Інвалід побач? Лепш не трэба

У Беларусі да людзей з інваліднасцю грамадства ставіцца з адценнем негатыву, пра гэта сведчаць вынікі апытання НІСЭПД. Апытанне праводзілася з 24 верасня па 3 кастрычніка, у ім удзельнічала больш за 1,5 тысячы жыхароў Беларусі.
 



Сяргей Драздоўскі


Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі паведаміў, што каля траціны рэспандэнтаў лічаць, што інваліды павінны жыць у закрытых установах. Прыкладна столькі ж упэўнены, што людзям з інваліднасцю патрэбна пастаянная апека з боку навакольных. Прыкладна ў траціны апытаных зносіны з інвалідамі выклікаюць псіхалагічны дыскамфорт. Столькі ж думаюць, што большасць інвалідаў не вельмі імкнецца да зносін са здаровымі людзьмі. Больш траціны ўдзельнікаў апытання адзначылі, што, калі бачаць чалавека з інваліднасцю, ім міжволі хочацца адвесці позірк. Больш за 17% сказалі, што ніякіх адносінаў з людзьмі з інваліднасцю яны не збіраюцца падтрымліваць.


Сяргей Драздоўскі бачыць прычыны захавання дыскрымінацыі ў страху большасці перад узаемадзеяннем з непадобнай на іх групай, а таксама недастатковыя намаганні з боку дзяржавы па адаптацыі інвалідаў у грамадстве. Каб выправіць апошняе, неабходна заканадаўча замацаваць у Беларусі паняцце дыскрымінацыі і ўстанавіць адказнасць за яе праявы.

Паводле яго слоў, Беларусь з’яўляецца апошняй краінай Еўропы, якая не далучылася да Канвенцыі ААН па правах інвалідаў. Каардынатар офіса нагадаў, што на працягу апошніх гадоў прадстаўнікі дзяржорганаў Беларусі абмяркоўвалі магчымасць далучэння да гэтага дакумента, аднак гэты крок увесь час адкладаецца. Так, па словах Драздоўскага, чыноўнікі заяўляюць, што «спачатку мы ўдасканалім наша жыццё настолькі, што як прымем канвенцыю, то ў нас яна будзе аўтаматычна выконвацца».

«Гэта не пытанне рэзкага радыкальнага рэвалюцыйнага кроку, а пытанне прызнання гонару, годнасці людзей з інваліднасцю ў нашай краіне. Гэта, у першую чаргу, заява дзяржавы аб тым, што яна мае намер і ў далейшым ісці па шляху гуманізацыі адносінаў да людзей з інваліднасцю і эфектыўна вырашаць праблемы ў грамадстве», — гаворыць Сяргей Драздоўскі.

Дарэчы, апытанне паказала, што хаця беларусы і не надта талерантныя да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, тым не менш многія маюць інвалідаў у сваім акружэнні.

Звярталіся да рэспандэнтаў і з пытаннем, ці гатовыя яны сумесна вучыць дзяцей з інваліднасцю і дзяцей без інваліднасці. Адказы «за», «супраць», «не ведаю» падзяліліся прыкладна ў аднолькавай прапорцыі. Больш часта супраць сумеснага навучання выступаюць менавіта бацькі дзяцей з інваліднасцю.

Спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю пазітыўным лічаць той факт, што апытаныя часта сустракаюць людзей з інваліднасцю ў грамадскіх месцах, то бок інваліды ўсё ж не нябачныя ў сучасным свеце.




«Для нас было важнае пытанне, як менавіта грамадскасць бачыць безбар’ернае асяроддзе. Мы папрасілі ацаніць ступень забяспечанасці безбар’ернага асяроддзя. І большасць ацаніла альбо «зусім дрэнна», альбо «дрэнна». Гэта паказвае, што нават для сярэдняга грамадзяніна відавочна, што безбар’ернае асяроддзе сёння не забяспечана ў патрэбнай меры», — тлумачыць Сяргей Драздоўскі.

Цешыць, што беларусы разумець: быць чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі — гэта значыць мець праблемы з сацыяльнай уключанасцю. Так, на думку апытаных, інваліды ў пераважнай большасці выпадкаў маюць праблемы з матэрыяльным забеспячэннем, атрыманнем адукацыі, працаўладкаваннем. Яны часта сутыкаюцца з ізаляванасцю ад культурнага жыцця і забаў, няроўным, прыніжаючым годнасць абыходжаннем.


 

Каментаваць