Пачаўся збор подпісаў пад зваротам супраць уцягвання Беларусі ў вайну

Пра гэта вечарам 26 сакавіка на чарговым пасяджэнні Камітэту салідарнасці з Украінай (КСУ) паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя  Віталь Рымашэўскі.



Ён распавёў, што першыя подпісы пад гэтым адкрытым зваротам, ініцыяваным маладымі хрысціянскім дэмакратамі, былі пастаўлены падчас шэсця на Дзень Волі ў Мінску 25 сакавіка.

На думку палітыка, камітэт павінен зрабіць усе мажлівыя высілкі, каб не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны і нанясення ёй удару ў спіну. “І гэта будзе найбольш эфектыўнай нашай падтрымкай народу Украіны”, — падкрэсліў палітык.

Паводле ягоных слоў, копіі гэтага звароту мяркуецца накіраваць да ўрадаў Велікабрытаніі і ЗША — краін-гарантаў незалежнасці не толькі Украіны, але і Беларусі.

Віталь Рымашэўскі заклікаў прыняць у якасці стратэгічнай мэты дзейнасці камітэту захады супраць уцягвання Беларусі ў вайну.

На пасяджэнні таксама разглядаліся прапановы па арганізацыйнай дзейнасці камітэту, па далучэнні да створанай у Фэйсбуку інтэрнэт-суполкі “Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай”, якая налічвае 2 тысячы сябраў, па правядзенні сумеснага з украінскімі сябрамі марафону салідарнасці з Украінай, круглых сталоў па праблемах узаемадачыненняў Беларусі з Расіяй ў рамках Саюзнай дзяржавы і па пытаннях гісторыі ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху, па наладжванню кантактаў з СМІ памежных з Беларуссю абласцей Украіны, з Беларускім домам у Кіеве, а таксама з украінскімі культурніцкімі суполкамі, што існуюць у Беларусі.

Нагадаем, што КСУ створаны 19 сакавіка з ініцыятывы аргкамітэту партыі БХД. У камітэт увайшло больш за 30 чалавек, у тым ліку вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, Зміцер Дашкевіч, Георгій Дзмітрук, Анатоль Сідарэвіч, Аляксей Марачкін і Уладзімір Арлоў.

Сярод запланаваных камітэтам спраў — сустрэча з амбасадарам Украіны ў Беларусі Міхаілам Ежэлям, арганізацыя прамой сувязі з Кіевам, шырокія інфармацыйныя акцыі, у тым ліку ў Інтэрнэце, малітвы за Украіну і Беларусь, мастацкая выстава, круглыя сталы, падрыхтоўка зваротаў, лістоў і спецвыпуску незалежнага СМІ, выданне ўлётак і паштовак, дапамога правабаронцаў народу Крыму, а таксама папулярызацыя ідэі байкоту расійскіх тавараў.

Каментаваць