Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Па выніках 2017 года грамадзяне будуць аплачваць 100% кошту электраэнергіі

Таксама запланавана паступовае павышэнне тарыфаў на цеплавую энергію, паведаміў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, выступаючы 11 кастрычніка ў Менску на пленарным пасяджэнні XXII Беларускага энергетычнага і эканамічнага форуму.
Паводле слоў чыноўніка, сёння жыхары Беларусі плацяць 5,49 цэнта за кВт•гадз спажытай электраэнергіі — «самы нізкі тарыф на постсавецкай прасторы, ды і, напэўна, у свеце».

«Тарыф на цеплавую энергію для нашага насельніцтва ў чатыры разы ніжэйшы, чым для насельніцтва Расіі. Пры гэтым цана на газ для беларускіх энергетыкаў у два разы вышэйшая, чым для расійскіх і еўрапейскіх», — адзначыў ён.

Патупчык адзначыў, што гэта вынік перакрыжаванага субсідавання, якое мае на ўвазе больш нізкія тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва за кошт больш высокіх — для прадпрыемстваў. Так, толькі па выніках гэтага года аб’ём такога субсідавання складзе каля 750 млн долараў. Каб палегчыць цяжар, які ляжыць на прадпрыемствах, было вырашана цалкам адмовіцца ад гэтай сістэмы да 2020 года.

«Ужо па выніках 2017 года з улікам індэксацыі, якая была праведзена 1 верасня, і індэксацыі, якая мае адбыцца, з 1 снежня гэтага года па насельніцтве выйдзем на тарыф, які забяспечыць стопрацэнтнае пакрыццё затрат энергетыкаў, — паведаміў Патупчык. — Пры гэтым пачынаючы з наступнага года мы будзем разглядаць пытанне пра тое, якія будуць тарыфы для рэальнага сектара. Плануецца знізіць тарыфы для ўсяго рэальнага сектара эканомікі на 0,6 цэнта за кВт•гадз. Больш глыбокае зніжэнне тарыфаў будзе ажыццяўляцца для асобных спажыўцоў, якія маюць энергаёмістую вытворчасць».

«З улікам таго, што ў тарыфе на электраэнергію 3,5 цэнта складае скрыжаванне па цеплавой энергіі, мы плануем паслядоўна павышаць тарыфы для насельніцтва па цеплавой энергіі. Гэта будзе рабіцца з улікам росту даходаў нашых грамадзян», — дадаў міністр энергетыкі.

Пасля адмены перакрыжаванага субсідавання да моманту ўводу Беларускай АЭС тарыф на электрычную энергію для спажыўцоў у сферы прамысловасці, паводле слоў чыноўніка, складзе 7,25 цэнта за кВт•гадз.

«Гэта абсалютна прымальная велічыня, яна супастаўная з тарыфамі, што ўстаноўлены ў краінах Заходняй і Усходняй Еўропы, партнёраў па ЕАЭС», — падкрэсліў ён.


Паводле racyja.com

Каментаваць