Падрыхтаваць «Чорную кнігу сталінізму ў Беларусі»

І правесці грамадскі трыбунал па асуджэнню сталінізму ў краіне. З такімі ініцыятывамі 17 студзеня ў Мінску выступіў вядомы даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій эпохі сталінізму Ігар Кузняцоў на брыфінгу з нагоды 25-годдзя пастановы Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году «Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій у лясным масіве Курапаты».



Як распавёў гісторык, у электронную “Чорную кнігу сталінізму ў Беларусі” увойдуць навуковыя даследаванні, у тым ліку манаграфіі і калектыўныя зборнікі, публіцыстыка, успаміны, дакументы, паказанні сведкаў і фотаздымкі. Прадмову да кнігі згадзіўся напісаць вядомы французскі гісторык і саветолаг Нікаля Верт, у аўтарскі калектыў увойдуць вядомыя беларускія і замежныя спецыялісты. Беларускай грамадскасці кніга будзе прадстаўлена ў другой палове верасня бягучага году.
 
 
Затым, на думку даследчыка, напярэдадні 29 кастрычніка, які адзначаецца грамадскасцю як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі, неабходна правесці ў сталіцы грамадскі трыбунал “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”, каб даць маральную і юрыдычную ацэнку гэтаму таталітарнаму рэжыму. Прычым, у якасці абвінаваўчага дакументу на грамадскім трыбунале будзе прадстаўлена “Чорная кніга сталінізму ў Беларусі”. Як адзначыў Кузняцоў, грамадскі трыбунал стане лагічным завяршэннем грамадскіх слуханняў “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”, што праводзіліся ў Мінску з 2005 па 2008 гады.
 
 
Вядомы мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін падтрымаў ініцыятывы Ігара Кузняцова. На думку Марачкіна, рэалізацыя гэтых ініцыятываў вельмі важная для Беларусі, якая ўяўляе сабою “не пастсавецкую, а самую што ні на ёсць здзічэлую і агалцелую савецкую прастору”. Пра гэта, як распавёў мастак, сведчыць і знявечаная рэпрадукцыя ягонага твору “Абраз Маці Божай Курапацкай”, што знаходзілася ў каплічцы ля Крыжа пакутаў у Курапатах. Вандалы зганьбілі гэтую рэпрадукцыю і намалявалі на ёй свастыку. Засталася незапэкацканай толькі выява вока Маці Божай са слязою. “І гэта вельмі кранальна. У свой час светлай памяці Міхась Чарняўскі прапанаваў мне захаваць гэтую знявечаную рэпрадукцыю і дзе-небуць выкарыстаць яе”, -- сказаў Аляксей Марачкін. На ягонае меркаванне, грамадскі трыбунал стане крокам па асуджэнню камуністычнай ідэалогіі, якая прынесла мільёнам людзей толькі шкоду і здзекі, а не заможнасць і свабоду.
 
 
Рэстаранна-забаўляльны комплекс, збудаваны каля заходняга боку Курапатаў, каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька назвала своеасаблівым помнікам самой дзяржаве і тым катам, якія забівалі бязвінных людзей ва ўрочышчы і іншых месцах масавых забойстваў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Згодна атрыманай інфармацыі, рэстаранна-забаўляльны комплекс будзе адчынены напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, паведаміла Шапуцька. Яна заклікала грамадскасць падтрымаць акцыі і мерапрыемствы ў абарону Курапатаў, у тым ліку судовы працэс супраць чыноўнікаў, якія далі дазвол на будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу каля народнага мемарыялу.
 
 
Былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі прадставіў свой фільм, прысвечаны ўшанаванням памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах, якія 29 чысла штомесячна праводзяцца грамадскасцю ва ўрочышчы ўжо шосты год.

Каментаваць