Пад закон пра дармаедаў патрапіць перш за ўсё моладзь

Абараняючы ідэю так званага “закону аб дармаедах”, яго ініцыятары, як правіла, кажуць, што норма будзе накіраваная супраць дастаткова заможнай дарослай часткі насельніцтва. У гэтую фокус-групу ўваходзяць “шэрыя” прадпрымальнікі, спекулянты, праграмісты, таксісты-індівідуалы, гастарбайтэры — усе, хто робіць бізнэс, сыходзячы пры гэтым ад падаткаў.



Пры гэтым абсалютна ігнаруецца тое, што закон будзе тычыцца таксама моладзі (беларускія працаздольныя грамадзяне маладзей за 30 гадоў). Аналіз даследавання "Моладзь Беларусі на рынку працы і ў сістэме працоўных адносін” (аўтар: Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў) дазваляе лёгка пераканацца ў тым, што дзяржава рыхтуе сапраўдную бомбу пад маладое пакаленне, шматлікія прадстаўнікі якога жывуць па законах нефармальнай эканомікі.

Удзельнікі фокус-групавых дыскусій, на якіх пабудавана даследаванне, у працэсе абмеркавання распавялі пра многія выпадкі махлярства, парушэнняў у сферы працоўных адносін, якія здарыліся з імі і з іх знаёмымі як на дзяржаўных, так і на недзяржаўных прадпрыемствах і арганізацыях. Гэтыя выпадкі тычацца не толькі аплаты працы, карупцыі пры паступленні на працу, але і невыканання або ўвогуле адсутнасці дагаворных адносін паміж працадаўцам і маладым працаўніком.

Гэтаму, безумоўна, садзейнічае характар працоўнай занятасці асноўнай часткі маладых людзей. Гаворка пра падзённую працу, якую замежныя сацыёлагі называюць “precarite”. З матэрыялаў даследавання бачна, што маладыя людзі запатрабаваныя галоўным чынам як часовыя работнікі з нізкім сацыяльным статусам, часцей без усялякай адукацыі, якія павінны выконваюць некваліфікаваную працу.

Тут з-за моцнай цякучкі працоўныя адносіны з працадаўцам вельмі часта ўвогуле не афармляюцца. Сапраўды, хто будзе пляміць працоўную кніжку запісам пра тое, што чалавек прыняты на працу грузчыкам на пару дзён?

Не дзіўна, што такая сітуацыя адчыняе вялізарнае поле для махінацый. Удзельніца даследавання Ганна згадала такі фрагмент сваёй працоўнай біяграфіі: “У мяне была праца — клеіць аб'явы. Я ўсё падпісала, сказалі, што аплата 100 долараў і што за мной будзе хадзіць спецыяльны чалавек, каб правяраць, клеіла я ці не. Я хадзіла і ў дождж, і ў снег, клеіла добрасумленна, а мне заявілі, што той, які правярае, нібыта сказаў, што я нічога не клеіла. І мне нічога не заплацілі. Мяне гэты мужчына, які браў на працу, ледзь не паслаў, сказаў, што ніякага дагавору са мной не заключаў”.

Зрэшты, і самі маладыя людзі баяцца ўстанаўлення фармальных адносін. Так, іншы рэспандэнт даследавання Яўген так матываваў нежаданне падпісваць дамову: “У працоўную кніжку могуць напісаць прычыны звальнення: напрыклад, што тыдзень не быў на працы. Вядома, можна падаць у суд — калі дакажаш, то табе будуць павінны выплаціць грошы. Але калі дакажаш…”

Слабае веданне маладымі людзьмі Працоўнага Кодэксу дазваляе працадаўцам лёгка маніпуляваць персаналам. Рэспандэнтка Таццяна распавядае: «У буціку мне сказалі, маўляў, ты без афіцыйнага афармлення будзеш працаваць: першыя тры месяцы — трыста долараў, а потым могуць перавесці на 500 долараў. Я адпрацавала першы месяц — атрымала 300, ужо адпрацавала другі. А потым я даведалася, што дырэктар так бярэ прадаўцоў: абяцае больш — плаціць менш. Ён так выкарыстоўвае людзей. І я сышла пасля гэтага».

