Па правілах Мінска...

Дыялог Еўрасаюза і Беларусі ідзе на ўмовах Мінска. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак падчас свайго візіту ў Беларусь.

«Лайчак сказаў, што дыялог паміж Бруселем і Мінскам зараз ідзе на ўмовах Лукашэнкі, і ў гэтым ён бачыць недахоп. Слабы Лукашэнка вызначае фармат і парадак дня дыялога з палітычна і эканамічна моцным Бруселем», — падзяліўся з журналістамі БелаПАН фактамі размовы з дыпламатам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.



Дыялог Еўрасаюза і Беларусі ідзе на ўмовах Мінска. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак падчас свайго візіту ў Беларусь.

«Лайчак сказаў, што дыялог паміж Бруселем і Мінскам зараз ідзе на ўмовах Лукашэнкі, і ў гэтым ён бачыць недахоп. Слабы Лукашэнка вызначае фармат і парадак дня дыялога з палітычна і эканамічна моцным Бруселем», — падзяліўся з журналістамі БелаПАН фактамі размовы з дыпламатам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле слоў палітыка, спадар Лайчак падкрэсліў, што змены, якія адбываюцца ў Беларусі, «носяць касметычны характар». «Ён выступіў за тое, каб у Беларусі пачалі адбывацца незваротныя перамены», — паведаміў Лябедзька. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі Міраславу Лайчаку былі перададзеныя прапановы Аб’яднаных дэмакратычных сіл па нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС, а таксама «дарожная карта» па ўступленні Беларусі ў Савет Еўропы. «Міраслаў Лайчак адзначыў, што яму было важна перад сустрэчамі з прадстаўнікамі ўлады даведацца пра нашу пазіцыю. Вынікамі свайго візіту ў Беларусь ён падзеліцца з Карлам Більтам — міністрам замежных спраў Швецыі, якая цяпер старшынствуе ў ЕС», — расказаў палітык.

Таксама кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Славакіі Міраслаў Лайчак меў сустрэчу з лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам. Апошні, у сваю чаргу, адзначыў у размове з дыпламатам, што лібералізацыя ў Беларусі мае павярхоўны характар, сістэмных і структурных зрухаў не адбываецца. У краіне па-ранейшаму ёсць палітычныя зняволеныя, на месцы стаіць справа ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, праблемы з рэгістрацыяй маюць палітычныя партыі і НДА, недзяржаўныя газеты не маюць доступу да манапалізаванай сістэмы распаўсюду. Аляксандр Мілінкевіч выказаў меркаванне, што дынаміка і інтэнсіўнасць супрацоўніцтва з Еўрасаюзам павінны наўпрост залежаць ад канкрэтных крокаў беларускіх уладаў па набліжэнні да еўрапейскіх стандартаў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі.

«Славакія працягвае Беларусі руку добрасуседскага сяброўства і супрацоўніцтва, і мы вельмі спадзяемся, што гэты жэст не застанецца незаўважаным», — заявіў міністр замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак, выступаючы на беларуска-славацкім эканамічным форуме. Славакія з самага пачатку падтрымлівала пацяпленне адносінаў паміж ЕС і Беларуссю. Дзякуючы жаданню ЕС развіваць дыялог з афіцыйнымі і дзелавымі коламі Беларусі, двухбаковыя славацка-беларускія кантакты «набываюць доўгачаканую інтэнсіўнасць і глыбіню».

«Мы, славакі, шчыра хочам развіваць з Беларуссю ўзаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва, заснаванае на ўзаемнай павазе і суверэнным праве кожнай дзяржавы вызначаць уласныя нацыянальныя інтарэсы», — падкрэсліў міністр. Спадар Лайчак лічыць, што Славакія і Беларусь маюць вялікую перспектыву далейшага паглыблення двухбаковых дзелавых кантактаў. Паводле слоў міністра, у Мінск ён прывёз прапановы з пералікам галінаў, у якіх славацкі бок бачыць магчымасці супрацоўніцтва ў рамках «Усходняга партнёрства». Цяпер у Славакіі чакаюць адказ беларускага боку. «Усходняе партнёрства» — гэта сур’ёзная ініцыятыва ЕС, тут ёсць магчымасці, якія «мы не павінны ўпускаць», — лічыць дыпламат. Найперш славацкі бок цікавяць энергетыка, машынабудаванне, чыгуначнае будаўніцтва, турызм, банкаўская сфера. Аб’ём узаемнага гандлю летась дасягнуў амаль 175 мільёнаў еўра, у параўнанні з 2007 годам гэта больш чым на 20 працэнтаў.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргей Мартынаў падчас сустрэчы з журналістамі заявіў: «Эканамічнае супрацоўніцтва з’яўлялася адной з галоўных, калі не адной з найважнейшых нашых тэм... Мы вызначыліся наконт узмацнення ўзаемадзеяння ў рамках «Усходняга партнёрства», папрацуем над пэўнымі праектамі, якія ў рамках гэтай рэгіянальнай ініцыятывы будуць цікавіць і Славакію, і Беларусь. Разлічваем, што наша ўзаемадзеянне, паколькі мы разглядаем Славакію як суседнюю краіну, нягледзячы на адсутнасць непасрэдных межаў, павінна быць важным фактарам ва ўмацаванні адносінаў Беларусі і Еўрасаюза».

Візіт славацкага дыпламата быў абумоўлены не толькі эканамічным, але і палітычным складнікам. Праз месяц будзе абмяркоўвацца магчымасць скасаваць ці захаваць санкцыі ЕС у адносінах да Беларусі. Такім чынам, інфармацыя, якую Лайчак прадставіць Бруселю, стане адным з фактараў, што вызначыць далейшы ход развіцця адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.
 

Каментаваць