Пададзена наглядная скарга ў абарону Курапатаў

30 кастрычніка прадстаўнікі грамадскасці накіравалі старшыні Мінскага гарадскога суду Паўлу Каршуновічу наглядную скаргу на рашэнне суду Цэнтральнага раёна горада Мінска ад 27 чэрвеня і пастанову судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду ад 21 ліпеня.

 



Прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку старшыня Беларускай асацыяцыі палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, старшыні ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, культуролаг Вацлаў Арэшка, грамадска-палітычны дзеяч Вінцук Вячорка і грамадскі актывіст Алесь Макаў лічаць, што паколькі судовыя пастановы па справе нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі, гэтыя пастановы падлягаюць адмене, а справа —  накіраванню на новы разгляд у суд першай інстанцыі.

Нагадаем, што прадстаўнікі грамадскасці прасілі суд першай інстанцыі абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гісторычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Такім чынам павінна быць выканана прадстаўленне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году.

  

Аднак суддзя суду Цэнтральнага раёна Іван Майсейчык сваім рашэннем ад 27 чэрвеня не задаволіў скаргу грамадзянаў. Прычым, прысуд матываваў, між іншым, тым, што Генпракуратура лічыць свае прадстаўленне Мінаблвыканкаму “дзеючым”. Паводле словаў суддзі, прадстаўленне Генпракуратуры дагэтуль знаходзіцца ў працэссе выканання, паколькі не толькі прыпынены будаўнічыя работы на аб’екце прыдарожнага сервісу, але і вырашаюцца пытанні аб самавольным будаўніцтве з боку “БелРэстІнвесту”. Дарэчы, вынас 4 дамкоў з ахоўнай зоны Курапатаў будзе вырашацца паводле артыкулу 223 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Самовольная постройка и её последствия”), заявіў суддзя.

  

Заяўнікі палічылі такі прысуд незаконным і неабгрунтаваным і абскардзілі яго ў Мінгарсудзе.

Прадстаўнікі грамадскасці акцэнтавалі ўвагу суду на тое, што цягам амаль 21 месяца чыноўнікі і забудоўшчык не выконваюць прадпісанне Генпракуратуры аб вынасе (зносе) аб’ектаў, самавольна і незаконна пабудаваных у ахоўнай зоне Курапатаў. На меркаванне заяўнікаў, такое адбываецца з-за таго, што чыноўнікі спадзяюцца на беспакаранасць, а забудоўшчыкі — па падтрымку службовых асобаў. Складваецца сітуацыя, пры якой дзяржава можа звузіць ахоўную зону Курапатаў і. такім чынам, увесці ў прававое поле незаконна ўзведзеныя аб’екты. Такі падыход стварае небяспеку звужэння ахоўнай зоны Курапатаў з поўначы і ўсходу ад помніка, дзе мяркуецца, адпаведна, працягнуць будаўніцтва катэlжнага пасёлку “Сонечны” і ўзвесці Міжнародны выставачны цэнтр.

Паколькі суд не змог аніяк абвергнуць аргументы заяўнікаў, ён перавёў разгляд справы ў вобласць працэдурных пытанняў. І 21 жніўня калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду пад старшынствам Іны Яблакавай пакінула ў сіле рашэнне суду першай інстанцыі.

Калі ж старшыня Мігарсуду пакіне ў сіле гэтае рашэнне, абаронцы Курапатаў мяркуюць абскарджваць яго ў Вярхоўным судpе, а па неабходнасці — у Камітэце па правах чалавека ААН.

Каментаваць