«Ну што, паўстанцы, выходзьце»

У маім вагоне цягніка Баранавічы–Кіеў пасля Гомеля засталося усяго пяць чалавек. А як магло бы прагучаць — 60 працэнтаў пасажыраў ехалі на Майдан! Зрэшты, гэта было б чыстай праўдай. З пяці чалавек трое незнаёмых паміж сабой людзей ехалі сюды.



Фота kiev.vgorode.ua


Да таго, як перасекчы ўкраінскую мяжу, я пра мэту сваёй паездкі ні з кім не размаўляў, паводзіўся па—партызанску, нават легенду падрыхтаваў для мытнікаў на ўсялякі выпадак. А вось мой сусед, праграміст з EPAM, даволі хутка «раскалоўся».

Таму, калі побач з ім на мяжы зацікаўлена спыніўся службовы сабака, я падумаў: «Ну ўсё, прыехалі». Зараз у яго знойдуць «пакецік з травяністай масай», усіх прысутных затрымаюць як сведак, і Майдану мне не пабачыць. Тут памежнік сказаў сабаку: «Сёма, пішлы»...

Можаце ўявіць сабе мае пачуцці, калі хвілінаў праз 10 яны вярнуліся, памежнік і Сёма. «А што гэта Сёма вамі так зацікавіўся? Ну-тка, паглядзім. З якой мэтай, дарэчы, едзеце ў Кіеў

Не, пранесла, едзем далей.

На станцыі Карасцень стаянка 20 хвілінаў. Дапамаглі з суседам вынесці правадніцам вугаль, зайшлі ў буфет.

— Ці падтрымліваеце вы Майдан? — пытаецца мой спадарожнік у буфетчыцы.

— Ой, шо воны там стаяць галодныя і халодныя, то я не падтрымліваю, — з шчырым жалем у голасе кажа жанчына. — Гэтага, мабыць, не трэба, трэба нейкім іншым спосабам. Але тое, што яны там так падтрымліваюць адзін аднаго, тое вельмі добра.

— А як вы ставіцеся да палітычных патрабаванняў Майдану? «Банду гэць», ці няхай застаецца як ёсць?

— Вядома, гэць! Даўно пара.

Калі мы пад'язджаем да Кіева, правадніца з жартамі пачынае збіраць рэчы.

— Што, на сувенір хацелі рушнік пакінуць? Пойдзеце потым на Майдан, беларускім рушніком махаць? Ну-тка, вярніце мне стакан, не цягніце на Майдан з сабой.

— А скуль вы здагадаліся, што мы на Майдан едзем?

— Вы — на Майдан?! Здурнелі вы, хлопцы. Навошта?

— Падтрымаць нашых братоў...

— Якіх яшчэ братоў, дома спачатку парадак навядзіце, куды ў чужое лезеце!..

Прыехалі. Правадніца кліча:

— Ну што, паўстанцы, выходзьце!

З вакзалу пешшу ідзем на Майдан. Па дарозе зайшлі памяняць грошы. Жанчыны ў банку кажуць:

— Дык вы хіба наш Майдан прыехалі падтрымаць? Якія ж малайчынкі, браты вы нашыя, дзякуй!

Майдан — гэта зусім не той пятачок, які мы бачым па тэлебачанню або ў анлайн-трансляцыях. Гэта цэлы горад, сапраўднае Гуляй-поле ў цэнтры Кіева. Я планую прабыць тут некалькі дзён, пагрузіцца ў атмасферу, каб распавесці нашым чытачам з першых рук аб тым, што тут адбываецца.  

  

Абмеркаванне:

  • Змітрок
  • 2013-12-14 21:22:41
Дзякуй, Зміцер! Пішы. Чакаем навінаў.
  • Дед Талаш
  • 2013-12-14 22:22:49
Поезд Барановичи-Киев не идёт через Гомель! Учите географию, автор!!!
  • Бабушка Маня
  • 2013-12-14 22:29:37
Гэта, мо, з прасонку, ўначы. Не разгледзеў добра! Яму можна - ён увесь у думках пра важныя падзеі, не да назваў станцый!

Каментаваць