Падарожжа па праблемах вясковых людзей

У якасці грамадаскай актывісткі часта прыходзіцца выслухоўваць розныя скаргі жыхароў горада на якасць жыллёва-камунальных паслуг. Паколькі ўсё ж побытавае жыццё гараджан аблегчана камунальнымі паслугамі, вырашыла для параўнання пацікавіцца клопатамі вяскоўцаў, іхнімі стандартамі жыцця.



Для падарожжа з сябрамі выбралі вёскі Грозаўскага сельскага савета Капыльскага раёна, які знаходзіцца адначасова і ў цэнтры Беларусі, і ў глыбінцы. Аграгарадок Грозаў месціцца амаль на мяжы з Слуцкім раёнам. Землі тут урадлівыя, сенакос вырастае ў рост чалавека.
 
 
Дзіўна толькі, што ўрадлівасць зямель цяпер негатыўна адлюстроўваецца на знешнім выглядзе навакольных вёсак. На пустуючых землях у «неперспектыўных вёсках» квітнее і рассыпае семя рознае пустазелле, скрозь можна ўбачыць участкі, якія больш напамінаюць узлескі, але не вясковыя сядзібы.
 
 
Якія б вёскі не праехалі — у Слабодцы, Дубейках, Аксамітах, Балгавічах, Яўсеевічах і нават у аграгарадку Грозаў людзі скардзіліся на тое, што не косяцца пустуючыя ўчасткі і ўчасткі вуліц, якія прымыкаюць да пустуючых сядзіб. (Згодна з заканадаўствам функцыі гаспадароў на гэтых землях павінна выконваць дзяржава).
 
 
Шчыруючы на сваіх кавалках зямлі, тутэйшыя гаспадыні ўпрыгожылі іх кветкамі, аздабляюць рознымі цікавымі вырабамі і з сумам паглядаюць на здзічэлыя суседнія  «джунглі», якія з’яўляюцца рассаднікам небяспечных для здароўя кляшчоў і камароў. Нярэдка ў вёскі прыходзяць і лясныя госці: дзікі, лісы.
 
 
Убачыўшы незнаёмых людзей, вяскоўцы з цікаўнасцю ўступалі ў гаворку, не верылі, што хтосьці цікавіцца іхнімі праблемамі. А жыццё вяскоўцаў ў закінутых вёсках — гэта змаганне за штодзеннае існаванне.
 
 
Вось бабулька з вёскі Слабодка паказвае на вялізную лужыну — яму пасярод дарогі:
 
 
—​ Крамы ў нас ўжо даўно няма, прыязджае аўталаўка, — гаворыць Алена Аляксандраўна Пятроўская. — А як вады дождж налье, то не хоча ў нашу вёску ехаць. Аўтобус да нас ніколі не хадзіў, а зараз і дзеці з цяжкасцю даязджаюць. Зрабі нам, дзіцятка, каб дарога была лепшая, ды каб абкасілі хаця б абочыны вуліц. Бо хутка не пазнаходзім адзін аднаго ў гэтым гушчары.
 
 
 Тая ж праблема і ў вёсках Яўсеевічы і Балгавічы. Некалі тут віравала жыццё, нават быў асобны калгас, існавалі васьмігадовая і пачатковая школы. З-за малых заробкаў і побытавай няўтульнасці моладзь пакінула сёлы. Нягледзячы на гэту акалічнасць, тут шмат упарадкаваных гаспадарак, ёсць і адносна маладыя людзі, якія пакінулі гарады і пастаянна пражываюць тут. У акуратных палісадніках вока прывабліваюць разнастайныя кветкі, у многіх вяскоўцаў нізка пакошана траўка ў садах, як ў гарадскіх парках. Праблема №1 — адсутнасць сувязі з абласным цэнтрам. Яшчэ некалькі гадоў таму назад сюды хадзілі аўтобусы з Мінска, Слуцка. Цяпер толькі адзін раз на тыдзень заязджае аўтобус з Капыля, раённага цэнтра.
 
 
З намі паразмаўлялі некалькі пажылых людзей.
 
