ІП страйкуюць і рыхтуюцца да мітынгаў

Вынікі года індывідуальныя прадпрымальнікі падводзяць акцыямі пратэсту. У сераду, 10 снежня, па дадзеных арганізатараў страйку, не працавалі каля 40 працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў.



прадпрымальнікі


Вынікі года індывідуальныя прадпрымальнікі падводзяць акцыямі пратэсту. У сераду, 10 снежня, па дадзеных арганізатараў страйку, не працавалі каля 40 працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў.

На 15 снежня ў сталіцы запланаваны мітынг прадпрымальнікаў. Прычынаю пратэстаў стала тое, што з першага студзеня 2009 года страчвае сілу пункт 3 указа № 285 ад 18 чэрвеня 2005 года, такім чынам адмяняецца фіксаваная стаўка падатку на ўвоз тавараў з Расіі, адкуль завозіць тавары большасць дробных гандляроў. Ад новага года яны мусяць мець на кожны тавар накладныя дакументы і выплачваць адпаведныя падаткі. Для працы ІП гэта вялікая перашкода, бо тавары яны набываюць у асноўным у такіх жа дробных гандляроў, якія не маюць магчымасці забяспечыць беларускіх калег адпаведнымі дакументамі. Акрамя таго, з 1 студзеня 2008 года індывідуальныя прадпрымальнікі не могуць прыцягваць больш трох наёмных працаўнікоў, якія, да таго ж, павінны быць блізкімі сваякамі.

Страйк у Міжнародны дзень правоў чалавека ініцыявала ГА «За вольнае развіццё прадпрымальніцтва» пад кіраўніцтвам Віктара Гарбачова, а таксама Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў на чале з Аляксандрам Макаевым. Як паведамілі інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН арганізатары страйку, 10 снежня часткова не працавалі прадпрымальнікі на буйных рынках у Мінску, Барысаве, Слуцку, Салігорску, Пінску, Віцебску. Прадпрымальнік Аляксандр Цацура з Салігорску паведаміў карэспандэнту «НЧ», што каля 95 працэнтаў гандляроў на гарадскім рынку не выйшлі на працу. Некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся каля гарвыканкама і перадалі ўладам горада дакументы з пералікам сваіх патрабаванняў. «Здаецца, чыноўнікі нас падтрымліваюць, бо яны таксама разумеюць, што працаваць у новых умовах будзе немагчыма, — адзначае прадпрымальнік. — Людзі ведаюць, што 15 снежня ў Мінску будзе мітынг, і калі нічога не зменіцца, то гатовыя ехаць у сталіцу і пратэставаць ужо там».

Юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін лічыць, што калі ў наступным годзе пагоршыцца сітуацыя ва ўнутраным гандлі, то дакладна назваць яе прычыны будзе складана. «Я думаю, што з-за крызісу будуць такія праблемы, прычыну якіх вызначыць цяжка — ці гэта адбылося з-за абмежавання ўмоў працы дробнага бізнесу, ці з-за агульнай макраэканамічнай сітуацыі, — адзначае эксперт. — Што тычыцца імкнення такім спосабам вывесці дробны гандаль з ценю, то гэта неапраўдана. Існуе мноства схем, як, маючы на руках дакументы на тавар, можна прадаваць неаформленыя партыі. Гэтыя схемы ведаюць нават студэнты акадэміі МУС». Не лічыць Сяргей Балыкін важкім аргументам пераход прадпрымальнікаў і гандляроў у катэгорыю беспрацоўных: «Наўрад ці ўсе прадпрымальнікі кінуцца станавіцца на біржу працы. А паказчыкі беспрацоўя ў нас вызначаюцца па афіцыйнай статыстыцы. Такім чынам, агульная статыстычная карціна не надта зменіцца».

Лідэр Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў гаворыць, што галоўнае патрабаванне ІП — пакінуць цяперашнія ўмовы працы і прыняць закон аб малым бізнесе, які дазволіць дробным гандлярам больш-менш стабільна працаваць. «Мы разлічваем, што ў «Маршы прадпрымальнікаў» 15 снежня прымуць удзел некалькі тысяч чалавек. Хацелася б дзесяткаў тысяч, але гэта малаверагодна. Прадпрымальнікі мусяць зразумець, што без салідарнасці нам не адстаяць сваіх правоў. Каб нечага дабіцца, нам засталося толькі страйкаваць і ўдзельнічаць у вулічных акцыях», — адзначае прадпрымальнік. Разам з тым Аляксандр Макаеў падрыхтоўку да акцыяў пратэсту назваў «нездавальняючай».

У дзень страйку прадпрымальнікаў 10 снежня афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла інфармацыю, што Міністэрства эканомікі Беларусі прапаноўвае на год падоўжыць для індывідуальных прадпрымальнікаў палёгкавы рэжым увозу тавараў з Расіі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур на семінары Бізнес-саюза прадпрымальнікаў. «Мы ўнеслі праект указу, дзе 2009 год замяняецца на 2010», — паведаміў чыноўнік.

Калі пытанне ўмоў дробнага гандлю не вырашыцца цягам снежня, то ў пачатку студзеня 2009 года прадпрымальнікі абяцаюць правесці шэраг бестэрміновых акцый пратэсту.

Каментаваць