Пад крылом Чарнобыля

На мінулым тыдні група прадстаўнікоў СМІ — сябраў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» наведала шэраг гарадоў Беларусі, якія знаходзяцца ў зоне, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адным з пунктаў нашага прэс-туру быў Брагін — раённы цэнтр у Гомельскай вобласці. 



На мінулым тыдні група прадстаўнікоў СМІ — сябраў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» наведала шэраг гарадоў Беларусі, якія знаходзяцца ў зоне, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адным з пунктаў нашага прэс-туру быў Брагін — раённы цэнтр у Гомельскай вобласці. 

Брагін знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны, на адлегласці ў 357 кіламетраў ад Мінска і ў 119 кіламетрах ад Гомеля. У выніку катастрофы на ЧАЭС і радыяцыйнага забруджання г.п. Брагін апынуўся ў зоне з правам на адсяленне, у выніку чаго яго пакінулі каля 70 працэнтаў жыхароў. Сёння Брагін знаходзіцца ў зоне забруджання, літаральна ў некалькіх кіламетрах ад Палескага радыеэкалагічнага запаведніка. Толькі ў самім Брагіне пасля чарнобыльскай трагедыі было знесена 339 хат.

У суседнім з Брагінам Хоцніцкім раёне працягваецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы па адсяленні вясковых жыхароў і пахаванні вёсак, што выклікае хвалю абурэння ў месцічаў.

«У Брагінскім раёне адсялення больш не будзе, — запэўніў журналістаў Валянцін Іванавіч Гануш, намеснік старшыні райвыканкама. — Яшчэ гады два таму меркавалася адсяліць яшчэ 4 вёскі, дзе заставалася мала жыхароў, усе бегалі, рыхтавалі дакументы, а потым грошай на адсяленне не далі, і справа спынілася. Цяпер хто сам выязджае да сваякоў, хто вымірае… У нашым раёне да аварыі было каля 40 тысяч насельніцтва, зараз засталося 16 тысяч чалавек. Адсяленне з самога Брагіна праходзіла ў 1991–1994 гадах, людзі пераязджалі ў розныя рэгіёны, у тым ліку і ў Мінск. Было ў нас 5,5 тысячы жыхароў, а пасля адсялення засталіся 2 тысячы. Сёння ж у Брагіне ўжо 3,5 тысячы насельніцтва, ёсць чарга на жыллё, усяго 347 сем’яў зараз чакаюць кватэры».

Па словах Валянціна Гануша, сёння ў мясцовай школе вучацца 830 дзяцей, у Брагін прыязджае моладзь, і цяпер нараджальнасць (менавіта ў Брагіне — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкаму) перавышае смяротнасць. На маё пытанне, што робіцца з вырашчанай на забруджаных палях прадукцыяй, ці застаецца яна ўнутры раёна, Валянцін Гануш адказаў, што «забруджанае збожжа ідзе на вытворчасць спірту, з малака атрымліваецца чыстае масла». «Што тычыцца мяса, то мы працуем у такім накірунку, што адразу жывёла ўзрошчваецца на розных кармах, а потым ужо цягам месяца жывёлу харчуюць кукурузным сіласам, бо кукуруза практычна не назапашвае радыяцыі, і практычна ў нас у апошнія гады спыніліся вяртанні прадукцыі з мясакамбінатаў, што раней мела месца па прычыне радыяцыйнай забруджанасці мяса», — паведаміў суразмоўца.

Па словах Валянціна Гануша, сёння ў Брагіне хапае настаўнікаў, але адчуваецца недахоп медыкаў. «Яны прыязджаюць на два гады, папрацуюць і з’язджаюць, хаця мы будуем «чарнобыльскае» жыллё, і ўсе яны маюць дах над галавой, — кажа прадстаўнік выканаўчай улады. — А вось касцяк настаўнікаў у нас ужо стабілізаваўся, і ў раёне, і ў самім Брагіне».

Раз на год мясцовыя дзеці, паводле слоў спадара Гануша, выязджаюць на аздараўленне ў беларускія санаторыі, а вось адпачынку па-за межамі краіны брагінскім хлопчыкам і дзяўчынкам ужо не прапануюць. «Бываюць невялічкія групы, але такія паездкі за мяжу амаль спыніліся. Чым нашы санаторыі горшыя? З іншага боку, і на Захадзе Чарнобыль пачынаюць забываць, у іх зараз іншыя праблемы — Косава, Албанія, перад гэтым была Югаславія… Да таго ж, каб прыняць дзіця, трэба мець кучу грошай, а зараз у свеце крызіс», — лічыць Валянцін Гануш.

Па яго словах, у 1986 годзе, калі людзі выязджалі з Брагіна і раёна, яны атрымлівалі кампенсацыю за жыллё, за садовыя пасадкі. «Сёння ўсе выплаты спыніліся, бо грошай у дзяржавы няма», — канстатаваў Валянцін Гануш. Апроч таго, намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама выказаў меркаванне, што тэрмінова высяляць людзей пасля выбуху трэба было не з 30-кіламетровай зоны, але ў радыусе 100 кіламетраў. Сёння ў самім Брагіне ўзровень радыяцыі складае ад 40 да 70 мікрарэнтген за гадзіну, а ў выселеных мясцовасцях і цяпер радыяцыя сягае да 1 рэнтгена за гадзіну. «А калі мы замералі ўзровень радыяцыі праз тры дні пасля выбуху, 29 красавіка 1986 года, то радыяцыя была 180 мілірэнтген за гадзіну — у тысячу раз большая за норму», — сказаў спадар Гануш.

Журналісты ўзгадалі пра праграму Нацыянальнага банка Беларусі па эканамічнаму пад’ёму Брагінскага раёна. Што здарылася з гэтай праграмай?

«Пакуль банк нічога не даў. Нават Сусветны банк даваў грошы на газіфікацыю раёна, гэта было яшчэ два гады таму. Праводзіліся абследаванні жылых дамоў у населеных пунктах Мікулічы і іншых, людзі ўжо былі задаволены, а ў выніку ніхто нічога не даў. Нават калі грошы і паступяць ад Сусветнага банка ці іншага, сюды яны ніколі не прыйдуць. Напрыклад, калі шматдзетная сям’я будуе дом. Нехта думае, што галава сям’і пакладзе гэтыя грошы ў кішэню. Не, гаспадар гэтых грошай не ўбачыць. Ён толькі падпісвае акт аб прыёмцы выкананых работ, банк праплочвае, і на гэтым усё — гаспадар нават не бачыць гэтых грошай. Так робяць і ўсе нашы астатнія банкі. Сапраўды, была прыгожая праграма, але яна не дайшла да канца. Тым больш, калі сёння паўсюдна крызіс», — рэзюмаваў Валянцін Гануш.

Каментаваць