 
Галіна Мікалаеўна — пажылая  «дачніца», даглядае бацькоўскі дом і жыве ў вёсцы Яўсеевічы з ранняй вясны да позняй восені. Алена Васільеўна Дарашэвіч усё жыццё адпрацавала ў мясцовым калгасе. Абедзве не хаваюць сваё абурэнне:
 
 
 — На лядовыя палацы грошай у дзяржавы хапае, а на аўтобус з Мінска для нашых вёсак няма. Мы многага не хочам: хай бы хадзіў хаця б 2 разы на тыдзень, прывозіў у пятніцу людзей і адвозіў. Не ўсе ж багатыя, ды й паліва ўсё даражэе. Дзяржаўныя стандарты разлічаны толькі на гарады, а вяскоўцы жывуць як у нейкім зачыненым гета. Каб куды выехаць — трэба ісці 3-5 кіламетраў пешшу да бліжайшай дарогі, дзе праходзяць аўтобусы.
 
 
—​ Лекаў не купіць, доктара няма, крамы няма, пры былым старшыні сельскага выканкама быў сацыяльны дом ў Яўсеевічах, а цяпер няма нічога, вуліцы не абкошваюцца, нейкі каменны век. Дарэчы, таксоўкі, якія едуць з Капыля на Мінск, можа, калі б і заехалі сюды. Дык жа няма дарогі. Некалі паклалі асфальт, ён даўно разваліўся.
 
 
Жыхары наступнай вёскі Балгавічы амаль слова ў слова паўтарылі ўсё вышэйнапісанае. Адсутнасць цывілізаванай дарогі для іх таксама балючая праблема, да іншага ўжо прызвычаіліся. Хоць вяскоўцы мала вераць у магчымасць чагосьці дабіцца, але з радасцю згадзіліся пазбіраць подпісы пад калектыўным зваротам ў Капыльскі райвыканкам.
 
 
З Балгавіч накіраваліся ў аграгарадок Грозаў праз маленькую вёску з прыгожай назвай Аксаміты. З прыкладна 28 сядзіб сем дамоў ўжо даўно пакінутыя, таму вёска выглядае крыху здзічэлай з-за двароў, падобных на лес. Астатнія двары дагледжаныя: кветкі, каменныя горкі, абсажаныя кветкамі, месцяцца ўздоўж платоў прама на вуліцы. Некаторыя гаспадыні змагаюцца з дзікай расліннасцю на суседніх запушчаных нічыйных сядзібах і садзяць там таксама кветкі. Калі б дзяржава выканала свае абавязкі па ліквідацыі пакінутых дамоў і скошванню пустуючых участкаў, ды дапамагла б жыхарам змагацца з наступаючай лазой, то ў гэтую вёску можна б было прывозіць экскурсіі. Дарэчы, лаза пачала наступаць пасля таго, як ў савецкія часы на месцы крынічнага ручайка мясцовыя ўлады спрабавалі зрабіць жытнёвае поле. Зараз на месцы ручайка і аксамітнага луга — балотца, адкуль на вясковыя агароды прыходзяць дзікі і іншыя лясныя жыхары. Менавіта гэтай вёсцы, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэткі Галіны Каржанеўскай, прысвечаны радкі з верша:
 
 
Аксаміты, а лепей Аксаміты (націск на «ы»)
 
Завецца вёска, дзе жыла гады.
 
За ёй, кустамі пышнымі прыкрыты,
 
Бег ручаёк няведама куды.
 
 
Тутэйшыя жыхары баяцца, што на зарослых здзічэлых сядзібах можа ўкараніцца баршчавік Сасноўскага, парасоны - шапкі якога ўжо заўважаны на абочынах дарогі, якая вядзе ў аграгарадок Грозаў.
 
 
Што датычыцца баршчавіка, то для Грозава гэта сапраўдная экалагічная катастрофа. Нягледзячы на разрэкламаваныя праграмы барацьбы з гэтай небяспечнай раслінай, у гэтым годзе фінансавыя сродкі не выдаткоўваліся, і яна працягвае сваё пераможнае шэсце. З кожным годам плантацыя, якая мяжуе з будынкам сярэдняй школы, усё пашыраецца, жыхары Грозава змагаюцца з раслінай на сваіх агародах, атрымліваюць апёкі.
 
