы выкладчыкаў рознай кваліфікацыі, якіх трэба рыхтаваць паралельна з ростам індустрыі. Заканадаўства мусіць дазваляць выкладчыкам зарабляць больш, чым навучэнцам, таксама варта прыцягваць у ІТ-навучанне замежных фундатараў, а канкурэнцыя паміж адукацыйнымі цэнтрамі дазволіць падвысіць якасць навучання.
-----------------------------------------------------

Максім Грамыка, менеджэр па продажу рэкламы інтэрнэт-парталу telegraf.by

Аб’ёмы рэкламы, зацікаўленасць рэкламадаўцаў залежаць ад узроўню парталу, яго раскручанасці, наведвальнасці. Таксама рэкламадаўцы цікавяцца аўдыторыяй чытачоў. Напрыклад, рэклама сотавага аператара разлічаная на спажыўца, які гатовы і можа выдаткоўваць грошы на сябе, таму такія кампаніі абіраюць інтэрнэт-сайты з сур’ёзнымі, дарослымі наведвальнікамі. Што тычыцца нашага парталу, то ў нас ёсць пэўны аб’ём рэкламы, гэта бачна наведвальнікам, але цяпер крызіс, гэта ўсім вядома, і многія кампаніі падрэзалі свае бюджэты, у тым ліку і рэкламныя.
 

Каментаваць