Падарункі на Каляды

Прайшоў цікавы 2010 год — год спадзяванняў і расчараванняў. Надышоў 2011-ы. З чым Беларусь у яго ўступіла? Што чакаць ад гэтага года? Пэўна, такім пытаннем задаюцца не толькі астролагі, але і ўсе грамадзяне краіны. Ну, давайце паглядзім.



Прайшоў цікавы 2010 год — год спадзяванняў і расчараванняў. Надышоў 2011-ы. З чым Беларусь у яго ўступіла? Што чакаць ад гэтага года? Пэўна, такім пытаннем задаюцца не толькі астролагі, але і ўсе грамадзяне краіны. Ну, давайце паглядзім.

Пасля маштабнай «зачысткі» пасля прэзідэнцкіх выбараў і акцыі пратэсту 19 снежня ўжо адпушчаныя амаль усе, прысуджаныя да «сутак». Зараз яны адмываюцца, адаграюцца ды пішуць нататкі ці вольныя сачыненні пад назвай «Як я сустрэў каталіцкія Каляды і Новы год». Але ж міліцыя не спыняецца. Здаецца, іх дэвізам зараз стала «Ані дня без ператрусу». Колькасць канфіскаванай аргтэхнікі перавысіла сотні, калі не тысячы штук. І будзе яшчэ большай.

У поўнай запарцы працуюць следчыя КДБ. Адвакаты тыднямі не могуць пабачыць сваіх падабаронных, бо ўсе пакоі для допытаў занятыя. Такі імпэт следства розных узроўняў праяўляла хіба толькі пасля выбуху на свяце ў Дзень незалежнасці ў 2008 годзе. Але ж варта зазначыць, што тады ані масавыя ператрусы, ані масавыя допыты, ані масавая дактыласкапія выніку не далі — «падрыўнікоў» так і не знайшлі. Цікава, што атрымаецца зараз.

Але выпускаюць не толькі «сутачнікаў», як не дзіўна. Са следчага ізалятара КДБ адпушчаны два падазроныя па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня — былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева. Абодва выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Рымашэўскага выпусцілі з СІЗА ў ноч на 1 студзеня пасля таго, як ён напісаў растлумачальную запіску на імя Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітрыева адпусцілі раніцай 3 студзеня. Дзмітрыеў паведаміў, што не пісаў ніякіх зваротаў і тлумачэнняў на імя Лукашэнкі.

Абодва «сядзельца» далі падпіску аб неразгалошванні таямніцы следства. Абодва планавалі правесці прэс-канферэнцыі. Але пасля таго, як з КДБ Рымашэўскаму «пагразілі пальчыкам», сказаўшы, што прэс-канферэнцыя будзе расцэненая як парушэнне падпіскі і экс-кандыдат зноў апынецца ў СІЗА КДБ, Рымашэўскі ад правядзення мерапрыемства з прэсай адмовіўся. Даведаўшыся пра гэта, адмовіўся і Дзмітрыеў. Што, дарэчы, не перашкаджае ім сустракацца і размаўляць з прэсай асобна, без правядзення нейкіх прэс-канферэнцый.

Асабліва ўсіх цікавіла, што ж такога напісаў Рымашэўскі Лукашэнку, што адразу апынуўся на волі? Рымашэўскі, здаецца, і меў намер адказаць на гэтае пытанне на прэс-канферэнцыі. Але пасля таго, як яе адмянілі, рабіць тое не стаў. Ён хіба толькі пацвердзіў журналістам, што пісаў гэты ліст і не пісаў нічога, што б магло пашкодзіць іншым зняволеным. Між тым, ён заспакойвае сваіх паплечнікаў. «Хачу сказаць усім сваім нядобразычліўцам: «Не радуйцеся», а ўсім сваім прыхільнікам: «Не хвалюйцеся». Мая пазіцыя да 19 снежня, 19-га і пасля 19-га засталася нязменнай. І ніякія лісты, ніякія тлумачэнні, ніякія мае сведчанні не супярэчылі гэтай пазіцыі. Я гатовы несці адказнасць за свае словы і перад Богам, і перад людзьмі», — падкрэсліў палітык.

Больш за тое, ён паведаміў, што мае намер звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пра асабістую сустрэчу. «Спадзяюся, што змагу сказаць усё, што я хачу сказаць, асабіста Лукашэнку», — адзначыў Рымашэўскі.

Вось толькі захоча сам Лукашэнка пачуць ад свайго былога і даволі радыкальнага апанента «пару ласкавых»?

