Падмурак міфа пра сацыяльную дзяржаву

Адным з патрабаванняў па рэфармаванні эканомікі ад шматлікіх крэдытораў з’яўляецца спыненне «перакрыжаванага субсідавання ЖКГ». Што ж гэта такое?



Усё проста — гэта калі насельніцтва плаціць за ЖКГ нібыта па заніжаных тарыфах. Гэтая «заніжанасць» кампенсуецца за кошт бюджэту і за кошт павышаных тарыфаў на тыя ж паслугі для прадпрыемстваў.

А што такое «завышаныя тарыфы для прадпрыемстваў»? Гэта значыць, што прадпрыемствы за ваду газ, свет, ацяпленне і г.д. плацяць больш, чым насельніцтва. Непазбежна такія выплаты адбіваюцца на дзвюх рэчах.

Па-першае — на сабекошце прадукцыі, у які закладаюць «завышаныя» тарыфы на ЖКГ. Ад гэтага ўзрастае кошт прадукцыі, якую мы потым не набываем, бо задарагая. І танней зганяць за джынсамі ў Беласток ці Смаленск, чым набываць строі ад «Элемы» альбо «Камінтэрна».

Адпаведна, прадукцыя не прадаецца, а «завышаныя паслугі ЖКГ» прадпрыемству плаціць усё роўна трэба. Тады зніжаецца заробак працоўных. То бок — бяруць грошы ў людзей, якія нібыта плацяць па льготных тарыфах за паслугі ЖКГ.

Тое ж самае з «кампенсацыяй з бюджэту». Бюджэт — гэта мы. Гэта мы сплачваем падаткі, з якіх фармуецца бюджэт. Гэта мы ствараем тую прадукцыю і працуем на тых прадпрыемствах, якія пералічаюць у бюджэт грошы. Таму наўпрост ці апасродкавана, так ці інакш, але гэта людзі аплачваюць і «перакрыжаваныя», і наўпроставыя тарыфы ЖКГ. Гэта па-другое.

Нарэшце, улады гэта прызналі. У эфіры беларускага тэлебачання галоўны кантралёр краіны Леанід Анфімаў паведаміў, што «ў структуры сабекошту затраты на вытворчасць прадукцыі ўключаюць у сябе павышаныя тарыфы на плату тых жа камунальных паслуг, якія насельніцтву адпускаюцца па больш танных цэнах. Астатняе датуе бюджэт. Але бюджэт грошы бярэ не з паветра: гэта падатковыя паступленні ў выглядзе падаходнага падатку, у выглядзе падаткаў ад прадпрыемстваў, на якіх працуюць... усе грамадзяне нашай краіны», — заявіў Анфімаў.

«Самая галоўная праблема заключаецца ў тым, што тан­насць ЖКП — уяўная для нас. Мы ўсё роўна за яе плацім праз недаатрыманы заробак», — дадаў ён Анфімаў.

Зразумела, што такія «перакрыжаваныя» і цалкам непразрыстыя схемы — шырокае поле для прыпісак і злоўжывання.

Вырашыць гэтую праблему можна толькі скасаваўшы «перакрыжаванне». Але тады, па-першае, можна развітвацца з самой ідэяй «сацыяльнай дзяржавы». Калі тарыфы будуць роўныя, дзяржава ўжо не зможа казаць пра тое, як яна «клапоціцца» пра дабрабыт сваіх грамадзян. Па-другое, гэта ж прыйдзецца заробкі павышаць!

Напярэдадні выбараў 2010 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што можа зрабіць заробкі і ў тысячу, і ў дзве тысячы еўра. Але, папярэдзіў ён, тады трэба будзе, каб грамадзяне напоўніцу плацілі па тарыфах: ЖКГ, транспарт, медыцына, адукацыя… «Мы да гэтага не гатовыя», — казаў тады ён.

Выходзіць, што зараз мы ўжо падрыхтаваліся, калі нас збіраюцца прымусіць аплачваць паслугі ЖКГ на 100% (а некаторых і на 120%). Але тады дзе наш заробак — хай не ў дзве, а хаця б у тысячу долараў?

А што адбудзецца, калі ўлада ўсё ж адмовіцца ад перакрыжаванага субсідавання? Настане швах самой сістэме ЖКГ, якой мы яе ведаем зараз. Ужо сёння за святло, ваду і ацяпленне мы плацім водаканалу ды энергетычным прадпрыемствам. А калі людзі будуць абіраць, каму плаціць, і за астатняе? Калі яны будуць задумвацца, што танней: утрымліваць дворнікаў ці звяртацца ў клінінгавую кампанію? Выклікаць электрыка з ЖЭСа альбо «прыватніка»? Калі нарэшце разбяруцца, куды сыходзяць грошы на капітальны рамонт дома, калі гэтага рамонту па 40 гадоў не бачна? З чаго тады бу­дуць атрымліваць грошы начальнікі ЖЭСаў, іх намеснікі, дыспетчарскія ЖЭСаўскія службы?

ЖКГ — гэта адзін з падмуркаў міфа пра «беларускую сацыяльную дзяржаву». І таму вырашэнне пытання з рэформай ЖКГ непазбежна зацягнецца — яшчэ немаведама на колькі. Зразумела, што ўлада будзе рабіць выгляд, што клапоціцца пра народ.

Напрыклад, самай папулярнай тэмай на тыдні стала распачацце 17 крымінальных спраў «па фактах неабгрунтаванага разліку кошту жыллёва-камунальных паслуг». «Пачынаючы з міністэрства», — удакладніў той жа галоўны правяральшчык Анфімаў.

Аднак гэта — чарговы спектакль з серыі «чыноўнік у кайданках», які нам пакажуць па БТ. Вынікі гэтай кампаніі ніяк не адаб’юцца на лічбах у жыроўках. Прынамсі, у разлікова-касавых цэнтрах пры ЖРЭА Мінска ка­жуць, што «не атрымлівалі ніякага паведамлення аб неабходнасці перападлічваць плацяжы». «Калі атрымаем, то перападлічым. Але пакуль нічога такога не было», — распавялі «Еўрарадыё» ў розных РКЦ Мінска.

Ну і якая нам карысць ад таго, што чыноўнікаў пасадзяць? Мяняць трэба не чыноўнікаў ЖКГ, а ўсю сістэму ўлады.

Каментаваць