 
Аграгарадок Грозаў з’яўляецца і цэнтрам сельскага савета. Грошы на будаўніцтва аграгарадкоў выдаткоўваліся немалыя, аднак і тут нямала двароў, зарослых пустазеллем у рост чалавека. Заўважылі таксама здзічэлы «прэзідэнцкі домік».
 
 
Пражывае тут больш за 500 жыхароў, а няма лазні, дзе можна было б памыцца пасля працы.
 
 
У снежні 1941 года ў невялікім лесе побач з аўтамабільнай дарогай Капыль – Слуцк у некалькі кіламетрах ад Грозава немцы растралялі 447 мясцовых жыхароў яўрэйскага паходжання, сярод якіх было 52 дзетак ва ўзросце да 5 гадоў. У 2006 годзе пры дапамозе спонсараў з Варонежа, чые родзічы таксама знайшлі тут сваю смерць, быў пабудаваны мемарыял Памяці ахвярам халакосту. На помніках мемарыялу высечаны імёны загінуўшых, іх колькасць уражвае.
 
 
Але яшчэ больш уражвае, што да мемарыялу, у будаўніцтва якога ўкладзена столькі спонсарскіх грошай, трэба прабірацца з сякерай. Былы старшыня сельвыканкама Валянцін Абрамовіч, будучы ініцыятарам увекавечання месца растрэлу аднавяскоўцаў, падтрымліваў дарогу ў належным стане, выбіваў сродкі, клапаціўся ён і пра вёскі, набыў трактар для абкошвання вёсак.
 
 
Пра яго з настальгіяй успаміналі жыхары розных вёсак, з якімі мы сустракаліся. Людзі не разумеюць, чаму гаспадарлівага чалавека ў нейкія 60 гадоў адправілі на пенсію па ўзросту, у той час, як многім чыноўнікам найвышэйшага рангу перавальвае за 70, а яны кіруюць дзяржавай.
 
 
Пагутарыўшы з людзьмі, мы прапанавалі ім паспрабаваць паўдзельнічаць у вырашэнні праблем. Вяскоўцы з радасцю згадзіліся пазбіраць подпісы пад калектыўнымі зваротамі аб адкрыцці лазні, рамонце дарог, ліквідацыі плантацыі баршчавіка, ачысткі супрацьпажарнага вадаёма.
 
 
У сваю чаргу 23 ліпеня я пабывала на прыёме ў старшыні Капыльскага райвыканкама і старшыні раённага Савета дэпутатаў, на якім давяла да ведама кіраўніцтва патрабаванні вяскоўцаў, якія падцверджаны адпаведнымі фотакарткамі.
 
 
Кіраўнікі раёна абяцалі іх разгледзець і прыняць меры, пры гэтым скардзіліся на адсутнасць фінансавай базы для ўтрымання вёсак у належным стане згодна з правіламі ўтрымання населеных пунктаў Беларусі.
 
 
Атрымліваецца, што на будаўніцтва аграгарадкоў дзяржава знайшла грошы, а далейшы іх лёс пусціла на самацёк. Я ўжо не гавару пра малыя вёскі, якія і патрэбна было б развіваць замест выкідвання грошай ў прорву.
 
 
Тым не меньш чыноўнікі павінны зразумець: краіна Беларусь — гэта не толькі сталіца Мінск, але і вёскі. Яны існуюць і ў бліжэйшым будучым не будуць зруйнаваны, бо там працягваюць жыць людзі, асабліва ў летні час. Значыць, тыя законы, якія ёсць на паперы ў адносінах да вясковых людзей, трэба выконваць і удасканальваць у лепшы бок. А задача грамадскіх актывістаў  —  заставіць кіраўніцтва ўспомніць пра вёску.
 
 
Таму некалькі слуцкіх і капыльскіх актыўных людзей вырашылі заснаваць ініцыятыву «Утульны край» і паспрабаваць дапамагчы сялянам зрабіць іх нялёгкае жыццё больш утульным.

Каментаваць