Пацыенты звярнуліся да міністэрства

83 пацыенты Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы «Волкавічы» (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) звярнуліся з адкрытым лістом у Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у якім выказваюць незадаволенасць умовамі знаходжання ў гэтай медыцынскай установе.

83 пацыенты Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы «Волкавічы» (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) звярнуліся з адкрытым лістом у Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у якім выказваюць незадаволенасць умовамі знаходжання ў гэтай медыцынскай установе.

Пацыенты скардзяцца на няякаснае харчаванне, абмежаванне спатканняў, прымус хворых прыбіраць тэрыторыю бальніцы, калі ім пры гэтым даводзіцца паднімаць цяжкія прадметы, на адсутнасць тэлевізараў у палатах, бібліятэкі і гандлёвага кіёску на тэрыторыі ўстановы, а таксама на негуманнае стаўленне персаналу. Яны гатовы абвясціць галадоўку ў выпадку, калі сітуацыя ў бальніцы не зменіцца.

Як патлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя, каментуючы ліст пацыентаў, бальніца ў Волкавічах разлічана на 100 месцаў і з’яўляецца спецыялізаванай установай для прымусовага лячэння па рашэнні суда хворых на туберкулёз з Мінска і Мінскай вобласці. Прадстаўнікі міністэрства зазначылі, што пасля капітальнага рамонту, які скончыўся летась, туббальніца «Волкавічы» адпавядае рэжымным патрабаванням, што прад’яўляюцца МУС да ўстаноў падобнага тыпу. Тут ёсць ахова, кантрольна-прапускны пункт, спецыялізаваная агароджа па перыметры тэрыторыі, загароды на вокнах корпуса, дадатковае асвятленне тэрыторыі і г. д.

Медыцынскае забеспячэнне пацыентаў, забеспячэнне ахоўнага парадку, санітарна-гігіенічны рэжым і рэжым харчавання, як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, адпавядаюць у туббальніцы «Волкавічы» дзейным у Беларусі нарматывам. Сярэдні кошт пяціразовага харчавання на дзень — 8098 рублёў, сярэдні кошт штодзённага лекавага забеспячэння — 6022,1 рубля, сярэдні кошт аднаго дня знаходжання ў гэтым стацыянары ў сярэднім за 2008 год склаў 83340 рублёў.

Наведванне пацыентаў туббальніцы «Волкавічы» сваякамі абмежавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі інфекцыйнага кантролю, а таксама для прадухілення перадачы алкагольных напояў, зазначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. Бібліятэка і гандлёвы кіёск адсутнічаюць у адпаведнасці з патрабаваннямі захавання санітарна-гігіенічных і рэжымных умоў. У палатах няма тэлевізараў, паколькі з пункту гледжання бяспекі ў гэтым стацыянары ў палатах адсутнічаюць электрычныя разеткі.

Удзел пацыентаў пры ўмове адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў ва ўборцы тэрыторыі не супярэчыць прынцыпам працатэрапіі, заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У студзені 2008 года незадавальненне ўмовамі знаходжання ў клініцы выказалі каля ста пацыентаў туббальніцы ў гарадскім пасёлку Наваельня (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці) і абвясцілі галадоўку. Кіраўніцтва клінікі звязвала адмову пацыентаў ад ежы з тым, што ў бальніцы ўведзена поўная забарона на выхад хворых за тэрыторыю ў адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя і ўнутраным распарадкам бальніцы.

Паводле БелаПАН

Каментаваць