Падчас памінальнай акцыі ў Курапатах п'яныя мясцовыя жыхары зладзілі пікнік

Удзельнікі акцыі ўшанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій былі вымушаныя выклікаць міліцыю, каб асадзіць п'яную кампанію.



Ілюстрацыйнае фота


У суботу ўвечары ва ўрочышчы Курапаты прайшла традыцыйная акцыя ў памяць пра рэпрэсаваных і забітых камуністычнымі ўладамі людзей. У адрозненне ад папярэдніх месяцаў у акцыі прыняло ўдзел даволі шмат людзей - каля 30 чалавек, сярод іх вядомы мастак Мікола Купава, славуты рэжысер Валер Мазынскі, грамадскія актывісты Алесь Макаў, Яўген Батура, Алесь Макаеў, рэжысерка –дакументалістка Вольга Мікалайчык ды іншыя.  Аднак гэтым разам падзея скончылася  непрыемным інцыдэнтам: па завяршэнні малітвы ўдзельнікі акцыі заўважылі, што кампанія маладых людзей арганізавала пікнік з шашлыкамі і выпіўкай непадалёк ад уваходу ў танэль, прама на тэрыторыі ўрочышча, якое з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння. Сведка канфлікта Алесь Макаеў распавёў НЧ, што абылося:

 - Там дзве дзяўчыны і пяць хлопцаў смажылі шашлык.  Мы падыйшлі да іх і папрасілі сыйсці з месца растрэлаў. Мы папрасілі ветліва, але з іх боку пачаліся п’яныя выхадкі – спачатку кідаліся на Міколу Купаву, лаяліся матам, пагражалі. Крычалі, што яны мясцовыя жахары і каб ім не ўказвалі, дзе што рабіць. Звычайныя п’яныя разборкі.  Адзіная адэкватная думка, якая ад іх прагучала – гэта прапанова да нас правесці агітацыйную кампанію па бліжэйшых дамах, каб усе ведалі, што тут падобнага нельга рабіць.

Каб вырашыць канфлікт, удзельнікі акцыі ўшанавання выклікалі міліцыю.

 

 - Калі прыехала міліцыя - каля 20 чалавек, гэтая кампанія пачала паводзіць сябе даволі пісьменна. Яны сталі даводзіць міліцыянтам, што гэта мы на іх напалі - у прыватнасці, казалі міліцыянтам пра мяне, маўляў, прыбярыце гэтага чалавека, ён нас абразіў. Звычайныя метады п’янай гапаты, мясцовай шпаны, - падзяліўся ўражаннямі Алесь Макаў.

 

У рэшце рэшт міліцыянты папрасілі ўсіх удзельнікаў акцыі мірна разысціся ды паабяцалі, што асабіста прасочаць, каб п’яная кампанія аператыўна склала рэчы і пакінула ўрочышча. Пратаколаў ды іншы пісьмовых дакументаў міліцыянты не складалі.

Каментаваць