Пад завязку і без аглядкі

Абнародаваная службовая запіска кіраўніка Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча прэм’еру Сяргею Сідорскаму, у якой стан айчыннай банкаўскай сістэмы характарызаваўся зусім не так, як у афіцыйных заявах, паказала, што абяцанага напрыканцы лета восеньскага пад’ёму эканомікі і блізка не назіраецца.



Абнародаваная службовая запіска кіраўніка Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча прэм’еру Сяргею Сідорскаму, у якой стан айчыннай банкаўскай сістэмы характарызаваўся зусім не так, як у афіцыйных заявах, паказала, што абяцанага напрыканцы лета восеньскага пад’ёму эканомікі і блізка не назіраецца.

У запісцы Пракопавіч адзначыў, што над банкаўскай сістэмай Беларусі навісла «значная пагроза», у сувязі з нарастаючым крызісам ліквіднасці ў дзяржбанках і ростам праблемных крэдытаў павялічыліся затрымкі падатковых выплат. І хаця ў інфармацыйнай службе Нацбанка заявілі, што факты, прыведзеныя ў запісцы, — «у натуральных межах», падстаў для аптымістычных прагнозаў пакуль няма.

Аб’ём праблемных актываў банкаў з пачатку года вырас у 2,5 разы і на 1 верасня склаў 2146 мільярдаў рублёў. Пры гэтым толькі за жнівень праблемныя актывы павялічыліся на 14,5 працэнта. А доля праблемных актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, на 1 верасня склала 3,34 працэнта супраць 1,68 працэнта на 1 студзеня бягучага года.

У звязку з банкаўскай тэматыкай варта ўзгадаць і інфармацыю аб прыпыненні ААТ «АСБ Беларусбанк» выдачы льготных крэдытаў на жыллёвае будаўніцтва. Прычынай стаў той факт, што банк выдаў больш крэдытаў, чым было запланавана пастановай Саўміна. Прэс-служба «Беларусбанка» паведаміла, што да 25 кастрычніка будзе прапрацоўвацца пытанне пра тое, як зноў прыступіць да выплат. На гэтым тыдні стала вядома, што «Беларусбанк» аднавіў выдачу крэдытаў і аплату крэдытных траншаў.

Тыя, хто дачакаўся сваёй чаргі на будаўніцтва, могуць узрадавацца вырашэнню сітуацыі, аднак для патэнцыйных пазычальнікаў факт прыпынення крэдытавання можа быць прадвеснікам таго, што ў перспектыве грошай на жыллё можна і не атрымаць. Дарэчы, прыбытак ААТ «АСБ Беларусбанк» у трэцім квартале 2009 года скараціўся ў 18,6 разы ў параўнанні з папярэднім кварталам: банк атрымаў 3,8 мільярда рублёў прыбытку супраць 70,7 мільярда рублёў у другім і 74 мільярда рублёў у першым квартале.

І хаця жыллёвае пытанне для беларусаў у спісе прыярытэтных, штодзённыя выдаткі прыходзяцца на спажывецкія тавары. Пры гэтым маладыя людзі аддаюць перавагу імпартным прадуктам. Тым больш, што ў змаганні з фінансава-эканамічным крызісам нашы заходнія суседзі актыўна практыкуюць такі інструмент стымуляцыі попыту, як зніжкі і прамоўцыі. Важна адзначыць, што ў іх не назіраецца росту коштаў на фоне падзення нацыянальнай валюты ў адносінах да еўра і долара. Чаго не скажаш пра палітыку айчынных гандлёвых сетак. У выніку лозунг «купляйце беларускае!» спрацоўвае хіба што на абмежаваную колькасць тавараў, напрыклад, прадукты харчавання. Страціўшы экспартныя рынкі, айчынныя вытворцы фактычна нічога не робяць для пашырэння рынку айчыннага.

Нядаўна ў адным з інтэрнэт-абмеркаванняў прадукцыі беларускага легпраму прагучала: «Я такога брэнда не ведаю». Фактычна гэтымі словамі абазначаныя ўсе праблемы нашых вытворцаў: ад якасці тавару да яго пазіцыянавання на рынку. У выніку пры нагодзе беларусы апустошваюць крамы бюджэтных (ва ўмовах скарачэння заробкаў — надзвычай важны аргумент) еўрапейскіх брэндаў ці, не зважаючы на якасць, абіраюць эканом-варыянт кшталту мясцовага ці ўкраінскага Хмяльніцкага рынку.

Пра крызіс айчыннай гандлёвай сістэмы гавораць забітыя таварамі залі сталічных універмагаў, па якіх звычайна праходжваецца з дзесятак пакупнікоў, ды дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта. На 1 кастрычніка на складах прадпрыемстваў знаходзілася прадукцыі на суму 6159,4 мільярда рублёў, што складае 77,8 працэнта да сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці. Найбольшыя запасы накапіліся ў лёгкай прамысловасці (суадносіны запасаў да сярэднемесячнай вытворчасці 188,1 працэнта), машынабудаванні і металаапрацоўцы (161,1 працэнта).

На фоне тэндэнцыі да пагаршэння сітуацыі ў нацыянальнай эканоміцы ў праекце ўказу кіраўніка дзяржавы «Аб зацвярджэнні важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2010 год» урад робіць аптымістычны прагноз павялічэння экспарту на 29–30 працэнтаў у параўнанні з бягучым годам. То бок праз пару месяцаў Беларусь мусіць пачаць імкліва выходзіць з рэцэсіі.

З гэтым не згодны былы старшыня Нацбанка прафесар Станіслаў Багданкевіч. Эксперт лічыць, што фінансава-эканамічны крызіс, які на Захадзе дасягнуў свайго дна, у Беларусі толькі пераходзіць у больш адкрытую фазу. Паводле меркавання эканаміста, дагэтуль у Беларусі пры дапамозе пазык, якія траціліся на бягучае спажыванне, крызіс быў шмат у чым завуаляваны: «Памер толькі знешніх пазык набліжаецца да велічыні ў 20 мільярдаў долараў. Прырост запазычанасці ў 2009 годзе склаў амаль траціну. Унутраныя пазыкі эканомікі перад банкамі дасягнулі на пачатак кастрычніка 2009 года ў пералічэнні на долары 23 мільярдаў, павялічыўшыся з пачатку года больш чым на 5 мільярдаў, або 22,5 працэнты». Усё гэта адбывалася і адбываецца ва ўмовах паніжэння ВУП. «Гэта значыць, запазычанні не зрабілі нашу эканоміку больш прадуктыўнай, канкурэнтаздольнай, а толькі дазволілі падтрымліваць некаторы сацыяльны статус-кво», — рэзюмуе Станіслаў Багданкевіч.

Каментаваць