Па году за патрон

Вярхоўны суд вынес вердыкт па гучнай справе Мікалая Аўтуховіча. Праваабаронца Алег Воўчак, які назіраў за працэсам, заявіў, што вынік судовага следства — частковая маральная і палітычная перамога грамадскай супольнасці, СМІ, праваабаронцаў.



6 мая Вярхоўны суд прыгаварыў Мікалая Аўтуховіча да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за незаконнае набыццё і захоўванне зброі і боепрыпасаў — пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Уладзімір Асіпенка асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за захоўванне і перавозку зброі і выбуховых рэчываў. Былы работнік фірмы Аўтуховіча Аляксандр Ларын і падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў атрымалі тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і два гады ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады адпаведна.

Галоўны вынік працэсу: суд зняў з Аўтуховіча і Асіпенкі абвінавачанні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі, а таксама ў арганізацыі падпалу дома экс-начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.

Для Беларусі крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэракту — інфармацыйная “бомба, якую ўлады маглі б выкарыстоўваць у стварэнні чарговых кампраментуючых матэрыялаў супраць нязгодных з дзеючым рэжымам асобаў. Аднак падчас адкрытага судовага разгляду (на гэтым настойвалі праваабаронцы) стала зразумела, што доказная база рассыпаецца на вачах. Пракурор патрабаваў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, для Асіпенкі і Ларына — 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Казлова — тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

З боку праваабаронцаў, журналістаў незалежных СМІ першапачаткова была вялікая ўвага да гэтай справы, пазней далучылася міжнародная супольнасць, дыпкорпус. Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан прысутнічаў у залі суда і так пракаментаваў вердыкт: “Для мяне важна, што знялі самыя цяжкія абвінавачанні — у падрыхтоўцы тэракта. Засталося толькі абвінавачанне ў незаконным захоўванні зброі, а яно трымаецца толькі на падставе паказанняў Ларына, якія суд прызнаў супярэчлівымі. І ўсё ж падаецца, што пяць гадоў зняволення за такое абвінавачванне — вельмі вялікі тэрмін.

«Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Міхаіл Казлоў — не партызанскі атрад, а група аднадумцаў, якая расследавала карупцыйныя справы ў рэгіёне, — лічыць праваабаронца Алег Волчак. — Падчас працэсу ў Вярхоўным судзе яны паказалі, што карупцыя пранікла ў самыя неверагодныя месцы, а менавіта ў падатковую сістэму. Яна зарабляе грошы для вертыкалі, то бок, як высветліў Аўтуховіч, частка грошай ідзе на абслугоўванне мясцовых чыноўнікаў, а частка — на іншыя патрэбы. Калі ў Аўтуховіча развіўся бізнес, яму сказалі: «Ты мусіш плаціць». Ён адмовіўся, і пасля пачаліся праблемы».

Па словах Волчака, Аўтуховіч раскрыў «крышаванне» бізнесу чыноўнікамі ў Гродзенскай вобласці. Размова ідзе пра падатковага інспектара Стасевіча, начальніка міліцыі Кацубу, старшыню гарвыканкаму Савельева, губернатара Брэсцкай вобласці Сумара ды іншых. «Улады напалохаліся, што гэтых людзей не спыніць, таму ім былі прад’яўленыя такія тэрміны. Гэтыя людзі раскрылі ценявую эканоміку, на якой трымаецца ўлада. Падчас працэсу да мяне падыходзілі людзі і гаварылі, што такое ж адбываецца ў іншых рэгіёнах Беларусі», — расказвае Алег Волчак.

Міхаіл Казлоў, па ацэнках Мікалая Аўтуховіча і праваабаронцаў, патрапіў за краты таму, што не пагадзіўся гуляць па правілах дзяржавы і пачаў займацца расследаваннем карупцыйных спраў. «Асіпенка сказаў пра Казлова: «Гэта не мент, а супрацоўнік міліцыі». Канешне, ён не змог адзін раскруціць гэту праблему і ў выніку патрапіў на лаву падсудных», — зазначае праваабаронца Волчак. Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў з’яўляецца былым кіраўніком упраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю па Гродзенскай вобласці. Яго прызналі вінаватым у тым, што ведаў пра магчымыя супрацьпраўныя дзеянні, аднак не прыняў захадаў, каб іх прадухіліць.

Праваабаронцы выказваюць перасцярогі наконт бяспекі жыцця абвінавачваемых: «У турме супраць Мікалая Аўтуховіча можа быць ужытая нейкая правакацыя, ён можа «ўпасці», ці здарыцца бойка са зняволенымі, ці раптоўны сардэчны прыступ — і мы нічога не зможам даказаць», — падкрэслівае Алег Волчак.

Што тычыцца Аляксандра Ларына, на паказаннях якога і грунтавалася абвінаваўчая база, то праваабаронцы заклікаюць не ацэньваць яго паводзіны адназначна адмоўна. «Мы не ведаем, што прымусіла гэтага чалавека так сябе паводзіць, набрацца нахабства ўмяшацца ў жыццё іншых людзей, абгаварыць іх, даваць такія паказанні, не ведаем усіх акалічнасцяў, таму Ларын такі ж кліент праваабаронцаў, як і астатнія фігуранты справы», — зазначае юрыст Алеся Мураўёва, прадстаўніца ініцыятывы «Прававая дапамога насельніцтву».

