Паасобку і разам

Упершыню за многія гады падрыхтоўка да Дня Волі адбываецца без удзелу аргкамітэта. Таму суб’екты Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ды іншыя арганізацыі распрацоўваюць уласную канцэпцыю адзначэння 25 сакавіка. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.



Упершыню за многія гады падрыхтоўка да Дня Волі адбываецца без удзелу аргкамітэта. Таму суб’екты Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ды іншыя арганізацыі распрацоўваюць уласную канцэпцыю адзначэння 25 сакавіка. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.


Кіраўніцтва партыі БНФ яшчэ на пачатку лютага заявіла, што падае заяўку на правядзенне мітынгу і шэсця, стварае аргкамітэт, да працы якога будуць запрошаныя ўсе ахвочыя. Але пакуль ніякіх прапаноў да іншых суб’ектаў палітычнага поля не паступала. Анатоль Лябедзька расказаў, што прапануецца стратэгія, якая, на яго думку, дазволіць далучыць да акцыі многа людзей і арганізацый. Не робіцца акцэнт на арганізатараў, кожны рыхтуе свае інфармацыйныя матэрыялы, дзе найперш дэкларуецца час і месца збору: 25 сакавіка а 18-й гадзіне каля Акадэміі навук. На акцыю плануецца прыйсці з пакетам прапаноў кіраўніцтву Беларусі: антыкрызіснымі мерамі, зменамі ў заканадаўства.


Лідэр кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў прытрымліваецца такой жа пазіцыі: «Хай кожны выйдзе са сваімі патрабаваннямі, але адзінай калонай. У нас ёсць праблемы, і мы будзем пра іх гаварыць 25, 26 сакавіка і надалей. Мы звяртаемся не толькі да прыхільнікаў нашай кампаніі, але і да іншых прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху далучыцца да нас на Дзень Волі».


Пра свой намер удзельнічаць у падрыхтоўцы святкавання Дня Волі заявілі старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз Чарнобыль — Беларусь» Аляксандр Валчанін, юрыст і прадстаўнік руху афганцаў «Абаронцы Айчыны» Алег Волчак. Алег Волчак папярэдзіў пра магчымыя правакацыі, якія могуць быць арганізаваныя быццам бы ад імя афганцаў. «Апошнім часам спецслужбы актыўна апрацоўваюць афганскі рух, быццам бы мы збіраемся ўчыняць правакацыі, выбухі, падпалы. Але мы да гэтага ніякага дачынення не маем. Прад’яўлена абвінавачванне Аўтуховічу. Выявілася, што ў нас быццам бы былі цэлыя склады зброі, якую мы рыхтавалі да 25 сакавіка. Заяўляю, што ўсё гэта няпраўда. Мы — людзі мірныя», — падкрэсліў прадстаўнік руху афганцаў «Абаронцы Айчыны».


Анатоль Лябедзька лічыць, што толькі агульная, аб’яднаная пазіцыя дазволіць дагрукацца да ўладаў. «Калі акцыя будзе ўдалай, масавай, гэта азначае, што да «чырвонага дома» дойдуць асобныя пасланні. Улада не пачуе невялікую групу прадпрымальнікаў, чарнобыльцаў, партыі. Яна прыслухваецца толькі да тых, у кім адчувае сілу», — заявіў старшыня АГП.

Каментаваць