Паціху выміраем

Нядаўна здарыўся выпадак, пра які кажуць: хвост загадаў сабаку, куды бегчы. Лукашэнка наведаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі і звярнуўся з пільным наказам да ўсяго грамадства.

 



Маўляў, «да 2015 года кроў з носа трэба выйсці на натуральны прырост насельніцтва, без уліку знешняй міграцыі». Гэтае «кроў з носа» ілюструе нейкую недасведчанасць у ацэнцы дэмаграфічнай сітуацыі.

Між іншым, Белстат паведамляе, што «дэмаграфічная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь працягвае паляпшацца». У прыватнасці, па іх дадзеных, немаўлят у гэтым годзе стала больш. Відаць, вельмі статыстыкам хацелася, каб іх пахвалілі. Ну і атрымалі: перад імі паставілі стратэгічнае заданне па аднаўленні людскога патэнцыялу ў краіне з апорай на ўласныя рэсурсы.

На працягу ўсіх пасляваенных гадоў колькасць насельніцтва Беларусі падвышалася. Але з сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя нараджальнасць пачала скарачацца. І ад 1993 года ў Беларусі колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных. У 1993 годзе натуральныя страты насельніцтва яшчэ перакрываліся эміграцыйным прыростам, але ад 1994 года агульная колькасць насельніцтва пачала памяншацца нават з улікам мігрантаў.

З гэтага можна зрабіць такія высновы: па-першае, ужо 20 гадоў колькасць памерлых перавышае колькасць немаўлят, па-другое, дзякуючы дадатковаму міграцыйнаму прыросту, які таксама памяншаецца, насельніцтва краіны скарачаецца не так хутка, як тое было б без міграцыі. Па-трэцяе, сувязь паміж прыходам да ўлады Лукашэнкі і абсалютным скарачэннем колькасці насельніцтва — выпадковая. То бок уплываць на гэтыя працэсы кіраўнік Беларусі не мае ніякай магчымасці, што рабіць — не ведае.

Прывядзём некалькі лічбаў. На 1 студзеня 2013 года колькасць насельніцтва склала 9,46 мільёна чалавек. Менавіта такая ж колькасць насельніцтва (9,46 мільёна чалавек) у Беларусі пражывала ў 1978 годзе. Калі лічыць людзей асноўным вытворчым фактарам, то краіна адкацілася па чалавечаму патэнцыялу на 40 гадоў назад.

Дэмографы, якія рабілі разлікі перад перапісам 2009 года, удакладняюць: усяго за 1993–2008 гады ў Беларусі памерла 2,2 мільёна чалавек, а нарадзілася толькі 1,55 мільёна, у выніку чаго натуральныя страты склалі 650 тысяч чалавек. Гэта перавышае колькасць насельніцтва 10 адміністрацыйных раёнаў, ці больш, чым насельніцтва Гомеля — другога па велічыні горада Беларусі. Да 1993 года насельніцтва краіны падвышалася дзякуючы раней напрацаванаму дэмаграфічнаму патэнцыялу, які цяпер ужо цалкам скарыстаны.

Кажуць, статыстыка ведае ўсё. Таму паспрабуем паразважаць, маючы на ўвазе аб’ектыўную інфармацыю, якую Белстат друкуе ў СМІ. Прыкладам, толькі ў Мінску ў параўнанні з абласцямі колькасць насельніцтва вырасла, а астатнія буйнейшыя адміністратыўна-тэрытарыяльныя адзінкі згубілі насельніцтва. Гэта ўжо тэндэнцыя: вялікая колькасць унутраных і вонкавых мігрантаў імкнецца атрымаць жытло і працу ў сталіцы. Натуральны прырост насельніцтва летась меў таксама толькі Мінск, дзе колькасць немаўлят перавысіла колькасць памерлых на 4 938 чалавек. Астатнія вобласці мелі натуральныя страты насельніцтва, сярод якіх аўтсайдэрам стала Віцебская — мінус 5 534 тысячы чалавек.

Як на арэлях штогод вагаецца статыстыка, што адлюстроўвае шлюбы і разводы. Той жа Белстат паведаміў, за 11 месяцаў 2012 года ў параўнанні з 11 месяцамі 2011 года колькасць пар, якія ўзялі шлюб, паменшылася на 11,7%, а колькасць разводаў павялічылася на 3,7%. Цікава, які кірунак з гэтай нагоды хвост прапануе сабаку?

Каментаваць