Падраўняем вэры мач

— Хаў а ю, дзеці?

— Ві а вэры мач!

Кароценькі дыялог прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і настаўніцы англійскай мовы 1 верасня ў сталічнай школе №42 стаў канцэнтраванай ілюстрацыяй стану беларускай адукацыі і агульнага ўзроўню адукаванасці не самых апошніх людзей краіны.

Тэму адукацыі абмяркоўваюць старанна і з усіх бакоў. Рэгулярна прапануюцца рэформы і новаўвядзенні. Тым часам год ад года вынікі цэнтралізаванага тэсціравання пагаршаюцца, колькасць педагогаў скарачаецца, ВНУ, якія рыхтуюць настаўнікаў, недабіраюць студэнтаў ды залічваюць на навучанне людзей з нізкімі баламі.

Белстат афіцыйна паведамляе, што за першыя шэсць месяцаў 2012 года колькасць занятых у сферы адукацыі ў Беларусі скарацілася на 15 тысяч чалавек. Педагогі скардзяцца на нізкія заробкі — у чэрвені сярэдні налічаны заробак у сферы адукацыі склаў 2919 тысяч рублёў, завал папяровай працай, розныя дадатковыя грамадскія нагрузкі, нізкі статус і, як вынік, непаважлівае стаўленне да сябе. Адсюль і масавы сыход педагогаў ці з прафесіі ўвогуле, ці пераход на рэпетытарства. І на справе атрымліваецца, што вышэй прыведзены дыялог Мясніковіча, як і ўся сістэма адукацыі: нам хочацца выглядаць прыстойна, гаварыць пра сучаснасць і прасунутасць, але насамрэч усё куды больш сумна.

Затое рэгулярна сыплюцца прапановы рэформаў. Вось свежы прыклад, агучаны на пачатку новага навучальнага года. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Анатоль Глаз мяркуе, што варта было б скасаваць гімназіі і ліцэі ды прывесці ўсё да звычайных школ. Мэта самая гуманная — эканомія бюджэту! (Хаця чаму б не скараціць колькасць міліцыі, ды ашчаджаныя рэсурсы інвеставаць у адукацыю як будучае краіны?)

«Практыка маёй працы паказвае, што гэтая форма часта набывае характар такой моды — як гэта, не мець у раёне гімназіі або агульнаадукацыйнага ліцэя?» — патлумачыў чыноўнік. Паводле яго слоў, пры розніцы фінансавання гімназіста і школьніка ў 35% фактычныя вынікі, якія дэманструюць сёння гімназіі, не тыя, якіх ад іх чакаюць. Толькі 25–30% выніку ад таго, які мусяць, гімназіі паказваюць на алімпіядах. Як тут ні прыгадаць нашых спартсменаў-алімпійцаў, якіх абвінавацілі ў наўмысна кепскіх выступленнях.

Дэпутат адзначыў, што горшы вучань часта спісвае ў лепшага, але цяпер лепшыя сыходзяць у гімназіі. Часам тое ж самае адбываецца і з настаўнікамі: лепшыя сыходзяць у гімназіі. «Мы ідзем па шляху рэзкага расслаення. Вось гэта школа — горшая, а вось гэта гімназія — элітная. Гэта няправільна», — падкрэсліў Анатоль Глаз.

У сваю чаргу, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч дадаў, што праблема карупцыі цяпер прыходзіць і ў гімназіі: «Гэта ўжо не сакрэт, таму што туды кожны бацька спрабуе аддаць сваё дзіця. Нават з іншага мікрараёна. Галоўнае, каб вучыўся ў гімназіі, а не ў звычайнай школе. Гэта значыць, да звычайнай школы пачалі ставіцца скептычна».

Уладзімір Здановіч адзначыў, што часам гэта прыводзіць да таго, што ў гімназіі трапляюць дзеці, якія наогул не маюць цягі да вучобы, але сумнеўна, што бацькі настолькі дурныя людзі, што будуць аддаваць дзяцей у гімназіі толькі дзеля прэстыжу, не азіраючыся на першапачатковую мэту — якасць адукацыі.

Нагадаем, што некалькі гадоў таму ў беларускіх школах закрылі профільныя класы, дзе можна было, напрыклад, больш глыбока вывучаць творчыя прадметы. Спецыялісты падобную ўраўнілаўку ацэньваюць негатыўна, бо ў выніку, незалежна ад сваіх здольнасцяў, дзеці займаюцца па агульных тыповых праграмах, што вядзе да выпальвання інтэлектуальнага патэнцыялу.

З не менш цікавай прапановай рэформаў не так даўно выступаў і кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці Лукашэнка запатрабаваў скараціць тэрмін навучання ў ВНУ і ССНУ, а таксама загадаў перанесці адукацыйны працэс з аўдыторый «на поля, на фермы, на заводы, на фабрыкі».

«Атрымліваецца так, што студэнт з першага дня да заканчэння пятага курса сядзіць у аўдыторыі, яму пра нешта распавядаюць выкладчыкі. А я адкрыта казаў, хай на мяне не крыўдзяцца, многія выкладчыкі самі плятуцца ў хвасце падзей. Пра што яны могуць расказаць? Так склалася жыццё, што, дапусцім, у прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, канкрэтная вытворчасць сышла далёка наперад. А выкладчыкі, на жаль, адсталі, — заявіў беларускі палітычны лідар. — Таму трэба перанесці цэнтр цяжару ў вытворчасць, на палі, на фермы, на заводы, на фабрыкі, і там ву­чыць будучых спецыялістаў. Два гады, да прыкладу, яны павінны «грызці» навуку ў сценах акадэміі, універсітэтаў, інстытутаў, а астатнія два гады, калі мы скарачаем з пяці да чатырох гадоў тэрмін навучання па некаторых спецыяльнасцях, яны павінны быць на пэўнай вытворчасці». Разам з тым Лукашэнка рэзюмаваў, што рэформы ў адукацыі скончаныя, а гэта толькі «дашліфоўка».

Атрымліваецца, што першыя людзі дзяржавы спрабуюць давесці адукацыю да выдатнай сістэмы роўнасці і калгаснай практыкі. А самі пры гэтым у пераважнай большасці выпадкаў і двух словаў не здольныя звязаць. Затое ўсе на адным узроўні — недалёка ад плінтуса.
 

Каментаваць