«Падагналі трактар — і разбамбілі дом…»

Ад дэпутата Вярхоўнай Савета СССР Андрэя Грамыкі да Аляксандра Лукашэнкі — беларуская пенсіянерка Валянціна Валчэцкая абышла ўсе інстанцыі ў пошуках справядлівага рашэння жыллёвай праблемы, але безвынікова.



Валянціна Іосіфаўна Валчэцкая. Фота аўтара


Заблытаная гісторыя змагання сям’і Валчэцкіх з дзяржавай за дом цягнецца каля 30 гадоў. За гэты час уладальнікі дома — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Валчэцкі і яго жонка — памерлі, а дзеці ўсё працягваюць дамагацца справядлівасці ў судзе. У канфлікце спрабавала разабрацца і я.

Дом захаваў намеснік міністра ўнутраных спраў

Гэтая гісторыя пачалася ў 1946 годзе, калі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Валчэцкі атрымаў надзел зямлі на 1-м Басіялаўскім завулку (цяпер — раён стэлы на праспекце Пераможцаў) для будаўніцтва дома.

— Раней гэта была ўскраіна горада, зямля калгаса «Чырвоны агароднік». Далі толькі зямлю — 0,12 гектара. Мы збудавалі хату на 59 квадратных метраў, дзе жылі ўпяцярых — бацькі, я і брат з сястрою, — гаворыць спадарыня Валянціна, сярэдняя з дзяцей Валчэцкіх.

 

Спакой сям’і быў парушаны ў 1974 годзе, калі Мінску было нададзена званне «Горад-герой» і распачалося будаўніцтва памятнага абеліска. Пад тэрыторыю стэлы пачалі зачышчаць прыватны сектар, аднак дом Валчэцкіх тады выстаяў. За год да адкрыцця абеліска (стэла была адкрыта ў 1985-м) дом быў прызнаны аварыйным на 71% і, адпаведна, падлягаў зносу. Перасяляцца ў гарадскую кватэру Валчэцкія тады не захацелі.

 

— У гэты час беларус Андрэй Грамыка быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Ён працаваў у Маскве, а тады прыехаў у Мінск у Оперны тэатр на сустрэчу. — Валянціна Валчэцкая распавядае цікавостку, як ёй удалося захаваць частку дома. — Туды ішлі вайскоўцы, яны — высокія і шырокія, а я — маленькая. Я схавалася за іх спінамі, але прайшла толькі да дзвярэй тэатра. Нехта пабачыў, што я — не ўдзельніца таго сходу. Мяне ўзялі за шкірку, толькі паспела крыкнуць: «Грамыка, я ішла да вас». Мяне прывезлі ў РАУС Цэнтральнага раёна на размову, выклікалі Барыса Матусевіча — тады ён быў намеснікам міністра ўнутраных спраў Беларусі. Дзякуючы яму, лічу, наш дом разбурылі не цалкам. Рашэнне было перагледжанае, і адсотак аварыйнасці быў зніжаны да 61% — палову хаты дазволілі пакінуць. Дом быў суцэльны, таму давялося яго пілаваць і сцягваць металічнымі прутамі.

 

Але ў выніку гэтых змаганняў за дом сям’я пазбавілася бацькі. Ветэран Іосіф Валчэцкі не вытрымаў жыллёвага канфлікту. Адзін з тых, каму прысвячаўся абеліск, не дажыў да яго адкрыцця.

 

 

Адышоў у краму, вярнуўся — пабачыў разваліны

 

Болей як праз 20 гадоў — у 2009 годзе — было вырашана знесці рэшту дома Валчэцкіх «з выманнем зямельных надзелаў для дзяржаўных патрэбаў». Відавочна, гэта было звязана з будаўніцтвам новага музея Вялікай Айчыннай вайны.

 

— Падагналі трактар — і разбамбілі, як немцы разбамбілі Мінск. Дах знялі — і ўсё абвалілася. Засыпала ўсё, што было. Тады брат адышоў у краму, а вярнуўся — пабачыў разваліны, — узгадвае Валянціна Валчэцкая.

Каб мясцовыя не раскралі набыткі, ужо немаладым сёстрам і брату (маці на той час памерла) даводзілася кругласуткава дзяжурыць ля рэшткаў хаты, нягледзячы на холад — быў кастрычнік.

