Па праблеме адпісак абяцалі стварыць рабочую групу ў Адміністрацыі прэзідэнта

25 чэрвеня начальнік Галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Станіслаў Буко паведаміў актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, што бліжэйшым часам будзе створаная рабочая група па вывучэнню праблемы адпісак з органаў суду і пракуратуры на звароты грамадзянаў.



Актывісты сем гадзінаў чакалі аўдыенцыі ў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Касінца.

Раніцай 25 чэрвеня больш за 10 актывістаў ініцыятывы з розных рэгіёнаў краіны сабраліся ў прыёмным пакоі Адміністрацыі прэзідэнта з нагоды асабістага прыёму ў кіраўніка гэтай дзяржаўнай структуры Аляксандра Касінца. Напярэдадні грамадзяне ўпершыню звярнуліся з лістом да Аляксандра Касінца з просьбай аб аўдыенцыі, але атрымалі адмову. Дарэчы, за перыяд з верасня 2012 года гэта была 11-я адмова грамадзянам на іх просьбы аб сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.

Нягледзячы на такія адносіны чыноўніцтва да грамадзянаў, яны ўсе ж такі прыехалі ў сталіцу, каб дабіцца сустрэчы з Аляксандрам Касінцом. Людзей хвалявала адна праблема — адпіскі чыноўнікаў, у першую чаргу — суду і пракуратуры, на звароты грамадзянаў. Гаворка ідзе, у тым ліку, і пра адпіскі на наглядныя скаргі заяўнікаў па канкрэтных судовых справах.  

Паколькі прыём быў перанесены з 10.00 на 15.00, людзі вырашылі не разыходзіцца і дачакацца пачатку аўдыенцыі.  Хоць Аляксандр Касінец актывістаў ініцыятывы так і не прыняў, аднак паабяцаў стварыць рабочую групу, што разгледзіць судовыя справы грамадзянаў, якія шматкроць звярталіся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта з просьбай аб прыёме.

У каментары карэспандэнту НЧ юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што стварэнне рабочай групы прадугледжана Палажэннем аб Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Юрыстка нагадала, што рабочая група па праблеме адпісак ужо стваралася пры Адміністрацыі прэзідэнта ў 2011 годзе пасля сустрэчы з кіраўніком гэтага органа Уладзімірам Макеем актывістаў ініцыятывы. “Аднак праблема адпісак у поўным аб’ёме на той час так і не была вырашаная. Таму мы былі вымушаныя цягам пяці гадоў сістэматычна звяртацца і прыходзіць у Адміністрацыю Прэзідэнта, а таксама праводзіць пікетаванні ў цэнтры Мінска”, — сказала Тамара Сяргей. 

Абмеркаванне:

  • Санкевич
  • 2015-06-26 17:16:47
Хочется верить что эта группа будет встречаться с нами, а не так как было в 2011 году! Была создана группа возглавляемая Мицкевичем, вот только с нами ни кто не встречался и не общался, а в отписке
были указаны фамилии некоторых граждан с которыми яко бы проводились встречи!
  • Коваленко
  • 2015-06-26 17:30:57
Ошибки исправлять никогда не поздно. Будем надеяться, что на этот раз должностные лица Администрации Президента сдержат своё слово.

Каментаваць