А Дзмітрыеў увогуле ў нейкіх «непанятках». «Ніякіх зваротаў і тлумачэнняў я не пісаў. Я не ведаю, чаму мяне вызвалілі. Паклікалі, далі падпісаць абавязацельства, што я абяцаю не выязджаць з Беларусі і выконваць усе крымінальна-працэсуальныя дзеянні. І ўсё», — казаў Дзмітрыеў у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Непрыемную навіну акурат напярэдадні Новага года атрымала і АБСЕ. 31 снежня 2010 года афіцыйны Мінск аб’явіў, што мандат офіса АБСЕ ў Мінску на наступны год не будзе працягнуты. «Гэта ўсвядомленае рашэнне, абумоўленае адсутнасцю аб’ектыўных падстаў для захавання місіі АБСЕ ў Беларусі. Гэтая пазіцыя на працягу шэрагу гадоў выкладалася ў афіцыйных заявах беларускага боку», — заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Гэта яшчэ больш ускладніць кантакты Беларусі з Захадам і ЗША. Увогуле, нельга раздражняць і без таго раздражнёную сусветную супольнасць. Канешне, старшыня АБСЕ Літва пачала нефармальныя кансультацыі для аднаўлення працы мінскага офіса. Але ёсць і іншыя «званочкі».

Аляксандру Лукашэнку і дзясяткам афіцыйных асоб, адказным за рэпрэсіі пасля выбараў, будзе забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більт у інтэрв’ю бельгійскаму выданню «EUObserver». «Мы павінны трымацца логікі нашай жа палітыкі, — сказаў дыпламат. — У мінулы раз, калі больш не было палітычных зняволеных, мы зрабілі пазітыўныя крокі (адмянілі забарону на ўезд у ЕС шэрагу беларускіх чыноўнікаў). Зараз жа маецца значна больш палітычных зняволеных, і тыя, хто садзейнічалі гэтаму, павінны вярнуцца назад у спіс».

Што яшчэ змянілася? Стаўкі акцызаў на алкагольныя напоі ў Беларусі з 1 студзеня 2011 года павышаны ў сярэднім на 7–8%. Алкаголь падаражэе. З 1 студзеня 2011 года Польшча адмяняе консульскі збор за нацыянальную візу для грамадзян Беларусі. Прашу заўважыць — гэта нацыянальная віза, а не «шэнген». За «шэнген» па-ранейшаму давядзецца плаціць напоўніцу.

Адначасова з 1 студзеня 2011 года грамадзяне Беларусі могуць працаўладкоўвацца ў Польшчы без афармлення дазволаў на працу. Згодна з новымі правіламі, для працы ў Польшчы грамадзянам названых краін дастаткова мець толькі дакумент ад работадаўца, які пацвярджае працаўладкаванне.

З 1 студзеня 2011 года Беларусь можа закупляць расійскія нафту і нафтапрадукты без выплаты пошлін. Але ў абмен на бяспошлінныя пастаўкі нафты беларускі бок павінен пералічваць у бюджэт РФ увесь аб’ём экспартных пошлін на нафтапрадукты, якія вывозяцца з яе тэрыторыі за межы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

І, што асабліва важна, 4 студзеня ў Беларусі набылі моц папраўкі ў Правілы дарожнага руху. Згодна з новай рэдакцыяй ПДР, да аўтамабіляў прыраўноўваюцца квадрацыклы (мотакаляскі). Пад квадрацыклам (мотакаляскай) разумеюцца чатырохколавыя механічныя транспартныя сродкі, якія маюць прывады кіравання аўтамабільнага тыпу і масу ў сабраным стане не больш за 550 кілаграмаў. Для кіравання такім транспартным сродкам неабходна мець вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В.

Скутарыстам дазволена перавозіць пасажыра, калі тэхніка прадугледжвае для яго спецыяльна адведзенае месца, а таксама калі пасажыр старэйшы за 12 гадоў. Для кіравання такой тэхнікай, якая класіфікуецца як мапеды, з аб’ёмам рухавіка да 50 куб. см будуць неабходныя правы катэгорыі АМ. Аб’ём рухавіка больш за 50 куб. см кваліфікуе транспарт як матацыкл, для выкарыстання якога неабходныя права катэгорыі А1 (аб’ём да 120 куб. см) або катэгорыі А.

Папраўкі ў ПДР рэгламентуюць дзеянні пасажыраў аўтатранспартных сродкаў у выпадку ДТЗ. Раней гэта не было дакладна прапісана. Зараз пасажыр абавязаны аказваць першую дапамогу пацярпелым.

Новыя ПДР даюць супрацоўнікам ДАІ права блакіраваць колы аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў масай да 3,5 тон, калі гэтыя транспартныя сродкі прыпаркаваныя не па правілах.

Удачы на дарогах!

Каментаваць