У якасці кампенсацыі за дом дзецям ветэрана выдзелілі дзве кватэры ў спальным раёне Мінска: брату — аднапакаёўку, сёстрам — двухпакаёўку. Аднак рашэнне суда выселіць абедзвюх сясцёр у адну кватэру Валянціна Валчэцкая лічыць несправядлівым, і чацвёрты год судзіцца за атрыманне асобнай аднапакаёўкі ці невялічкага зямельнага надзелу для будаўніцтва дома.

— Пры забіранні зямлі і зносе дома выканкам павінен забяспечыць уласнікам дома права самім абраць від кампенсацыі — добраўпарадкаваную хату, зямельны надзел ці грашовую кампенсацыю, — пасля столькіх хаджэнняў па інстанцыях Валчэцкая на зубок вывучыла ўсе юрыдычныя нормы.

 

У тоўстай кіпе папераў бачу рашэнні Мінскага гарадскога суда і Вярхоўнага Суда, перапіску з пракуратурай, адміністрацыяй Цэнтральнага раёна, маецца нават ліст сакратару Саюзнай дзяржавы… Дарэчы, на прыём да генпракурора ды ў Адміністрацыю прэзідэнта жанчыну запісваць адмаўляюцца — «няма падставаў».

 

Паводле адказаў з афіцыйных установаў, зямельны надзел жанчыне не можа быць выдзелены, бо ў горада няма такой магчымасці. Асобную кватэру даваць таксама не хочуць — маўляў, у мінулым доме жылі разам, дык і тут, старыя, пражывяце.

 

Адваяваць сваё ў дзяржавы

 

У часе размовы высвятляецца, што выдзеленая дзяржаваю двухпакаёўка — не адзіная маёмасць Валянціны Валчэцкай. Цяпер жанчына жыве ў аднапакаёвай кватэры, атрыманай паводле сацыяльнай чаргі на жытло.

 

— Я жыву з дарослым сынам, ён інвалід, цяпер не працуе. Абодвум знаходзіцца штодня ў адным памяшканні вельмі цяжка: увесь пакой — гэта дзве канапы насупраць адна адной. Жыць у двухпакаёўцы, выдзеленай нам з сястрою, таксама немагчыма: паводле заключэння Гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера, у сястры маецца захворванне, з якім нельга жыць разам з іншымі людзьмі ў адной кватэры.

 

Канешне, гэтая гісторыя — не з ліку тых безвыходных, дзе праз абыякавасць дзяржавы людзі застаюцца наўпрост на вуліцы. Нехта можа сказаць, што Валянціна Валчэцкая і так атрымала сацыяльную кватэру, чаго ж яна яшчэ патрабуе ад дзяржавы?

 

З іншага боку, жанчына, да таго ж ветэран працы, мае права спакойна пражыць старасць адна. Дарэчы, у апісаныя кватэры сясцёр і брата засялілі толькі з трэцяга разу — спачатку ім выдзелілі адну кватэру на ўсіх. Пасля засялілі ў кватэры, якія засталіся ад памерлых людзей, хаця мусілі ў новыя. На трэці раз, як бачым, таксама не абышлося без праблемы.

 

— Складваецца ўражанне, што ўлады спрабуюць усяляк аблапошыць нас, пенсіянераў. Дык што ж гэта за сацыяльная дзяржава, дзе людзі вымушаныя ледзь не сілком адваёўваць у чыноўнікаў тое, што ім належыць па законе? — падсумоўвае Валянціна Валчэцкая.

 

Годны мемарыяльны комплекс. Але ж ці нельга было годна ўладкаваць сям'ю ветэрана вайны? З высокіх трыбун — высокія словы, а ў бюракратычных кабінетах — непрывабныя справы

 

***

 

Пра праблему спадарыні Валчэцкай ужо не раз пісалі СМІ, штогод гэта жанчына ходзіць па чыноўных кабінетах і незалежных рэдакцыях у надзеі дабіцца справядлівасці. Мы таксама вырашылі расказаць пра гэта нашым чытачам. Магчыма, хтосьці дапаможа Валянціне Іосіфаўне парадамі ці прафесійнай юрыдычнай кансультацыяй. 

Каментаваць