Па новым коле: праект будаўніцтва беларускай АЭС зноў разабралі на хібы

Шэраг недзяржаўных арганізацый распачалі правядзенне грамадскай экалагічнай экспертызы праекта будаўніцтва АЭС у Беларусі. Спецыялісты з Беларусі, Украіны і Расіі апелююць да эканамічнай і экалагічнай немэтазгоднасці праекта і спадзяюцца, што іх пазіцыя будзе пачутая ва ўладных структурах.



Шэраг недзяржаўных арганізацый распачалі правядзенне грамадскай экалагічнай экспертызы праекта будаўніцтва АЭС у Беларусі. Спецыялісты з Беларусі, Украіны і Расіі апелююць да эканамічнай і экалагічнай немэтазгоднасці праекта і спадзяюцца, што іх пазіцыя будзе пачутая ва ўладных структурах.

Аднак ужо цяпер ініцыятыўная група сутыкнулася з праблемай дэфіцыту інфармацыі. У снежні мінулага года грамадскае аб’яднанне «Экадом» звярнулася ў Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і Дырэкцыю будаўніцтва атамнай электрастанцыі з запытам прадставіць неабходную дакументацыю, а таксама інфармацыю пра тэрміны правядзення Дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праекта будаўніцтва АЭС. Па словах кіраўніцы аб’яднання Ірыны Сухій, інфармацыі яны дагэтуль не атрымалі: запыт увесь час перакідваецца з адной інстанцыі ў другую. Пераадольваць сцяну непаразумення з мясцовым кіраўніцтвам ініцыятары грамадскай экалагічнай экспертызы збіраюцца абходнымі шляхамі — праз арганізацыі з іншых краін.

Восенню 2009 года да грамадскіх слуханняў у Астраўцы з нагоды пабудовы атамнай станцыі экспертамі беларускай партыі «Зялёныя», групы «Экаабарона», руху «Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь», грамадскага аб’яднання «Экадом» былі падрыхтаваныя крытычныя заўвагі да «Заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС». У высновах дакумента сцвярджалася, што «распрацоўшчыкі не змаглі забяспечыць прадастаўленне ў матэрыялах АУНА своечасовай, поўнай і сапраўднай інфармацыі аб плануемай дзейнасці і яе ўздзеянні на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей». У дзень грамадскіх слуханняў наклад з матэрыяламі крытычных заўваг быў канфіскаваны, а адзін з яго аўтараў расійскі інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі быў арыштаваны на некалькі сутак.

Няпоўная эканоміка

Падчас адкрытага пасяджэння камісіі грамадскай экалагічнай экспертызы праекта беларускай АЭС было заяўлена, што абгрунтаванне неабходнасці будаўніцтва станцыі ў Беларусі праведзена некарэктна. У прыватнасці няправільна ацэненыя сучасныя тэндэнцыі сусветнай энергетыкі, у Беларусі няма тэндэнцыя да росту энергаспажывання, да таго ж не ўлічана неабходнасць адаптацыі энергасістэмы Беларусі да з’яўлення новай буйной крыніцы энергіі. «Праекціроўшчыкі сыходзяць з таго, што будзе расці спажыванне электраэнергіі. Аднак прагнозы паказваюць, што ў Беларусі не чакаецца рэзкага росту энергаспажывання, тым больш што дзейнічае адпаведная праграма па энегазберажэнню, якая прадугледжвае павелічэнне выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі», — падкрэсліў сябра экспертнай рады Аляксей Яблыкаў, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, прафесар, кіраўнік «Праграмы па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы» міжнароднага Сацыяльна-экалагічнага саюза.

Эксперты прыйшлі да высновы, што праект будаўніцтва станцыі неабгрунтаваны і з эканамічнага боку. «У Расіі атамная энергетыка атрымлівае датацыі з бюджэту, частка з іх наўпрост прапісана ў бюджэце, частка — схавана. У такой сітуацыі апынецца і Рэспубліка Беларусь, калі раптам абзавядзецца атамнай энергетыкай. Гэта з’ява, якая прызнана эканамістамі ва ўсім свеце, — сцвярджае інжынер-фізік, каардынатар праектаў міжнароднай групы «Экаабарона» Андрэй Ажароўскі. — Канчатковы кошт будаўніцтва атамнай станцыі часта бывае істотна вышэйшы за першапачатковы варыянт. Прычына гэтага простая: заяўлены кошт — дэмпінгавы. Вытворцам атамнай энергетыкі выгодна паказаць, што іх дзейнасць быццам бы эканамічна апраўданая, таму першапачатковы кошт заяўляецца вельмі нізкім. Яркі прыклад — незавершанае будаўніцтва еўрапейскага рэактара. Кошт яго будаўніцтва ўжо падыходзіць да таго, каб быць большым у два разы за заяўлены. І няма канца і краю дадатковым выдаткам, якія нясе кампанія, што будуе гэтую станцыю».

Навуковец звяртае ўвагу, што ў кошт атамнай энергіі не ўключаюцца два віды расходаў. Першае — выдаткі на вывад станцыі з эксплуатацыі. У якасці прыкладу прыводзілася Літва, якая не можа вывесці з эксплуатацыі Ігналінскую АЭС за свой кошт і бярэ на гэту працэдуру грошы ў Еўрасаюза. Таксама ў беларускім праекце ў кошт энергіі не ўваходзіць абыходжанне з радыеактыўнымі адкідамі, няма ацэнкі эканомікі магчымай адпраўкі адпрацаванага радыеактыўнага паліва на перапрацоўку ў Расію і вяртанне адкідаў перапрацоўкі назад у Беларусь ды будаўніцтва адмысловых магільнікаў для яго захоўвання. «Калі ўлічыць усе гэтыя моманты, то праект будзе нятанны не толькі з экалагічнага пункту гледзішча, але і з эканамічнага», — падкрэслівае Ажароўскі.

