Пацыент, хутчэй, мёртвы: што выратуе беларускую адукацыю?

Бясконцыя эксперыменты і рух «наперад у мінулае» прывядуць да краху беларускай сістэмы адукацыі і масавага адтоку выпускнікоў школ у замежныя ВНУ. Чым усё гэта скончыцца, не цяжка здагадацца. Тым больш, што ў СНД ужо хапае падобных прыкладаў.

Па слядах туркменскага дыктатара

Нацыянальная сістэма адукацыі мае патрэбу ў рэформах, як у паветры. І яны нібыта адбываюцца, ды ў выніку становіцца толькі горш. Чарговая пагроза набірае маштаб паводле таго, як гучаць выказванні прэзідэнта. Напрыклад, кіраўнік дзяржавы неаднаразова заклікаў да скарачэння тэрмінаў навучання ў ВНУ.

«Трэба раз і назаўжды вызначыцца (першы раз мы ўжо падразалі тэрміны навучання): калі мы за тры гады можам падрыхтаваць спецыяліста, то давайце рыхтаваць за тры гады і давучваць чацвёрты на вытворчасці, хай ён там праходзіць спецыялізацыю. Трэба вярнуцца яшчэ раз да гэтага пытання. Вучоба і вытворчасць. Дзве гадзіны ў аўдыторыі, потым паехалі ў поле, да станка — дзве ці тры гадзіны там, цікавей будзе вучыцца. Чалавек ужо будзе атрымліваць веды, неабходныя, каб працаваць на гэтым станку», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся сёлета ў красавіку да ўрада і народа.

Таксама Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі і іншым ведамствам аб'ектыўна ацаніць, «ці не з'яўляецца залішнім для Беларусі існая колькасць ВНУ, якіх больш за пяцьдзясят».

Такім чынам кіраўнік Беларусі свядома вядзе да краху ўсю сістэму адукацыі ў краіне. Каб пераканацца ў гэтым, варта ўгадаць, што падобнае «рэфармаванне» ўжо калісьці апрабавалі ў Туркменістане. У 1998–2000 гадах загадамі тагачаснага прэзідэнта краіны Сапармурата Ніязава была скарочана працягласць сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў краіне: 9 гадоў навучання ў школах, усяго два гады ў ВНУ (дадатковыя два гады займала практыка). Былі ліквідаваныя інстытуты павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, уведзена забарона на ўкараненне новых метадаў навучання.

Ніязаў абвясціў несапраўднымі ўсе дыпломы замежных ВНУ, якія былі выдадзеныя за апошнія 10 гадоў, а таксама тыя, якія былі атрыманыя па-за афіцыйнымі дзяржаўнымі праграмамі. Студэнты, якія навучаліся за мяжой, павінны былі пацвердзіць сваю кваліфікацыю шляхам здачы іспыту па прафесіі (а таксама па напісаным прэзідэнтам эпасе «Рухнама»).

У 2003 годзе была абвешчана забарона паступаць у інстытут адразу пасля школы (для паступлення патрабавалася адпрацаваць два гады). Адначасова быў усталяваны добраахвотны прызыў у войска з 17 гадоў (хоць па-ранейшаму афіцыйна прызыў заставаўся з 18 гадоў).

Наступны прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў вярнуў дзесяцігадовую адукацыю ў школы. Таксама ён прыняў закон аб падаўжэнні вучобы ў ВНУ да 5 гадоў. У 2013 годзе ў школах Туркменістана было ўведзена 12-гадовае навучанне, а таксама шэраг новых дысцыплін. Аднак дасюль рэанімаваць сістэму туркменскай адукацыі (прынамсі, вышэйшай) не атрымалася. Па-ранейшаму сярод ВНУ Туркменістана адсутнічае сегмент прыватнага навучання, усе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны знаходзяцца ў дзяржаўным падпарадкаванні. Яны здольныя прыняць толькі 1 з 5 выпускнікоў сярэдніх школ, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю. Павялічыць колькасць месцаў у ВНУ ўрад не можа праз недахоп кваліфікаваных выкладчыкаў.

Не маючы магчымасці паступіць у мясцовыя ВНУ, маладыя туркмены з'язджаюць вучыцца за мяжу, у тым ліку ў Беларусь. У нашай краіне яны складаюць большасць студэнтаў-замежнікаў — у мінулым навучальным годзе іх налічылі больш за 8 тысяч (гэта ў пяць разоў больш, чым студэнтаў з Расіі). Як вынік, на сённяшні дзень Туркменістан — адзіная краіна ў свеце (за выключэннем некаторых карлікавых дзяржаў), у якой дома вышэйшую адукацыю атрымлівае менш студэнтаў, чым за мяжой. З улікам недахопу вакансій для выпускнікоў ВНУ і ў цэлым нізкай якасці жыцця ў Туркменістане, атрымаўшы дыплом і шанец працаўладкавацца за мяжой, маладыя людзі ў Туркменістан не вяртаюцца.

Паскарэнне рэформ — у інтарэсах усяго грамадства

Такая перспектыва можа стаць абсалютна рэальнай і для Беларусі — ужо цяпер многія беларускія выпускнікі з’язджаюць вучыцца ў еўрапейскія ці хаця б расійскія ВНУ. А ўзровень падрыхтоўкі тых, хто застаецца на Радзіме, нізкі, і штогод ён працягвае падаць. Менавіта таму нашай сістэме адукацыі так неабходныя рэформы. І іх Беларусь можа рэалізоўваць двума шляхамі.

Першы — той, па якім спрабуе ісці кіраўнік дзяржавы, які, зрэшты, адчувае праблему — адрыў адукацыі ад патрабаванняў рынку працы. Аднак ён прапануе лекі, горшыя за саму хваробу. Куды можа прывесці такі шлях, мы бачым на прыкладзе Туркменістана.

Другі шлях — Балонскі працэс, да якога Беларусь, хоць і з рыпеннем, умоўна, але ўсё ж далучылася ў 2015 годзе. Наша краіна зрабіла гэта на 16 гадоў пазней, чым яго «піянеры». Каб наблізіцца да краін-лідараў, для нас была распрацавана Дарожная карта рэфармавання вышэйшай адукацыі, дзе адлюстраваны ўсе крокі, якія Беларусь абавязалася рабіць, каб далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). У аснову Дарожнай карты пакладзены еўрапейскія акадэмічныя каштоўнасці: акадэмічная свабода і ўніверсітэцкая аўтаномія, роўнасць доступу да вышэйшай адукацыі і дэмакратычныя метады кіравання. Дакумент прадугледжвае ўнясенне зменаў у заканадаўства, стварэнне Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, арганізацыю студэнцкай і выкладчыцкай мабільнасці…

І хоць не ўсе прапановы Лукашэнкі знаходзяць увасабленне ў рэальным адукацыйным працэсе, на жаль, еўрапейскі варыянт рэфармавання таксама рухаецца не ў тым тэмпе, якога патрабуе Дарожная карта. Справаздачу аб яе выкананні Беларусь дасць на саміце міністраў адукацыі, які адбудзецца ў траўні 2018 года ў Парыжы. Але ці ёсць тут пра што казаць?

Пра тое, як развіваецца Балонскі працэс у нашай краіне, з афіцыйных крыніц даведацца амаль немагчыма. На сайце Міністэрства адукацыі можна знайсці хіба што асноўныя дэкларацыі і камюніке, але ніякага маніторынгу не прадстаўлена. У меру сваіх магчымасцяў за працэсам сочыць спецыяльна створаная група (Advisory group). Маніторынгавыя звесткі для яе (а таксама для іншых еўрапейскіх структур) прадастаўляюць Грамадскі Балонскі камітэт і ad hoc камісія на базе Нацыянальнай платформы Форума грама­дзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Менавіта яны ствараюць альтэрнатыўныя даклады і справаздачы па імплементацыі Дарожнай карты ў Беларусі. І высновы экспертаў у гэтых дакладах несуцяшальныя: тэмпы рэфармавання не скарачаюць разрыў паміж Беларуссю і перадавымі краінамі, а толькі працягваюць яго павялічваць.

«На сённяшні дзень Беларусь выканала менш за 30% узятых на сябе абавязальніцтваў па Дарожнай карце. Гэта значыць, што да траўня 2018 года мы мусім выканаць астатнія 70%, што выглядае маларэалістычна. Пакуль што зроблены толькі пэўныя крокі, напрыклад, тэхнічная рэформа трохпрыступкавай сістэмы адукацыі ўнесена ў праект зменаў у Кодэкс аб адукацыі. Але гэта толькі нязначная частка. Не вядзецца ніякая праца адносна Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, не вырашана пытанне з аўтаноміяй універсітэтаў, няма паляпшэння сітуацыі з рэгістрацыяй студэнцкіх арганізацый»,  — адзначаў у інтэрв’ю сайту eurobelarus.info сябра ad hoc камісіі па маніторынгу выканання Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Андрэй Ягораў.

На сённяшні дзень Дарожная карта — адзіная прынятая Беларуссю сістэма рэфармавання, ігнаруючы якую наша краіна дэманструе сваю няздоль­насць выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы і выглядае як абсалютна нена­дзейны партнёр у вачах еўрапейскай супольнасці. Таму ў інтарэсах усяго грамадства паскорыць рэфармаванне адукацыі. Гэтаму паспрыяў бы працяг Дарожнай карты з, магчыма, больш жорсткім і канкрэтным планам рэфармавання. Але вырашаць, ці даваць Беларусі другі шанец, праз паўгода будуць міністры адукацыі краін-удзель­ніц балонскай сям’і.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць