Падарунак на Каляды: царкву «Новае жыццё» не высяляюць

Грамадзянская супольнасць у чарговы раз перамагла ўлады. Гаспадарчы суд Мінска адмовіўся ад высялення пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» з яе будынку. Перамога няпоўная — па-ранейшаму не вызначана ўласнасць зямлі і будынка, але вернікі ўсё ж не выкінутыя на вуліцу.
 



Каля сямі гадоў гарадскія ўлады спрабавалі выселіць царкву «Новае жыццё». У 2005 годзе рэлігійная абшчына была пазбаўлена права карыстання зямельным участкам, выдзеленым ёй раней у бестэрміновае карыстанне. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы «Новае жыццё», у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, які доўжыўся каля месяца. Галадаючыя змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спынена пасля таго, як уладам давялося адступіць — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону «Новага жыцця» актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

Тым не менш у 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы, а ў ліпені 2010-га гаспадарчы суд Мінска наклаў на абшчыну санкцыі на 258 мільёнаў рублёў за «забруджванне навакольнага асяроддзя». Вернікі палічылі дзеянні ўладаў незаконнымі і вырашылі не выплачваць гэтую суму. Апошнія паўтара гады, прыкладна з мая 2011-га, улады не распачыналі ніякіх дзеянняў у дачыненні да царквы.

Сёлета аб прымусовым высяленні, прызначаным на 5 снежня, абшчыне было паведамлена 27 лістапада, а на наступны дзень Савет царквы прыняў рашэнне пачаць кругласутачную малітву за захаванне свайго будынка. Вернікі маліліся 24 гадзіны, змяняючы адзін аднаго. Яны таксама звярнуліся па дапамогу да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, у Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта. Абшчына прасіла ўлады адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама ад 2005 года аб адабранні ў царквы зямлі і будынка, адзначаючы, што ў такім выпадку аўтаматычна будуць адмененыя і ўсе наступныя судовыя рашэнні па «Новым жыцці».

І менавіта падчас малітвы 4 снежня ў царкву патэлефанавала суддзя гаспадарчага суда Мінска Вольга Шчарбовіч. Яна паведаміла, што судовая вытворчасць у дачыненні да «Новага жыцця» спынена па просьбе ЖРЭУ Маскоўскага раёна горада, на тэрыторыі якога размешчана царква. Адразу ж пасля званка Луканін выехаў у суд і атрымаў на рукі адпаведныя дакументы.

Чаму так адбылося? Найперш, дзякуючы грамадскасці. Рэзананс вакол царквы быў не меншы, чым у пост-галадоўку. Улада, як кажуць сацыёлагі, у нас усё ж электаральная — яна прыслухваецца да грамадства, калі трэба. І калі грамадства ўзрушваецца, то ўлада ідзе назад.

Да таго ж, адна справа — разганяць нешматлікія пікеты апазіцыі, а іншая — уступіць у канфлікт з царквой. Пратэстанты — хоць людзі і мірныя, але настойлівыя. І штурмаваць АМАПам будынак царквы сёння — гэта атрымаць як мінімум грамадзянскае непадпарадкаванне вернікаў заўтра. Калі нехта скажа: «Ну, што там, пратэстанты! Гэта ж не праваслаўныя!», той гранічна памыліцца.

Ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Віцебска, пратэстанцкія цэрквы займаюць лідарства сярод прыходаў. У Магілёве — 55,9% прыходаў пратэстанцкія, у Мінску — 51,6%, у Брэсце — 47,1%, у Гродна — 44,7%, у Гомелі — 43,6%, у Віцебску — 31,9%. Згодна дадзеным упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Беларуская праваслаўная царква налічвае сёння 1567 рэлігійных абшчын, а пратэстанты — у агульнай колькасці 1025 рэлігійных абшчын. То бок, уплыў пратэстантаў як мінімум супастаўляльны з праваслаўнымі.

Ну і, канешне ж, адрозніваецца і якасны стан вернікаў цэркваў. Калі праваслаўныя — усё больш людзі сталага веку, то пратэстанты збольшага маладыя, паспяховыя і ўпэўненыя ў сваёй моцы людзі. Да таго ж гэта ўпэўненасць пацвярджаецца верай у Божую дапамогу... І АМАП тут не дапаможа.

Так што не варта чапаць вернікаў. Улада гэта нарэшце зразумела, але не да канца. Паглядзім, ці вернуць царкве яе ўласнасць.

Штурм будынка «Новага жыцця» быў бы забаўным яшчэ з адной прычыны. Напярэдадні — Новы год, і ўжо зараз у народа пад рукамі шмат выбухоўкі. З 1 снежня 2012 года па 9 студзеня 2013 года ў Мінску нават праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па выяўленні і спыненні фактаў незаконнай рэалізацыі піратэхнікі, а таксама па выключэнні фактаў яе незаконнага выкарыстання гараджанамі і гасцямі сталіцы. Так што шоў было б яшчэ тое.

Дарэчы, пра піратэхніку на Новы год. У навагоднія святы сталічная міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Сарокін

«Усе аб’екты правядзення масавых мерапрыемстваў будуць ачэплены, допуск на іх будзе праводзіцца праз пэўны надгляд. Людзі з забароненымі прадметамі туды дапускацца не будуць», — паведаміў Сарокін.

Паводле яго слоў, у пераднавагодні час традыцыйна павялічваецца колькасць правапарушэнняў, звязаных з прымяненнем петард, выкарыстанне якіх у грамадскіх месцах кваліфікуецца як дробнае хуліганства. «У Мінску афіцыйна дазволены продаж піратэхнічных вырабаў у спецыялізаваных крамах, аднак у грамадскім транспарце іх перавозіць нельга», — растлумачыў Сарокін.

Калі купіў петарду, нават у дазволенай краме — чапай дадому пешшу. Так, ці што? Дзеці навагодніх хлапушак не дачакаюцца?

І ці будзе Новы год увогуле? Не, гэтае пытанне звязанае не з чаканым многімі канцом свету, а з надзвычай цёплымі зімамі ў Беларусі. Сіноптыкі кажуць, што будзе. Цяперашняя зіма чакаецца характэрнай для Беларусі, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтру Дзмітрый Рабаў. Паводле яго слоў, «будуць і маразы мінус 20°С, але суперхалоднай зімы не чакаецца».

Як расказаў Рабаў, у цэлым кліматычная норма тэмпературы паветра ў Беларусі за зіму складае мінус 5,5°C. Марозныя перыяды ўсталёўваюцца галоўным чынам пры антыцыкланальным характары надвор’я. У сярэднім на працягу зімы назіраецца ад 5–8 на паўднёвым захадзе да 14–15 на поўначы і ўсходзе вельмі марозных дзён, у якія тэмпература паветра ў начныя гадзіны апускаецца да мінус 20°С і ніжэй. Звычайна на працягу зімы бывае некалькі такіх халодных перыядаў сярэдняй працягласцю кожнага прыкладна два дні. У сярэднім адзін раз на 25 гадоў можна чакаць пахаладання працягласцю 10 дзён і больш.

Так што рыхтуемся да Новага году.

Каментаваць