Пагроза ўсёй Еўропе

Літва катэгарычна супраць будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Па словах прадстаўніка Літоўскага зялёнага руху, Беларусь не завяршыла працу па інфармаванню суседзяў аб будаўніцтве АЭС, што мусіць быць зроблена згодна з Орхускай канвенцыяй. Тым часам дамоўленасці аб выдзяленні Беларусі грошай на будаўніцтва АЭС ужо дасягнутыя.

Літва катэгарычна супраць будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Па словах прадстаўніка Літоўскага зялёнага руху, Беларусь не завяршыла працу па інфармаванню суседзяў аб будаўніцтве АЭС, што мусіць быць зроблена згодна з Орхускай канвенцыяй. Тым часам дамоўленасці аб выдзяленні Беларусі грошай на будаўніцтва АЭС ужо дасягнутыя.

На будаўніцтва станцыі Расія выдзяляе Беларусі звязаны дзяржаўны крэдыт на суму да 10 мільярдаў долараў. Згодна з умовамі крэдытавання, Расія аплаціць 90 працэнтаў кошту будучай АЭС, астатнія 10 працэнтаў будуць прафінансаваныя беларускім бокам. Крэдыт будзе выкарыстоўвацца на працягу 10 гадоў — тэрмін будаўніцтва АЭС — пасля чаго будзе пагашацца на працягу 15 гадоў. Першапачаткова кошт будаўніцтва станцыі ацэньваўся ў 3,5 мільярда долараў, потым называлася лічба ў 4 мільярда еўра, і нават да 12 мільярда долараў.

Плануецца, што АЭС бу­дзе складацца з двух энергаблокаў агульнай магутнасцю да 2,4 тысяч МВт. Генпадрадчык будаўніцтва АЭС, расійская кампанія “Атамбудэкспарт, заявіла пра гатоўнасць запуску першага энергаблока ў 2017 годзе. Другі блок АЭС плануецца запусціць у 2018 годзе. Эксплуатуючай станцыю арганізацыяй прызначаная Дырэкцыя будаўніцтва АЭС.

Праціўнікі будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі тлумачаць, што для пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС краіны, атамная станцыя — гэта аграмадная дадатковая рызыка. А рэактар, які мяркуецца ўсталяваць на станцыі, не мае практычнага прымянення і будзе ўпершыню задзейнічаны на беларускай АЭС.

Асабліва негатыўна намер Беларусі пабудаваць атамную станцыю ўспрымае Літва. Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ўсяго ў 50 кіламетрах ад Вільні. Ян Хаверкамп, дарадца па пытаннях палітыкі Грынпіс, на міжнароднай канферэнцыі ў Вільні “Ядзерная энергетыка — праблемы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, эканомікі і заканадаўства заявіў, што цяпер атамнага рэнесансу ў свеце няма і быць не можа. А той факт, што ў балтыйскім рэгіёне ёсць шэсць праектаў АЭС, уключна з беларускай, паказвае на “адрыў ад глабальнай плыні. Хаверкамп паведаміў, што “Грынпіс звярнуўся ў Еўрапейскія структуры для правядзення стрэс-тэстаў на АЭС, што размешчаныя побач з вялікімі гарадамі. Мусіць быць зроблены аналіз на выпадак аварыйных сітуацый і магчымасцяў эвакуацыі насельніцтва. Прадстаўнік Грынпіса мяркуе, што Беларуская АЭС можа так і не дачакацца фінішу будаўніцтва, бо ў Беларусі могуць узнікнуць праблемы з фінансаваннем гэтага праекту.

Намеснік старшыні Літоўскага зялёнага руху Лінас Вайніўс, каментуючы планы краін балтыйскага рэгіёну пабудаваць атамныя станцыі, гаворыць, што найперш грамадскасці не хапае поўнай інфармацыі аб гэтых праектах, а таксама аб магчымых альтэрнатыўных прапановах. “Цяпер уражанне, што мы вярнуліся ў часы халоднай вайны, калі на атамную энергетыку ўскладаліся вялікія спадзяванні, — гаворыць прадстаўнік “зялёных Літвы. — Падавалася, што пасля закрыцця Ігналінскай АЭС для рэгіёна будзе больш спакойны перыяд, але намеры будаўніцтва перакрэслілі ранейшыя спадзевы. Літва мае намер пачаць будаўніцтва Вісагінскай АЭС на пляцоўцы Ігналінскай атамнай станцыі, якая цяпер знаходзіцца ў стадыі закрыцця.

