Пачаўся разгляд заявы Логвінава

Слуханні па заяве выдавецтва “Логвінаў” аб вяртанні ліцэнзіі пачаліся 18 лістапада а 12-й гадзіне ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.



Перад пачаткам суда. Андрэй Бастунец (злева) прадстаўляе інтарэсы выдавецтва ў судзе. Фота Б. Гарэцкага.


12:00 Падтрымаць выдавецтва ў судзе прыйшлі Уладзімір Арлоў,Альгерд Бахарэвіч, Вольга ШпарагаВіка ТрэнасЮлія Цімафеева,Юлія Дарашкевіч і многія іншыя вядомыя літаратары і журналісты. 

Ахоўнікі прапускалі людзей ў будынак суду выключна па пашпартах. Журналістам жа яны загадалі пакінуць фота- і відэаапаратуру ў гардэробе. На пярэчанне юрыста ГА “БАЖ” Андрэя Бастунца пра тое, што рашэнне пра забарону весці здымкі ў працэсе судом яшчэ не прынятае, мужчына ў цывільным, які ажыццяўляў пропуск грамадзянаў, заявіў, што для фота- і відэаздымкі неабходна акрэдытацыя ў судзе. Гэты чалавек адмовіўся прадставіцца і назваць ведамства, якое ён прадстаўляе.

13:00

Пасля пачатку судовага працэсу суддзя Таццяна Праташчыкзапатрабавала ва ўсіх трох дзясяткаў прысутных пашпарты. Дадзеныя ўсіх прысутных перапісалі, просячы кожнага назваць сябе і адказаць на пытанне, чаму яны прыйшлі ў суд.

На гэта пісьменнік Уладзімір Арлоў устаў, назваў сябе і адзначыў, што ён прадстаўляе пісьменніка Ўладзімера Арлова. Суддзя пасміхнулася і адказала: “Мы ведаем”.

Пасля гэтага ў судзе ў якасці сведкі выступіла фатограф Юлія Дарашкевіч. Яна распавяла пра конкурс “Прэс-фота Беларусі” і яго аўтарытэтнае журы, выдадзеныя альбомы. Адзначыла, што не згодная з рашэннем суда ў Ашмянах, які прызнаў альбом “Прэс-фота Беларусі 2011” экстрэмісцкім.

Юлія Дарашкевіч таксама распавяла, што большасць надрукаваных у альбоме фотаздымкаў раней ужо публікаваліся ў афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі сродках масавай інфармацыі, альбом абсалютна легальна ўвозіўся на тэрыторыю Беларусі, больш года прадаваўся ў многіх мінскіх кнігарнях, дзе да яго не ўзнікала ніякіх прэтэнзій.

13:25

У судзе выступіў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Ён адзначыў, што не лічыць сённяшні працэс нейкім шараговым, бо слуханні ў судзе вядуцца вакол аўтарытэтнага выдавецтва, добра вядомага ў Беларусі і за мяжой.

“Выдавецтва працуе чатырнаццаты год. За гэты час былі выдадзеныя каля 700 кніг. Выдавецтва з’яўляецца адным з лідараў па выданні мастацкай літаратуры па беларускай мове. Больш за 50% кніг ў выдавецтве выходзіць па-беларуску. Лічу гэта важкім унёскам у беларускую культуру. Выдавецтва Логвінаў — гэта больш, чым выдавецтва. Яно наладзіла сотні прэзентацый сваіх кнігі і арганізавала шмат іншых мерапрыемстваў і культурных акцый, якія ме­лі значны розгалас.

Я магу бы многа іншых фактаў прывесці пра ўнёсак выдавецтва ня толькі ў кнігавыдавецкую справу, але і ў беларускую культуру. Але абмяжуюся тым, што, высокі суд, вашае рашэнне, якое дазволіла б працягваць выдавецтву сваю працу, будзе адначасова і рашэннем у падтрымку нашай беларускай культуры”, — адзначыў Уладзімір Арлоў.

14:40

У судзе выступіў прадстаўнік Ігара Логвінава Андрэй Бастунец. Ён папрасіў прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі паведаміць, хто менавіта з сябраў калегіі Мінінфармацыі галасаваў за пазбаўленне Ігара Логвінава ліцэнзіі? Ці было тое рашэнне правамоцным?

На гэта прадстаўнікі Мінінфармацыі паведамілі, што не павінны прадстаўляць у суд пратаколы пасяджэнняў калегіі, але пасяджэнні адбываюцца ў заканадаўстве.

Пасля гэтага суддзя Таццяна Праташчык адхіліла некалькі пытанняў Андрэя Бастунца да прадстаўнікоў Мінінфармацыі адносна законнасці правядзення калегіі, што пазбавіла Логвінава ліцэнзіі. “Правамоцнасць паседжання пацверджаная подпісам міністра”, — адзначае суддзя.

Бастунец: «Зацікаўлены бок па справах такога кшталту мусіць давесці, што калегія адбылася ў правамоцным складзе. А ў справе такіх дакументаў няма».

Суддзя: «Мы разглядаем толькі ў рамках заяўленых вамі патрабаванняў. Мы не разглядаем усю дзейнасць Міністэрства».

Бастунец: «У водгуку на пазоў вы спасылаецеся, што ў альбоме былі «забароненыя да распаўсюду звесткі. Вы маглі б прадэманстраваць, якія менавіта гэта звесткі».

Супрацоўніца Мінінфармацыі: «Я дэманстраваць не буду. Гэта ёсць у рашэнні Ашмянскага суду пра прызнанне альбома экстрэмісцкім».

Бастунец: «Ці ёсць у Мінінфармацыі падведамасныя арганізацыі ў галіне кнігавыдання?»

Суддзя: «Для чаго задаеце гэтае пытанне?»

Бастунец: «Каб высветліць, ці не было ў рашэнні Міністэрства несправядлівай канкурэнцыі».

Суддзя: «Вы можаце звярнуцца ў антыманапольны камітэт і высветліць дзейнасць міністэрства па гэтым пытанні».

Бастунец: «Ці мусяць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці гандлёвыя прадпрыемствы, якія рэалізоўвалі Альбом?»

Суддзя: «Пытанне здымаецца», — цытуе пасяджэнне суду Радыё Свабода.

Нагадаем, што 23 верасня прыватнае выдавецтва “Логвінаў” атрымала ад Міністэрства інфармацыі афіцыйнае паведамленне пра пазбаўленне ліцэнзіі на права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць. Ліцэнзію адклікалі па рашэнні калегіі міністэрства “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ішла пра выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года. Выдавецтва "Логвінаў" выступала выдаўцом альбома”.

23 кастрычніка выдавецтва “Логвінаў” накіравала ў Вышэйшы гаспадарчы суд заяву аб прызнанні несапраўдным загаду Мінінфармацыі аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць.

З патрабаваннем аднавіць ліцэнзію да Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама ўжо звярнуліся сотні пісьменнікаў з усяго свету, журналісцкія і пісьменніцкія арганізацыі і творчыя саюзы. Усе яны звяртаюць увагу на выключнасць выдавецтва, якое падтрымлівала і друкавала творы вельмі шырокага кола аўтараў.

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць