Пад Баранавічамі масава знішчаюць свінняў

Свінакомплекс "Усходні" ўжо некалькі дзён знаходзіцца пад наглядам міліцыі, вяскоўцы гавораць пра масавае знішчэнне хворых свінняў. Мяса гэтага вытворцы адсутнічае на прылаўках фірмовых крам.



Праезд на "Усходні" забаронены. Фота INTEX-PRESS


Пра тое, што ў комплексе па вытворчасці свініны "Усходні" ў вёсцы Сеўрукі робіцца штосьці няладнае, у рэдакцыю "IP" паведаміў адзін з чытачоў. "У суботу ачапілі тэрыторыю, выставілі пост ДАІ, нагналі тэхнікі — на поле поруч лесу выкапалі траншэі, усталявалі слупы з лямпамі і пачаўся асвенцым! Падвозяць на трактарах парасятаў, прама ў прычэпах успорваюць нажамі ім жываты, яшчэ жывых кідаюць у яму і засыпаюць вапнай. Буйнейшых забіваюць сякерамі і электратокам. Віск стаіць жудасны!", — адзначае відавочца.

Каб праверыць інфармацыю, мы адправіліся на КПС "Усходні".

Тое, што сітуацыя вакол Усходняга неадназначная, стала зразумела яшчэ на пад'ездзе. За некалькі кіламетраў да тэрыторыі комплексу нас нечакана сустракае блокпост — забараняльныя знакі і прадстаўнік ДАІ! Далей ехаць нельга. Направа, дзе доўгім шэрагам выстаіліся асабістыя аўтамабілі працаўнікоў комплексу (за некалькі кіламетраў ад месца працы!) — таксама праезду няма.

"Дэзінфекцыя ідзе", — сцісла тлумачыць сітуацыю паставы. Якая дэзінфекцыя? Чаму блок-пост на такой вялікай адлегласці ад комплексу? Чаму нават пастаўшчыкі чакаюць накладныя ў кіламетры ад прадпрыемства? "Мне не дакладвалі, тут дэзінфекцыя", — некалькі разоў паўтарае паставы і раіць ехаць, адкуль прыехалі.

Значна больш прадстаўніка ДАІ пра чыннікі блакады прадпрыемства ведаюць жыхары бліжэйшых да комплексу вёсак. У Цяпліводах жанчыны ахвотна распавялі журналістам, што на выходных да комплексу ўвесь час "машыны з мігалкамі падцягваліся". Яны не сумняваюцца — "ад чумкі свінкі палеглі".

"У свінняў знайшлі штосьці нядобрае, забіваюць і закопваюць іх у поле", — тлумачаць нам у Сяўрукоўскай краме. Пытаемся, адкуль такая дасведчанасць? "Там жа міліцыя, хуткая, МНС цэлымі днямі дзяжураць. З міністэрства панаехалі. Працоўныя кажуць, што эпідэмія, іх у нядзелю працаваць прымусілі", — дзеляцца мясцовымі чуткамі жанчыны.

На адным з падворкаў трое хлопцаў свяжууюць некалькі туш свінняў. Спачатку яны адмахваюцца ад карэспандэнтаў, потым хлопец, які кіраваў забоем, не стрымліваецца: "Я з-за гэтага "Усходняга" б'ю сваіх парасятаў!" — такі агульны сэнс яго слоў, калі прыбраць мацюкі. Па словах іншых жыхароў, ніякіх загадаў з боку кіраўніцтва пра знішчэнне свінняў не паступала — хлопцы, мабыць, вырашылі падстрахавацца на такі выпадак.

На Баранавіцкім рынку на пытанне карэспандэнтаў:  "Адкуль свініна?" прадаўцы паспешна адхрышчваюцца: "Не бойцеся, не з "Усходняга". Атрымліваецца, мы не першыя задаём гэта пытанне мяснікам.

"На "Усходнім" захварэлі свінні, некалькі тысяч галоў пазабівалі, штосьці ім там у камбікорм не тое паклалі. Вось людзі і баяцца, што мяса хворае будзе. Але мы з «Усходняга» ніколі нічога не прадавалі, там дорага закупляць свініну", — тлумачаць прадаўцы мяса.

"У вас прадаюць мяса з КПС "Усходні"?" — пытаемся мы ў ветдоктараў рынка, якія кантралююць якасць мяса. "А што на «Усходнім»? На «Усходнім» усё добра!" — адказвае пажылы лекар.

Мясная прадукцыя КПС "Усходні" — асноўны складнік асартыменту фірмовай крамы "Гаспадар". У аўторак, 30 красавіка, на прылаўках мяса гэтага вытворцы адсутнічае. "Мы сёння гандляваны прадукцыяй Беразоўскага мясакамбіната. З "Усходняга" свініны няма і не пакуль будзе", — кажуць гандляркі. Чаму — не тлумачаць.

Але афіцыйныя ўлады адказваюць: "На Усходнім усё ў парадку!"

У прыёмнай галоўнага раённага ветдоктара Мікалая Пакумейкі, не чакаючы пытання карэспандэнта, сакратар адчытваецца: "Ён усё адно нічога вам не распавядзе, на "Усходнім" усё выдатна, усё ў парадку!" Па мабільным тэлефоне сам раённы ветдоктар адказаў толькі, што "ў дадзены момант не можа размаўляць" і больш трубку асабістага тэлефона не здымаў.

Затое начальнік гараддзела УКДБ Генадзь Бялкоў інфармацыю пра масавы мор свінняў у КПС "Усходні" аспрэчыў:

— На любым падобным прадпрыемстве здараецца малаважны мор скаціны ў межах нормы. Нейкага масавага мору на "Усходнім" не было. Прадпрыемства працуе, людзі атрымліваюць зарплату, — растлумачыў Генадзь Бялкоў.

— Чаму ж у такім разе пад'езды да комплексу ахоўваюць?

— Мабыць, праводзяцца нейкія санітарныя мерапрыемствы, — растлумачыў начальнік дзяржбяспекі.

А пытанне пра тое, ці мела месца масавае знішчэнне свінняў, ён назваў "правакацыйным".

Генеральны дырэктар ААТ "Барановчхлебопродукт", у склад якога ўваходзіць КПС "Усходні", Наталля Манько таксама запэўнівае, што ніякай праблемы няма. "Я магу паручыцца, што на прадпрыемстве ўсё ў парадку. Ва ўсякім разе, нічога такога мне не дакладвалі, — распавяла "IP" гендырэктар. — На сённяшні дзень магу сказаць, што ўсё наша 80-тысячнае пагалоўе свінняў у парадку".

 

Каментаваць