Падчас рамонту вуліцы ў Слуцку дарогу засыпалі камянямі (фота)

Слуцакі чакалі роўную дарогу, а атрымалі груды камянёў на вуліцы.



Нагадаем, што пасля перапіскі з райвыканкамам асобных жыхароў Слуцка ўвосені 2014 г. больш за 240 слуцакоў звярнуліся да мясцовых уладаў і ЖКГ з просьбай прывесці вуліцу Якуба Коласа ў прыстойны выгляд, годны памяці славутага беларуса. Людзі прасілі замяніць рускамоўныя таблічкі з іменем аўтара “Новай зямлі” на беларускамоўныя, засыпаць ямы і заасфальтаваць вуліцу.
 
 
Напрацягу некалькі месяцаў з райвыканкама і ЖКГ прыходзілі адпіскі з адмовамі. Высветлілася, што на напісанне імені беларускага пісьменніка па-беларуску няма грошай, а асфальтаванне дарогі не плануецца, толькі магчыма падсыпаць дарогу ў месцах прасядання пясчана-гравійнай сумессю.
 
 
У маі доўгачаканы “рамонт месцаў прасядання” быў завершаны, пра што падпісанты атрымалі адпаведны адказ з Слуцкага райвыканкама. Праўда, добраўпарадкаванне вуліцы зроблена так, што адныя слуцакі ўспрымаюць яго як жарт з жыхароў, другія  як здзек з калектыўнага зварота.
 
 
Па словах спадарыні Валянціны, што пражывае ў доме №6 па вуліцы Якуба Коласа, на самай справе ніякай падсыпкі не было.
 
 
 — Па вуліцы коўзаўся грэйдар і навыдзіраў камянёў з дарогі, — гаворыць жанцына. — Камяні былі вялізныя, ляжалі грудамі на вуліцы. Немагчыма было ні прайсці,  не праехаць. Мы з суседзямі крыху пасцягвалі іх з дарогі на уласныя двары. Баяліся, каб увечары людзі не паламалі ногі. Аб такія камяні б’юцца і днішчы аўтамабіляў. Вась рамонт дык рамонт!
 
 
Суседка спадарыні Валянціны лічыць, што камянёў супрацоўнікі ЖКГ накідалі спецыяльна, каб людзі больш не скардзіліся і не падпісвалі калектыўных зваротаў.
 
 
— Мы так узрадаваліся, калі пачулі гул трактара. Спадзяваліся, што ўрэшце і наша вуліца акультурыцца. Ды дзе там! І ямы засталіся, і аб камяні цяпер спатыкаемся. На вуліцы жыве шмат пенсіянераў, яны і так ледзве ногі цягаюць.  Павінны ж існаваць нейкія стандарты пры добраўпарадкаванні дарог.
"
 
Што датычыцца стандартаў, яны сапраўды існуюць. І для дадзенага выпадку “добраўпарадкавання" ёсць адмысловы артыкул Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь СТБ 1291-2007. Згодна з ім, на пакрыцці праезжай часткі аўтамабільных дарог і вуліц не павінны знаходзіцца староннія прадметы (камяні, цэгла і іншыя).
 
 
Атрымліваецца, што арганізацыя, якая нясе адказнасць за бяспеку дарогі, сама ж і стварае пагрозы для бяспечнага дарожнага руху. Цяпер жыхары збіраюцца звярнуцца з лістом да інспектараў ДАІ, каб яны зрабілі свае высновы пра рамонт. 
 

Каментаваць