З той жа серыі гісторыя Вікторыі: “Наконт дакументаў: у нас ёсць міжнародныя арганізацыі, якія кампутарамі займаюцца, і ўсё такое. Калі мы ішлі ўладкоўвацца, нам у адной фірме падалі дамовы на англійскай мове. Казалі, што потым дамову на пошту вышлюць. Не выслалі… Зарплату таксама не выдалі”.

Цікава, што ахвяры нават не намагаюцца пратэставаць праз суд або праз прафсаюзныя структуры (іх у рознага кшталту фірмах і супермаркетах увогуле не існуе). Такі падыход звязаны з асаблівасцямі псіхалогіі падзённых працаўнікоў. Вялікая цякучка стварае ў моладзі адпаведны зняважлівы падыход да свайго месца працы. У выпадку праявы несправядлівасці на іх адрас, людзям прасцей пайсці з працы, чым сістэмна абараняць свае правы. Праўда, сыход — гэта  яшчэ радыкальны крок. Аўтары даследавання прызнаюць, што, як правіла, маладыя людзі згодныя цярпець статус-кво.

Феномен пасіўнасці аўтары дакладу тлумачаць так: “Каб набраць балы для будучыні, трэба атрымаць вопыт практычнай працы (без якога цяжка разлічваць на добрае працаўладкаванне), трэба перачакаць, пакуль дзеці маленькія (работнікі, якія маюць дзяцей, непазбежна сутыкаюцца з праблемамі практычна ў любой арганізацыі). Акрамя таго, моладзь адчувае нейкі "комплекс непаўнавартаснасці" на месцы працы: яны працуюць нядаўна, у іх няма вопыту ў шырокім сэнсе слова (працоўнага, сацыяльнага, псіхалагічнага), яны самі пагаджаюцца на працу без афармлення, без працоўнага дагавора, і ўжо таму загадзя пагаджаюцца з тым, што павінны маўчаць”.

Сваю ролю адыгрывае і стаўленне моладзі да існуючай судовай сістэмы. Як адзначаецца ў дакладзе, у многіх маладых людзей сфармавалася перакананне ў карумпаванасці судоў, якая не дазволіць абараніць сваю пазіцыю. Пра кругавую паруку дзеючых на гэтым сегменце рынку камерцыйных арганізацый (калі ў адной арганізацыі пачнеш "качаць правы", дык усе будуць ведаць, што ты чалавек няўжыўчывы, і цябе не варта браць на працу). Гэта таксама схіляе да лаяльнага тыпу паводзінаў у дачыненні да працадаўцы.

Цяпер застаецца пафантазіраваць, што чакае моладзь у выпадку прыняцця згаданага вышэй закону. Для тых, хто толькі-толькі пачаў працаваць, не мае запісаў у працоўных кніжках, і часам нават не можа іх мець з-за правілаў, якія склаліся на рынку. Пратэставаць супраць такой тэндэнцыі маладыя людзі не здольныя, і звычайна не жадаюць самі. Відавочна, што менавіта гэта катэгорыя стане ледзь не галоўнай ахвярай палявання на “дармаедаў” (дарослыя “дармаеды” заўсёды знойдуць сродак за грошы зрабіць сабе “ліпавыя” даведкі пра працаўладкаванне).

Натуральна, 260 долараў (прыкладна столькі, быццам, будзе складаць падатак на дармаедаў) — не катастрафічныя грошы, і з дапамогай тых жа бацькоў можна будзе “адкупіцца” ад дзяржавы. Праўда, кошт гэтага пабору можа аказацца вельмі высокі — яшчэ большае адчужэння моладзі ад дзяржавы, якая сама маргіналізуе людзей. Праўда, ад нашых чыноўнікаў і не варта было чакаць іншага. Аўтары дакладу адзначаюць: “Афіцыйная кропка гледжання ставіць пад сумнеў увогуле існаванне праблемы працоўнай занятасці моладзі”.

Каментаваць