І людзям, і рыбам

Аўтары папярэдняга заключэння грамадскай экалагічнай экспертызы праекта будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі звяртаюць увагу, што ў Беларусі няма адпаведнай нарматыўнай базы, якая б рэгулявала развіццё атамнай энергетыкі. Размова ідзе пра адсутнасць закона аб абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі і адпрацаваным ядзерным палівам. Не вырашана пытанне і пра адказнасць дзяржавы і арганізацыі, якая эксплуатуе станцыю, за магчымыя шкоды. «У нормах радыяцыйнай бяспекі не знайшлі адлюстраванне апошнія навуковыя дадзеныя пра ўздзеянне малых доз радыяцыі, — гаворыцца ў дакуменце. — Апроч таго, нормы радыяцыйнай бяспекі заснаваныя на «мадэлі» ўплыву радыяцыі на белага здаровага мужчыну 20-ці гадоў — гэта значыць, не ўлічваецца ўздзеянне на больш уразлівыя пола-ўзроставыя і этнічныя групы (дзеці, жанчыны, іншыя расы)». Экспертная рада прыйшла да высновы, што тэхналогія вода-вадзянога рэактара, які і мяркуецца пабудаваць у Беларусі, — небяспечная: «АЭС 2006» на аснове новага тыпу рэактарнай устаноўкі (ВВЭР–1200) нідзе ў свеце не была пабудавана і не была выпрабавана на практыцы. Беларусі прапануецца стаць выпрабавальным палігонам Росатама».

Паводле разлікаў навукоўцаў, АЭС вылезе бокам не толькі чалавеку. Іхтыёлаг, каардынатар праектаў ССВ Coalition Clean Baltic па захаванні Атлантычных ласосяў у Беларусі Ніна Палуцкая сцвярджае, што будаўніцтва атамнай станцыі ў раёне Віліі справакуе знікненне ў Беларусі рэдкіх відаў рыб (атлантычных ласосяў), якія прыходзяць сюды на нераст. «У Заяве аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе няма падліку шкоды ў грашовым эквіваленце, які можа нанесці будаўніцтва станцыі каштоўным відам рыб у рацэ Вілія і яе прытоках. І гэта неабходна зрабіць. Але нават без такой адзнакі цалкам зразумела, што існаванне атлантычных ласосяў знаходзіцца пад пагрозай знікнення з тэрыторыі Беларусі», — гаворыць навуковец.

Беларуская АЭС патрэбная Расіі


Падчас паседжання экспертнай рады яе ўдзельнікі перайшлі ад пытанняў лакальных да сусветнага значэння. Прафесар, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, кіраўнік Праграмы па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міжнароднага сацыяльна-экалагічнага саюза Аляксей Яблыкаў заявіў, што «праз шэсць месяцаў пасля запуску атамнага рэактара, у прыватнасці тыпу ВВР, у паліве назапашваецца плутоній, які можна выкарыстоўваць для вытворчасці ядзернай зброі». «Па Канстытуцыі, Беларусь з’яўляецца бяз’ядзернай дзяржавай. Канстытуцыйны суд тлумачыць, што бяз’ядзерны статус краіны тычыцца толькі ядзернай зброі. Але ён не ўлічыў рэальнай сувязі атамных рэактараў з атамнай зброяй», — гаворыць прафесар Яблыкаў.

Навуковец сцвярджае, што будаўніцтва беларускай атамнай станцыі найперш выгодна расійскім атамшчыкам. Менавіта таму заплюшчваюцца вочы на многія недахопы праекту. «Расійскія атамшчыкі атрымаюць крэдыт на 4–5 мільярдаў долараў. Кіраўніцтву Беларусі гэта таксама выгодна, бо яно забярэ частку з гэтых грошай. Як яно імі будзе распараджацца, невядома, пытанні адносна мэтазгоднасці выкарыстання гэтых сродкаў пачнуцца пасля, а цяпер краіне неабходныя рэсурсы. Чаму Расія згодная выдаць такі крэдыт? Будаўніцтва АЭС неверагодна моцна прывяжа Беларусь да Расіі. Пастаўка атамнага паліва — Расія, абыходжанне з адкідамі — Расія. Дзіўна, што вашы спецыялісты не думаюць пра сітуацыю, якая склалася ў Арменіі, калі краіна не змагла аплаціць утылізацыю адпрацаванага паліва і набыццё новага. Расія фактычна атрымала ў кошт доўгу Армянскую АЭС. Гэта сітуацыя цалкам можа паўтарыцца ў Беларусі», — перасцерагае Аляксей Яблыкаў.

Сябры экспертнай рады не ўпэўненыя, што іх голас будзе пачуты ў вышэйшых эшалонах Беларусі, але спадзяюцца, што адмоўнае заключэнне экалагічнай экспертызы будзе вядомым шырокаму колу людзей і, магчыма, некага спыніць у прыняцці рашэнняў. Пакуль жа экспертная рада збіраецца «будаваць камунікацыю з уладамі так, каб яе было складана ігнараваць».

Каментаваць