Праваабаронцы лічаць, што і Аляксандр Ларын будзе ў небяспецы, бо з’яўляецца сведкай таго, як «шылася» справа, ведае пра падтасоўку фактаў. Аляксандра Ларына затрымалі 31 студзеня 2009 года як падазронага ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня 2008 года на праспекце Пераможцаў у Мінску. Сувязі з гэтым злачынствам Ларын не прызнаваў, як і сваёй датычнасці да гранатамёту, які быў знойдзены ў Гродна ў 2005 годзе. Прызнаўчыя паказанні па гэтай справе Аляксандр Ларын пачаў даваць 24 лютага 2009 года. Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юрый Лявонаў (з яго праз паўгода былі знятыя абвінавачванні) былі затрыманыя 8 лютага 2009 года.

Канфлікт з уладамі Мікалая Аўтуховіча пачаўся яшчэ ў 2003 годзе, калі падатковая інспекцыя Ваўкавыска выставіла прадпрымальніку штраф памерам у мільён долараў. Падставай для гэтага сталіся нібыта парушэнні ў выплаце падаткаў. Гэта рашэнне Аўтуховіч абскарджваў у судах усіх інстанцый цягам двух гадоў, на знак пратэсту супраць несправядлівых рашэнняў абвяшчаў галадоўкі.

У кастрычніку 2005 года Мікалая Аўтуховіча арыштавалі. Па абвінавачванню ў нявыплаце падаткаў у ліпені 2006 года яго асудзілі да трох з паловай гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай на прадпрымальніцкую дзейнасць цягам 5 гадоў. У студзені 2008 года пакаранне было заменена на папраўчыя працы па месцы жыхарства.

У лютым 2009 года Аўтуховіч быў зноў арыштаваны па абвінавачванні ў падпале дома. Падчас цяперашняга судовага разгляду Мікалай Аўтуховіч заявіў, што ведае чалавека ў праваахоўных структурах, які можа даказаць, што крымінальную справу супраць яго фірмы ў свой час завялі на замову зверху. Быццам бы тагачасны кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю Анатоль Грамовіч даў загад сваім падначаленым завесці такую справу. «Інакш шукайце сабе іншую працу», — напісаў Грамовіч, па словах Аўтуховіча, у ДФР Гродзенскай вобласці. Летась Анатоль Грамовіч быў асуджаны да зняволення за злоўжыванні супрацоўнікаў Брэсцкай мытні.

Эксперты падлічылі, што паводле першай крымінальнай справы, заведзенай на Мікалая Аўтуховіча яшчэ ў 2003 годзе, яго пазбавілі маёмасці на агульную суму каля пяцісот тысяч долараў. «Канешне, у чалавека была злосць. Але вар’яцтвам было б звяртацца да Ларына, асобы з неадназначнай псіхікай, каб адпомсціць, страляць па дому чыноўніка з пляцоўкі, адкуль гэты дом не бачны.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Абаронцы Бацькаўшчыны» Аляксандр Камароўскі лічыць, што абвінавачванні Мікалая Аўтуховіча ў падрыхтоўцы тэракту супраць Васіля Каменкі і Уладзіміра Саўчанкі «маразматычныя», і былыя вайскоўцы так не дзейнічаюць. «Я занадта добра ведаю нашу брацію па ўсяму былому Савецкаму Саюзу. Ніводны з нас не будзе звязвацца з дробным крымінальнікам і не даручыць яму зброю, — заявіў Камароўскі журналістам. — Наогул, так тэракты не робяцца. Проста пад’язджаюць два чалавекі з аўтаматамі Калашнікава і ва ўпор расстрэльваюць таго, каго ім «замовілі». А тут — нейкі цырк прад’яўлялі».

Праваабаронцы, якія прысутнічалі на судовым працэсе, гавораць, што была вялікая колькасць працэсуальных парушэнняў, неправераных фактаў, многія сведкі адмовіліся ад ранейшых паказанняў, расказвалі пра ціск следства на іх. «Грамадству варта задумацца, чаму сядзіць менавіта Аўтуховіч? Яшчэ падчас працэсу ў 2006 годзе ў сваім заключным слове ён сказаў: «Гэты суд — вынік маёй барацьбы з карупцыяй у Гродзенскай вобласці». Цяпер мы бачым працяг, бо Аўтуховіч не супакоіўся, не спыніў сваёй выкрываючай дзейнасці супраць чыноўнікаў», — зазначае старшыня Цэнтра па правах чалавека Раіса Міхайлаўская.

P.S. Пасля суда былі затрыманыя Аляксандр Казулін, Мікола Дземідзенка, Аляксандр Макаеў. На іх склалі пратаколы за нецэнзурную лаянку (тыповы абсурд). 12 мая адбудзецца суд.

Праверка на ўваходзе ў памяшканне Вярхоўнага суда

 

Ланцуг салідарнасці каля будынку суда

 

Праваабаронцы Алег Волчак і Аляксандар Камароўсі

 

Людзі спакойна разыходзяцца пасля суда, але за Артурам Фінкевічам ужо крочаць міліцыянты. Вводаль – Аляксандр Казулін і Алег Волчак

 

Міліцыянты спрабуюць затрымаць Артура Фінкевіча і Мікалая Дземідзенку.

 

Затрыманне

Каментаваць