Паўнамоцтвы пісараў — дэпутатам

З паняццем «самакіраванне» Беларусь знаёмая яшчэ з часоў ВКЛ. Але за апошнія сто гадоў гэта «дурасць» была выбітая з мясцовых жыхароў, і цяпер да актыўнасці асобных грамадзян у лепшым выпадку ставяцца паблажліва. У горшым — караюць, каго псаваннем рэпутацыі і нерваў, а каго і крымінальным пераследам. Перад мясцовымі выбарамі на кандыдата ў дэпутаты Гродзенскага абласнога і Мастоўскага раённага Саветаў Алеся Зарэмбюка завялі крымінальную справу. Агітацыйная кампанія міксуецца з вобшукамі і допытамі.



З паняццем «самакіраванне» Беларусь знаёмая яшчэ з часоў ВКЛ. Але за апошнія сто гадоў гэта «дурасць» была выбітая з мясцовых жыхароў, і цяпер да актыўнасці асобных грамадзян у лепшым выпадку ставяцца паблажліва. У горшым — караюць, каго псаваннем рэпутацыі і нерваў, а каго і крымінальным пераследам. Перад мясцовымі выбарамі на кандыдата ў дэпутаты Гродзенскага абласнога і Мастоўскага раённага Саветаў Алеся Зарэмбюка завялі крымінальную справу. Агітацыйная кампанія міксуецца з вобшукамі і допытамі.

Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці завяло на Алеся Зарэмбюка крымінальную справу па артыкулу 209 частка 2 «Махлярства». «Беларускі рэжым цяпер не заводзіць крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў апазіцыі па палітычных артыкулах. І мая гісторыя, і гісторыя Аўтуховіча, і справа Андрэя Бандарэнкі, які балатаваўся ў парламент у 2008 годзе, пацвярджаюць гэта», — мяркуе кандыдат у дэпутаты мясцовага савету. Пасля вобшуку дома ў Алеся і яго бацькоў былі забраныя кампутар, банкаўскія карткі на яго імя, візітоўкі партнёраў, улёткі і нават значкі. Апошнія, несумнеўна, з’яўляюцца важным рэчавым доказам у расследаванні справы аб махлярстве.

Разам з Зарэмбюком «пад раздачу» патрапіў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты Мастоўскага райсавета Васіль Клімовіч. Яго выклікалі ў абласное ўпраўленне КДБ на допыт у якасці сведкі. У агульнаеўрапеўскіх палітычных умовах гэта можна было б назваць «чорным піярам», у беларускіх — ужываецца вызначэнне «пераслед».

Але падобныя дэтэктыўныя гісторыі наўрад ці цікавяць выбарцаў. «Большасць грамадзян не да канца разумеюць сэнс такога паняцця, як «самакіраванне», не разумеюць, што самі мусяць вырашаць мясцовыя праблемы і вызначаць, якім чынам ім жыць далей. Сацыяльна-палітычныя ўмовы не спрыяюць развіццю ініцыятывы і разуменню таго, што гарады і рэгіёны незалежна ад цэнтральнай улады мусяць самастойна вырашаць пытанні мясцовага значэння, — дзеліцца сваімі назіраннямі малады палітык. — Цяпер пасля крымінальнай справы людзі падумаюць, што я вар’ят. Жыў бы, як усе, не займаўся б палітыкай, і ўсё было б добра».

— Тое, што ў Беларусі называецца самакіраваннем, зусім не адпавядае класічнаму разуменню гэтага тэрміна ў еўрапейскай практыцы, — разважае Алесь Зарэмбюк, які, дарэчы, цяпер вучыцца ў магістратуры ЕГУ на курсе «Публічная палітыка». — У нас і мясцовыя саветы і дэпутаты мясцовых саветаў не валодаюць ніякай уладай і па вялікаму рахунку мала на што ўплываюць. Напрыклад, у Літве са складу дэпутатаў савета абіраецца мэр горада, які стварае выканкам і можа рэалізоўваць перадвыбарчую праграму большасці савета.

Увогуле, дэмакратычныя краіны ратыфікавалі паміж сабой Еўрапейскую хартыю аб мясцовым самакіраванні, якая гарантуе палітычную, фінансавую і адміністрацыйную незалежнасць органаў мясцовага самакіравання. У Беларусі дэпутат мясцовага савета — гэта перш за ўсё статус, які дазваляе звяртацца ў любыя дзяржаўныя ўстановы і атрымліваць тлумачэнні. Адсутнасць такога статуса дазваляе мясцовым уладам па-хамску адпісвацца па той ці іншай праблеме, з чым мне неаднаразова даводзілася сутыкацца.

У Беларусі не існуе самакіравання, што вельмі моцна змяншае эфектыўнасць працы на лакальным узроўні і не дазваляе беларускім рэгіёнам быць самастойнымі ад цэнтральнай улады. Напрыклад, для Мастоў найбольш актуальнымі з’яўляюцца праблемы беспрацоўя, якасці медабслугоўвання, паслуг ЖКГ. Але прававы статус мясцовых саветаў не дазваляе ім выконваць ролю самастойных органаў улады, таму, па вялікаму рахунку, не можа быць праблемаў, якія знаходзяцца выключна ў кампетэнцыі мясцовых саветаў».

У такіх умовах, на погляд Алеся, заслужыць давер выбарцаў і павагу ўлады ўсе ж мажліва — сістэмнай працай над вырашэннем звычайных, часам вельмі лакальных праблем.

«Асноўная работа дэпутата мясцовага савета ў Беларусі — гэта пастаянная перапіска па той ці іншай праблеме з рознымі ўстановамі і дзяржаўнымі інстытутамі, збор подпісаў жыхароў пад калектыўнымі зваротамі з патрабаваннем вырашэння праблемы. Па-іншаму ў Беларусі немагчыма дамагацца вырашэння мясцовых праблемаў, толькі правядзенне сустрэчаў, збор подпісаў і шматгадовая перапіска», — робіць Алесь высновы з уласнага дэпутацкага досведу. — Аднак супярэчнасці ў поглядах на дзяржаўны лад не перашкаджаюць многім асобам з другога боку ідэйных барыкад мець добрыя стасункі з апанентамі, што ў прынцыпе тыпова для нашых рэалій. Усё ж свае людзі, не чужыя. Любая ініцыятыва, якая ідзе не ад улады ці не падтрыманая ёй, не вітаецца. Выканкам вельмі раўніва ставіцца да перацягвання зонаў уплыву. А так, асабістыя кантакты з чыноўнікамі і супрацоўнікамі выканкама вельмі файныя, людзі ўсё разумеюць, але ж, на жаль, нічога не могуць зрабіць. Толькі ўздыхаюць і паціскаюць плячыма».

Каментаваць