Інваліды “там” і “тут”. У чым адрозненне?

5 мая адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. Ва ўсім цывілізаваным свеце інваліды па самых розных захворваннях, у добрым сэнсе ўжо даўно прыроўненыя да здаровых людзей. Для тых, хто мае хібы, створаныя ўсе ўмовы для нармальнага жыцця. Беларусі да гэтага яшчэ шлях невымерна доўгі.
 



5 мая адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. Ва ўсім цывілізаваным свеце інваліды па самых розных захворваннях, у добрым сэнсе ўжо даўно прыроўненыя да здаровых людзей. Для тых, хто мае хібы, створаныя ўсе ўмовы для нармальнага жыцця. Беларусі да гэтага яшчэ шлях невымерна доўгі.
 
Добра памятаю свой першы прыезд у “гнілы Захад у кастрычніку 1990 года, праз дзень пасля аб’яднання Германіі, у складзе вялікай дэлегацыі Савецкага Саюза. Нас, тады яшчэ студэнтаў-германістаў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моваў – усяго пяць чалавек, ЦК камсамола Беларусі рэкамендаваў у якасці перакладчыкаў у склад вялікай групы маладых людзей, якія (усяго больш за пяцьсот чалавек) з усіх рэспублік былога СССР атрымалі магчымасць пазнаёміцца з Заходняй Германіяй адразу пасля ўз’яднання гэтай вялікай дзяржавы. Помню, як прыляцелі мы на двух аграменных ІЛ-86 у сталіцу Ніжняй Саксоніі – Гановер. Там нас размеркавалі па сем’ях амаль па ўсёй гэтай федэральнай зямлі. Мне выпаў лёс два тыдні правесці ў вельмі файнай сям’і маладых дактароў – Міхаэля і Петры Вэвэр у вёсачцы Пехайм каля Клопенбургу. Дарэчы, у гэтых паспяховых саракагадовых медыкаў далёка не ў першым пакаленні на той час ужо было пяцёра дзяцей – чатыры сыны і дачка. Але гэтым разам не пра гэтую цудоўную сям’ю гаворка.
 
Першае ўражанне па прыездзе ў Гановер – гэта вялікая колькасць інвалідаў на вуліцах вялікага горада. І першая думка – якая няшчасная нацыя! Колькі ж іх на вазках, з сабакамі-павадырамі, з суправаджаючымі асобамі! У нашай вялікай савецкай краіне такой колькасці небаракаў няма! Якое памылковае ўражанне, як высветлілася пазней!
 
Так, у СССР мы амаль не бачылі інвалідаў. Таму што яны ўсе сядзелі па хатах, не маючы магчымасць чыста фізічна пакінуць свае кватэркі-катухі з тае прычыны, што проста не маглі гэтага зрабіць без старонняе дапамогі. У Германіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя пры новабудоўлях прадугледжваліся пандусы для інвалідаў-вазочнікаў, каб тыя без праблем маглі трапіць не толькі ва ўласныя кватэры, але і ў крамы, кінатэатры, у камунальна-побытавыя ўстановы і гэтак далей. У Савецкім Саюзе такога практычна не было, таму што невыгодна было той уладзе, якая “для народа, паказваць, што “ў самым развітым грамадстве ёсць інваліды і, адпаведна, звязаныя з іх існаваннем праблемы. Ды і пандусы ж грошай каштуюць!
 
Зараз у развітых краінах інваліды могуць без усялякіх праблемаў карыстацца не толькі спецыяльна вырабленымі для іх аўтамабілямі (такое “шчасце, дарэчы, было і ў СССР, але далёка не для ўсіх), але і грамадскім транспартам, бо практычна ў кожным аўтобусе і тралейбусе цэнтральныя дзверы зробленыя такім чынам, каб інвалід-вазочнік самастойна і спакойна мог забрацца ў салон. Да таго ж, новыя канструкцыі прадугледжваюць “прасяданне на прыпынках корпусаў тых жа аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў такім чынам, каб інвалід зноўку ж самастойна, без дапамогі іншых, мог заехаць у салон. 
 
А ці шмат такіх аўтобусаў ды іншых тралейбусаў з трамваямі мы назіраем у нас? Аднойчы звярнуў увагу на расклад руху “галоўнага сталічнага аўтобуснага маршрута № 100. Аказваецца, там ёсць аўтобусы, якія ў пэўны час ходзяць і, гледзячы па малюнку ў выглядзе вазка, яны прызначаны для паездак менавіта інвалідаў-вазочнікаў. Але ездзяць такія аўтобусы толькі некалькі разоў на дзень. І толькі па гэтым маршруце. Хіба гэтага дастаткова для двухмільённага горада?
 
І ці многа пандусаў заўважна ў крамах, бытавых ды іншых установах? Так, у новабудоўлях іх больш-менш робяць. У тых жа новых паліклініках ці шпіталях. А што рабіць тым людзям, якія жывуць у сталінках-хрушчоўках ды нават у постсавецкіх шматпавярховіках, у пад’езды якіх і здароваму чалавеку не заўжды ўдаецца забрацца без праблем? Што ўжо казаць пра тых жа вазочнікаў?
 
Яшчэ адзін прыклад. У сярэдзіне 90-х гадоў некалькі разоў мне не аднойчы даводзілася быць суправаджаючым груп дзяцей з чарнобыльскай зоны, якіх накіроўваў на аздараўленне, у тым ліку і ў ФРГ, Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля. Аднаго дня нас прывезлі ў велізарны басейнавы комплекс Monte-Mare блізу Фройдэнбергу (зямля Райнланд-Пфальц). Маладым беларусам было гадоў ад 12 да 15. І які ж жах у іх вачах быў, калі крыху пазней за нас у басейн прывезлі групу людзей-інвалідаў з псіхічнымі захворваннямі! Немцы, малыя і сталыя, нават не звярнулі ўвагу на сваіх суайчыннікаў-інвалідаў, бо для іх яны – такія ж немцы. Для маладых беларусаў гэта быў проста шок. Ды й для нас, настаўнікаў і перакладчыкаў, такое было нечым незвычайным. Яшчэ доўга потым даводзілася тлумачыць нашым хлопчыкам і дзяўчынкам, што гэта абсалютна нармальна, калі людзей у той жа Германіі не падзяляюць на першы і другі гатунак, што там усе маюць роўныя правы, незалежна ад стану здароўя і інваліднасці. Але растлумачыць малодшым сябрам – беларусам, чаму такога няма ў нас на радзіме, на той час прынамсі мне не атрымалася.
 
А ці ёсць гэта сёння? Нешта ёсць, але недастаткова. Далёка недастаткова. Інакш бы і не выйшлі (дакладней, не выехалі) 5 мая 2012 года на пляцоўку ў Парку Дружбы народаў у Мінску дзясяткі інвалідаў-вазочнікаў, каб у гэты “свой дзень зноў нагадаць дзяржаве пра свае правы, пра сваё часта гаротнае становішча. Але дзяржаве прасцей праводзіць рэпетыцыі чарговай паказухі да чарговага свята (што абыходзіцца ў тую яшчэ капейчыну), чымся прыслухоўвацца да праблем інвалідаў і вырашаць гэтыя праблемы. Можна казаць і пра цяжкасці з працаўладкаваннем для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пра іншыя іх невырашальныя клопаты. Тутака, на радзіме, дзейнічае дзіўны такі прынцып – выратаванне тапельцаў ёсць справаю рук саміх тапельцаў. У нашым выпадку гаворка ідзе, у першую чаргу, пра суайчыннікаў-інвалідаў. І гэта без жартаў. 

Каментаваць