«Падарожжа дадому». Дапаможам жывёлам знайсці дом

Фотавыстава былых бяздомных катоў рыхтуецца ў Гістарычным музеі. Адкрыццё выставы "Падарожжа дадому" запланавана на 30 чэрвеня 2016 года.


Фотавыстава, якая складаецца з серыі фотаздымкаў былых бадзяжных катоў, закліканая паказаць, што не страшна браць жывёлу з вуліцы, адзначаюць арганізатары праекту на сайце ulej.by.

Праект "Падарожжа дадому" — гэта своеасаблівы масток паміж жывёламі і чалавекам. Калісьці ўсе гэтыя каты былі бяздомнымі і па розных прычынах апынуліся на вуліцы. Але аднойчы на іх шляху сустрэўся чалавек, які не пабаяўся — папросту не пабаяўся.

Вось ужо каля трох гадоў я дапамагаю валанцёрам фатаграфіяй бяздомных жывёл, гатовых да пошуку сваёй сям'і, — распавядае арганізатарка праекта Аляксандра Пяхота. — Былі зроблены фатаграфіі больш за 1000 бяздомных жывёл, і ўладкавана дзякуючы фотаздымкам каля 80% жывёлак, якія пабывалі ў маім аб'ектыве.



Ідэя зрабіць выставу паўстала ўжо даўно. Нацыянальны Гістарычны музей і Дабрачыннае грамадскае аб'яднанне дапамогі бяздомным жывёлам «ЗООшанс» прапанавалі Аляксандры арганізаваць і правесці дабрачынную выставу дапамогі бяздомным жывёлам.

За кожнай фатаграфіяй — цэлая гісторыя падарожжа былога бяздомнага ката ў пошуках свайго Чалавека і свайго новага дому.

За кожнай фатаграфіяй — гісторыя пра людзей, якія не прайшлі міма і падарылі другі шанец, гісторыя клопату і любові, што цалкам змяніла жыццё гадаванцаў.

Сярод катоў сустракаюцца і асаблівыя жывёлы — жывёлы-інваліды, якія цяпер жывуць у цяпле і клопаце. Такія каты таксама хочуць быць убачанымі і пачутымі.



Мэты праекта:

  • паказаць людзям, што не страшна браць бяздомных жывёл з вуліцы або прытулку;
  • паказаць, што бяздомныя жывёлы — такія ж прыгожыя і ўнікальныя, хоць і не маюць у пашпарце "пароду";
  • прыцягнуць увагу да праблемы бяздомных жывёл і "асаблівых" жывёл-інвалідаў;
  • павялічыць колькасць бяздомных жывёл, якія знайшлі свайго чалавека і сям'ю;
  • павысіць узровень адказнасці людзей за жывёл.



Выстава будзе праходзіць у Нацыянальным Гістарычным музеі, дзе вялікая колькасць дзяцей і іх сем'яў змогуць па-іншаму паглядзець на бяздомных жывёл і ўбачыць простую прыгажосць і унікальнасць кожнага ката.

На сайце ulej.by можна дапамагчы адкрыццю выставы! Зрабіце свой унёсак, каб бяздомныя каты хутчэй знайшлі свой дом.




"Для рэалізацыі праекта мне неабходна аплаціць друк фатаграфій вялікіх памераў на палатне, рэкламнай расцяжкі, якая будзе вісець на музеі, — распавядае Аляксандра Пяхота. — Таксама спатрэбяцца выдаткі на дапамогу ў адкрыцці праекта: арганізацыйныя моманты, дастаўка, афармленне адкрыцця выставы, рэклама, друк рэкламнай прадукцыі, друк магнітаў і паштовак". Усе сабраныя сродкі, звыш неабходнай для арганізацыі выставы сумы, будуць перададзеныя дзеля дапамогі бяздомным жывёлам.





Каментаваць