Пінчук: Салідарнасць — гэта тое, што падтрымлівае Алеся ў вязніцы

2 чэрвеня ў межах Глабальнага форуму, які праходзіць ва Ўроцлаве, адбылося ўручэнне ўзнагародаў Свабоды. Летась гэтую ўзнагароду, сярод іншых, атрымаў кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які неўзабаве пасля форуму быў арыштаваны і асуджаны да турэмнага зняволення.



2 чэрвеня ў межах Глабальнага форуму, які праходзіць ва Ўроцлаве, адбылося ўручэнне ўзнагародаў Свабоды. Летась гэтую ўзнагароду, сярод іншых, атрымаў кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які неўзабаве пасля форуму быў арыштаваны і асуджаны да турэмнага зняволення.

Сёлета лаўрэатамі сталі Амерыканскі Фонд падтрымкі дэмакратыі, віцэ-прэзідэнт італьянскага Сенату і кіраўнічка фонду арабскай дэмакратыі Эма Баніна і Ўладзіслаў Барташэўскі, былы міністр замежных спраў Польшчы, старшыня міжнароднай рады Нацыянальнага музею Асвенцыма. Акрамя таго ўзнагародай Свабоды быў завочна ўганараваны туніскі народ у асобе прэзідэнта краіны Монсэфа Марзукі.


Падчас цырымоніі ўручэння сёлетніх узнагародаў адбылася адмысловая акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім, у якой узяла ўдзел яго жонка Натальля Пінчук.


Падчас форуму спадарыня Пінчук адказала на некалькі пытанняў «Свабоды»


— Наталля, на ваш погляд такія імпрэзы, як сённяшняя — ці могуць яны паўплываць на беларускія ўлады, каб яны вызвалілі вашага мужа, ці наадварот — гэта іх будзе толькі раздражняць, зліць?


— Прадказаць чые-небудзь дзеянні, думкі я даўно не збіраюся, ў тым ліку і нашых уладаў. Я сваю задачу бачу ў іншым — рабіць усё тое, што ў пэўнай ступені можа дапамагчы Алесю ў той складанай сітуацыі, ў якой ён апынуўся.


— А ў чым складанасць яго сітуацыі? Аляксандр Лукашэнка нядаўна казаў, што вызваліць тых, каго Захад лічыць палітвязнямі, калі яны напішуць прашэнні аб памілаванні. Складанасці звязаныя з гэтым ці проста з умовамі турмы?


— Менавіта з умовамі турмы. Гэта цяжкае выпрабаванне . Таму і хацелася б, каб Алесь і іншыя палітвязні былі вызваленыя.


— А які стан яго здароўя — вось на апошні час, калі вы з ім спаткаліся?


— Яго здароўе як раз выклікае ў мяне найбольшы клопат, таму што і падчас спаткання, і падчас тэлефанавання я чула ў яго такі хваравіты кашаль. Раней у яго гэтага не было і я гэтым вельмі занепакоеная.


— А якія ў яго, паводле вашых звестак, стасункі з сукамернікамі?


— Я не магу сказаць, бо ня ведаю канкрэтна. Адзінае, што той узмоцнены кантроль, які ўсталяваны за ім адміністрацыяй турмы, цягне за сабой абмежаванне кантактаў з іншымі зняволенымі. І гэта стварае цяжкую псіхалагічную сітуацыю. Ціск робіцца разнастайны. Паводле закону доўгатэрміновае спатканне з жонкай можа доўжыцца тры дні, а былі дадзеныя толькі адны суткі.


— Вы адчуваеце салідарнасць людзей з Беларусі і з-за мяжы?


— Адназначна адчуваю. Салідарнасць — гэта тое, што падтрымлівае Алеся ў вязніцы. Людзі актыўна яму пішуць. Тое, што імя Алеся на слыху, і сённяшняя цырымонія — гэта гаворыць аб той увазе, ў цэнтры якой знаходзіцца Алесь.


— Вяртаючыся да гэтай заявы Лукашэнкі наконт прашэння аб памілаванні: ці ёсць на Алеся ціск, каб ён падпісаў такое прашэнне, і ці параілі б яму вы яго падпісаць?


— Наконт ціску канкрэтна сказаць не магу. Адзінае, што магу сказаць, што на момант 17 траўня, калі ў мяне было спатканне з ім, прашэнне не было падпісанае. Што тычыцца маёй думкі, то якой бы яна ні была, я ня маю права яе фармуляваць і аказваць які-небудзь ціск на Алеся. Гэта яго ўласны выбар у тым ці іншым выпадку.

Svaboda.org


 

Каментаваць