Падарожжа ў 37-ы, або Кніга, якую варта прачытаць

У канцы года, які ўжо пайшоў у гісторыю, выйшла ў свет кніга Анатоля Лябедзькі “108 дзён і начэй у засценках КДБ. Дзённік палітычнага закладніка”.



Як сказана ў прадмове, напісанай дэпутатам Кангрэсу ЗША Крыстаферам Смітам, “гэты аповед пра амаль чатыры месяцы ў сумнавядомай турме КДБ у Мінску надзвычай уражвае, як уражвае і сам аўтар — Анатоль Лябедзька. Гэта гісторыя асабістай адвагі, рашучасці і глыбокай адданасці справе свабоды”.

Сапраўды, кніга ўражвае дэталёвым апісаннем падзей у турэмным пекле, якім стаў следчы ізалятар КДБ пад назвай “амерыканка”. Не менш цікавымі з'яўляюцца і думкі аўтара, якія суправаджалі яго ў бетонным палоне.

У дадзеным артыкуле акцэнтуем увагу на асобныя старонкі кнігі.

Пачатак

Гэта здарылася а другой гадзіне ночы 20 снежня 2010 г., калі Анатоль Лябедзька вярнуўся дадому пасля “Плошчы”. У кватэру пазванілі і запатрабавалі адкрыць дзверы. Атрымаўшы адмову, сталі барабаніць кулакамі. Пазней дзверы сталі ўздрыгваць ад удараў молата. Сувязь па мабільным тэлефоне перапынілася. Міліцэйскі нарад, які аператыўна прыбыў па выкліку, таксама хутка знік пасля “тлумачэнняў” узломшчыкаў.

Дзверы не паддаваліся. Тады ў ход пайшлі крышаны, прадбачліва падрыхтаныя невядомымі. Нарэшце яны ўварваліся ў кватэру з крыкамі: “Усім на падлогу! Будзем страляць !” Потым заламалі А. Лябедзьку рукі і выцягнулі ў калідор.

Такім быў пачатак гэтай невясёлай гісторыі. Яна працягвалася 108 дзён і начэй.

Парадкі яшчэ тыя ...

“Камэра — грушападобны мяшок. Звужаецца ля дзвярэй і пашыраецца да акна. Вузкаплечыя дзверы зацягнутыя ў кованае жалеза. Квадратнае вочка, як кракадзілава века, пэрыядычна прыўздымаецца і пазірае ўсярэдзіну. На дзвярах прастакутная адтуліна. Гэта кармушка ці месца для бартэру. Туды — сюды. Туды — міскі, адтуль — каша, суп, таблеткі і іншыя складнікі мінімальнага пакету тавараў і паслугаў для падтрымання жыццядзейнасці чалавечага арганізму. Батарэя, утопленая ў сцяну, ня дыхала ні цяплом, ні холадам. Унітаз як прыкмета цывілізацы. Намёртва прыкручаныя да бэтону стол і два табурэты”.

Чытаеш кнігу-дзённік А. Лябедзькі, і як быццам сам апынаешся ў “амерыканцы”. Гэта — падарожжа у сталінскую эпоху з усімі яе атрыбутамі. Затрыманых спрабуюць ператварыць у бяспраўных істот. Іх пазбаўляюць ежы, сну, адпачынку, інфармацыі. Ствараюць нечалавечыя ўмовы існавання.

Для пацверджання спашлюся на “паказанні” зняволенага А. Лябедзькі: “Сняданак у “Hilton-амэрыканцы”. Што гэта такое? Палонік проса ў міску, бохан хлеба, чатыры лыжкі цукру. Усё астатняе — з уласных запасаў, у тым ліку і гарбата. Вада — з водаправоднага крана” (гэта на чатырох пастаяльцаў “нумара”. — Аўт.).

Што даюць на абед? “На першае — капуста з пахам мяса, якога не відаць. На другое — каша з кусочкам мяса, якое не мае паху. Кіпень — казённы, а гарбата — з дому”.

А яшчэ: “Ноччу холадна, удзень прахалода. Гэта значыць — дыскамфорт даўжынёй ў 24 гадзіны”.

“Маскі зверху, маскі знізу...”

Асаблівасцю знаходжання А. Лябедзькі ў “амерыканцы” стала з'яўленне там людзей у чорным без апазнавальных знакаў. Яны адрозніваліся не толькі колерам адзення, але і дэманстратыўнай агрэсіўнасцю. Як піша аўтар, “... яны гаварылі нават не на ўзмоцненых танах, а проста крычалі. Цэлы дзень, ад пад’ёму да адбою”.

З 23 снежня 2010 г. фактычна быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча, і зняволеныя знаходзіліся ў поўным падпарадкаванні людзей у чорным і ў масках.

А. Лябедзька ўспамінае грозныя каманды: “Стаяць! Рукі за спіну! Глядзець у падлогу! Морду ў падлогу!”

Аб бясчынствах гэтай “зондэркаманды” палітык напісаў тагачаснаму генеральнаму пракурору Г. Васілевічу. Адказ так і не атрымаў.

Толькі праз два месяцы людзі ў масках сышлі. Гэтак жа нечакана, як і з'явіліся.

А. Лябедзька мяркуе, што гэта былі супрацоўнікі спецпадраздзялення КДБ “Альфа”.

“Правадыр”

Дні і ночы ў “амерыканцы” не зламалі Анатоля. Ён вытрымаў усе выпрабаванні, захаваўшы годнасць і веру ў сябе, людзей і будучыню краіны. Больш за тое, ён атрымаў мянушку “Правадыр”, што азначае “лідар”.

На першым допыце А. Лябедзька на прапанову следчага КДБ аб супрацоўніцтве заявіў: “Я хутчэй адгрызу ўласную руку, чым адмоўлюся ад таго, у што я веру…”

Доказам сілы духу А. Лябедзькі сталі яго штодзённыя “практыкаванні” падчас прагулак па турэмным дворыку: 1000 адцісканняў за дзесяць падыходаў і столькі ж заняткаў на прэс. Яны выклікалі захапленне не толькі сукамернікаў, але і аховы.

Пра што распавёў Лёлік?

У следчым ізалятары КДБ А. Лябедзька знаходзіў час і для творчай дзейнасці. Амаль кожны дзень ён пісаў лісты дадому, вёў дзённікавыя запісы, складаў вершы і нават напісаў сцэнар фільма.

Аб гэтым сцэнары варта сказаць падрабязней. Яго галоўны герой — голуб Лёлік, які рэгулярна прылятаў у “амерыканку”. На думку аўтара, Лёлік — голуб не просты. Ён шмат бачыў і чуў. Аднойчы ён стаў сведкам таго, як у будынку колера “жаўтухі” ўвечары сабраліся з дзясятак мужчын у пагонах. Праз адкрытую фортку Лёлік пачуў тое, аб чым ніхто не павінен быў ведаць. Ён чуў прозвішчы людзей, якіх збіраліся арыштаваць ў ноч з 19 на 20-га снежня, у тым ліку Статкевіча, Саннікава, Лябедзьку, Някляева, Севярынца. Гучалі словы: “Прэзыдэнт загадаў дзейнічаць хутка і рашуча. У нас ёсць неабмежаваныя паўнамоцтвы, аж да прымянення зброі”.

Ад сцэнара фільма А. Лябедзька пераходзіць да рэчаіснасці. Ён перакананы, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў “сілавікамі” была распрацавана маштабная аперацыя па нейтралізацыі кіраўнікоў апазіцыі. Разгон людзей на плошчы Незалежнасці, іх масавае збіццё — частка гэтай аперацыі.

Кнігу А. Лябедзькі можна назваць шэдэўрам сучаснай беларускай літаратуры. Яна мае не толькі цікавы змест, але і сведчыць пра важныя гістарычныя падзеі. Сустракаюцца і лірычныя замалёўкі.

З тэкстам кнігі можна пазнаёміцца на сайце Радыё Свабоды.

Каментар юрыста

Відавочна, што А. Лябедзьку меліся асудзіць як і іншых “беларускіх дзекабрыстаў”. Але не атрымалася: ён не быў кандыдатам у прэзідэнты, не ўдзельнічаў у перадвыбарных “сходках”, не здзяйсняў злачынных дзеянняў. Яму маглі прад’явіць толькі “старыя грахі“.

Практычна ўсе дзеянні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў у дачыненні да А. Лябедзькі, ад узломвання дзвярэй у кватэру і да прымянення асабістага прэсінгу падчас зняволення, можна кваліфікаваць як злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

А. Лябедзька мае права на рэабілітацыю, гэта значыць на публічнае прызнанне яго невінаватасці і на кампенсацыю нанесенай яму шкоды. Акрамя таго, ён можа паставіць пытанне аб узбуджэнні крымінальных спраў супраць яго “крыўдзіцеляў”.

Міхаіл Пастухоў, ucpb.org

Каментаваць