Падпішыцеся на Караткевіча!

У гэтым годзе выйдуць першыя два тамы 25-томніка Уладзіміра Караткевіча, які будзе распаўсюджвацца па падпісцы.

Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура Віктар Шніп.

У гэтым годзе выйдуць першыя два тамы 25-томніка Уладзіміра Караткевіча, які будзе распаўсюджвацца па падпісцы.

Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура Віктар Шніп.

Як адзначыў Шніп, людзі з пэўным недаверам ставяцца да падпіскі на творы мастацкай літаратуры, бо ўжо забыліся пра гэтую форму продажу кніг, якая была шырока распаўсюджана ў савецкія гады. Можа таму да гэтага часу на збор твораў Караткевіча падпісаліся толькі каля 150 чалавек і каля 1 тысячы бібліятэк, сказаў галоўны рэдактар выдавецтва. Разам з тым, ён не выключае, што ў наступным годзе “Мастацкая літаратура абвесціць падпіску на зборы твораў іншых беларускіх аўтараў.

Вясной мінулага года дзяржава падтрымала ініцыятыву рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб арганізацыі падпіскі на збор твораў Караткевіча. 30 студзеня на пасяджэнні рады ТБМ доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс прапанаваў аб’явіць агульнанацыянальную падпіску на збор твораў пісьменніка пад дэвізам "Чытаем разам Уладзіміра Караткевіча", бо, паводле слоў вучонага, усе беларусы любяць чытаць гэтага пісьменніка. Рада падтрымала прапанову Мальдзіса і звярнулася з лістом да ўрада аб вяртанні падпіскі на беларускамоўныя выданні мастацкай літаратуры.

Збор твораў Караткевіча рыхтуе кафедра беларускай літаратуры і культуры Белдзяржуніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук Анатоля Вераб’я. Выданне мяркуецца завяршыць да 2020 года, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.

У першыя два тамы плануецца змясціць паэзію Караткевіча, прычым да другога тома — прыкласці кампакт-дыск "Вершы і песні Уладзіміра Караткевіча ў аўтарскім выкананні". Паколькі першы том выдання паступіць у продаж у сакавіку, “Мастацкая літаратура падоўжыла падпіску на збор твораў да канца лютага 2012 года.

У трэці том увойдуць казкі і апавяданні, у чацвёрты і пяты — легенды і аповесці, у шосты — раман "Нельга забыць", у сёмы і восьмы — раман "Каласы пад сярпом тваім", у дзявяты — раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", у дзясяты — раман "Чорны замак Альшанскі". Акрамя таго, запланавана выданне тома драматургіі, дзвюх кніг публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі, дзвюх тамоў эпісталярнай спадчыны, кнігі перакладаў і аўтаперакладаў, тамы малюнкаў пісьменніка, а таксама трох кніг сцэнарыяў і лібрэта. У збор увойдуць дзённікі, запісныя кніжкі, дароўныя надпісы, дапаўненні папярэдніх тамоў збору, летапіс жыцця і творчасці Караткевіча. Тамы публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі будуць дапоўненыя кампакт-дыскам з аўдыёзапісамі выступленняў пісьменніка.

Па ўмовах падпіскі трэба да 1 сакавіка ў паштовым аддзяленні ўнесці грошы за першы (46 тысяч 800 рублёў) і апошні 25-ы (58 тысяч 400 рублёў) тамы і накіраваць у выдавецтва копію квітанцыі аб аплаце, а таксама паведаміць свой хатні адрас і тэлефон.

Пералік грошай рабіць па наступных рэквізітах: унітарнае прадпрыемства “Мастацкая літаратура, 220004, горад Мінск, праспект Пераможцаў, 11, р/р 3012001483810, аддзяленне № 538 у горадзе Мінску ААТ “Белінвестбанк, БІК 153001739, УНП 100055406 ОКПО 02477775, “Падпіска на творы Караткевіча.

Інфармацыя аб выхадзе наступнага тома, яго кошце і тэрмінах аплаты будзе змешчана ў выдадзеным томе. Даведкі па тэлефонах у Мінску: 203-83-63 і 226-66-16.

Каментаваць