“У Літве, па апошніх апытаннях, 90 працэнтаў насельніцтва супраць літоўскага атамнага праекта. У любым выпадку, урад мусіць прыйсці ў Сейм з праектам закона аб канцэсіі гэтай АЭС. І літоўскі праект на гэтым можа і накрыцца. Праекты ж Беларускай і Калінінградскай АЭС звязаныя з палітычнай воляй канкрэтных персонаў, — гаворыць Казімерас Уока, дэпутат літоўскага парламенту. — Я быў на зачыненай Ігналінскай АЭС, глядзеў, колькі там адходаў, колькі будзе каштаваць яе зачыніць, і пераканаўся, што атамная станцыя — самы дурны спосаб атрымаць энергію.

Лінас Вайніўс адзначае агрэсіўную рэакцыю лабістаў атамнай энергетыкі. “Мы ў Літве, нашы калегі з Беларусі і Расіі ведаюць, што любая крытыка АЭС успрымаецца як здрадніцтва. У гэтай атмасферы вельмі складана праводзіць рацыянальную дыскусію. Але мы спадзяемся, пакуль не прадастаўленыя крэдыты, сітуацыю можна перагле­дзець, — гаворыць Вайніўс.

Беларускія ўлады спрабавалі правесці ў Вільнюсе грамадскія слуханні па Астравецкай атамнай станцыі. Але тады ўзніклі праблемы з якасцю перакладу, і прысутныя людзі выказалі пратэст такім слуханням, калі значная частка інфармацыі для іх папросту незразумелая. “Беларускі бок мяркуе, што ўжо ўсё завершана, але літоўскі бок з гэтым не згодны. Мы, як прадстаўнікі грамадскасці, трымаемся такой жа думкі. У рэальным жыцці мы бачым, што дамовы падпісваюцца, грошы выдзяляюцца, але практыка паказвае — можна грошы патраціць, але нічога не пабудаваць, — адзначае намеснік старшыні Літоўскага зялёнага руху Лінас Вайніўс. — І я б вельмі хацеў, каб беларускае грамадства не пацярпела ад гэтых задум уладаў, вам і так хапае розных цяжкасцяў. Навошта яшчэ ўвязвацца ў такі супярэчлівы праект? Калі вы і мы пойдзем далей са сваімі атамнымі праектамі, то ўсе рэсурсы, усе сілы ўладаў будуць скіраваныя менавіта на гэта. У выніку ні палітычнай увагі, ні фізічных сілаў не хопіць, каб развіваць энергазберажэнне, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

На згаданай вышэй міжнароднай канферэнцыі быў падрыхтаваны адкрыты ліст да савету міністраў замежных спраў краін АБСЕ. “Мы, прадстаўнікі грамадскасці, навукоўцы, эксперты і палітыкі форму еўрапейскіх краін... заклікаем Савет міністраў АБСЕ звярнуць увагу, што ядзерная энергетыка ставіць пад пагрозу саму бяспеку насельніцтва краін АБСЕ, як у нацыянальным, так і больш шырокім міжнародным кантэксце. У лісце ёсць заклік-просьба дапускаць грамадскасць, незалежных спецыялістаў і навукоўцаў да прыняцця адказных рашэнняў па ядзер­най энергетыцы, а таксама патрабаванне да наднацыянальных структур, адказных за бяспеку навакольнага асяроддзя, уключыць пытанне аб ядзерных энергетычных праблемах у працу АБСЕ. “Мы патрабуем сумленную ацэнку сітуацыі ў сусветнай ядзернай энергетыцы, мы заклікаем да мараторыя на новыя ядзерныя праекты, — гаворыцца ў адкрытым лісце.

 

Каментаваць