Паехала па размеркаванні і знайшла мужа

Чарговы герой рубрыкі: «Я працаваў па размеркаванні» — Наташа, выпускніца журфака БДУ. Размеркаванне ў Чачэрск стала для яе лёсавым, бо менавіта на працы яна пазнаёмілася з будучым мужам.



Да размеркавання рыхтавалася загадзя

Наташа марыла паступаць на журфак, калі яшчэ вучылася ў 9 класе. Тады дзяўчына напісала нататку пра КВЗ у сваю раённую рэчыцкую газету, дзе і пачала далей публікавацца. Але на журфаку спецыяльнасць Наташа абрала не зусім журналісцкую — «Літаратурная работа». Яна меркавала, што выбар падвоенай спецыяльнасці (філолага і журналіста) забяспечыць ёй большую жыццёвую стабільнасць.

Хутка прайшлі пяць гадоў вучобы ў Мінску. «Ці было для цябе размеркаванне нечаканасцю?» — пытаю я.

«Я ведала, што ў нас будзе размеркаванне, і рыхтавалася да яго. Калі было папярэдняе размеркаванне, я так разгубілася, што тыкнула пальцам у тое, што першае трапілася. А трапіўся горад Чэрыкаў», — расказвае Наташа.

Але калі яна ўжо дома паглядзела па мапе, дзе ж знахо­дзіцца гэты Чэрыкаў, аказалася, што гэта недзе ў Магілёўскай вобласці, прычым далёка не толькі ад Мінску, але і вельмі далёка ад роднай Рэчыцы. Таму да канчатковага размеркавання Наташа прыйшла больш падрыхтаванай і ўжо свядома абрала горад, які быў блізка да Рэчыцы, — Чачэрск. Туды нарэшце яна і паехала працаваць.

Маладога спецыяліста зусім не чакалі

Мала хто з аднакурснікаў пазайздросціў Наташы: ехаць зусім адной некуды ў незнаёмы горад, у захалусную раёнку… Але, па словах дзяўчыны, яна ехала туды з энтузіязмам. А на цяжкасці Наташа настроіла сябе загадзя.

«Я думала, што папрацую ў рэдакцыі, набяруся досведу ў розных відах дзейнасці. Як журналіст я адчувала сябе даволі ўпэўнена, але як стылістычны рэдактар я была зусім слабенькая», — распавядае Наташа.

Вось з такімі думкамі дзяўчына і прыехала ў Чачэрск, прыйшла ў рэдакцыю. Але яе чакаў сюрпрыз. Пра яе накіраванне ў рэдакцыі ніхто не ведаў. Маладога спецыяліста наўпрост не чакалі.

«Адкуль? З БДУ? Першы раз чуем!» — такія былі першыя словы, якімі сустрэлі Наташу ў рэдакцыі.

Пакуль на патэнцыйным месцы працы высвятлялі, куды знікла заява на маладога спецыяліста, дзяўчына пайшла ў мясцовы райвыканкам, каб вырашаць праблемы з жыллём, бо, натуральна, што пра яго таксама ніхто не паклапаціўся.

Трэба аддаць належнае мясцовым уладам. Ужо да вечара Наташы далі пакой у інтэрнаце, а на наступны дзень яе ўсё ж такі ўжо чакала праца стылістычнага рэдактара ў газеце «Чачэрскі веснік».

Я чула, што ў раёнках свежыя ідэі, якія сыходзяць ад маладых спецыялістаў, наўпрост ігнаруюцца, таму запытала, ці праўда гэта.

Наташа не катэгарычна, але пагаджаецца: «Калі там ужо нешта ўстаялася, то гэта праблематычна не тое што змяніць, але нават парушыць. Як толькі я прыйшла ў рэдакцыю, то заўважыла, напрыклад, што ў газеце няправільна афармляецца ўскосная мова. Калі ў канцы сказа стаіць пытальнік, то сказ закрываецца двукоссем, а яны яшчэ ставілі пасля гэтага кропку. І мне прыйшлося казаць, што гэта няправільна. Мне ў адказ лямантуюць: «Мы ж заўжды так пісалі». Гэта, канечне, дробязі, але з іх і складаецца праца ў рэдакцыі».

Але збольшага Наташы падабаецца і тое, што яна робіць, і тыя, з кім яна працуе. Яе працоўны дзень пачынаецца а 8.30, а заканчваецца а 17.30. Газета выходзіць па пятніцах, таму матэрыялы пачынаюць здавацца на вычытку ў аўторак. З аўторка па чацвер у Наташы — гарачыя дні, бо прыходзіцца сядзець і правіць тэксты, якія напісалі журналісты. А, як кажа дзяўчына, журналісты ў гэтай газеце жудасна непісьменныя.

Па вечарах пасля працы Наташа старалася самаадукоўвацца. Чытала розныя даведнікі, новыя выданні. А яшчэ, пакуль жыла ў інтэрнаце, што-небудзь прыдумляла разам са сваёй суседкай па пакоі, якая, дарэчы, таксама працавала маладым спецыялістам.

Заробак у Наташы быў невялікі — 2 мільёны 300 тысяч. Грошы ішлі на тое, каб заплаціць за інтэрнат, купіць нешта паесці і набыць квіткі дадому, бо Наташа заўжды чакала пятніцы, каб паехаць да бацькоў.

Грошай, каб набыць сабе рэчы, дзяўчыне не хапала, таму вопратку ёй заўжды набывала маці. Каб падзарабіць, Наташа не толькі рэдагавала тэксты, але вырашыла і сама напісаць колькі артыкулаў у газету. Але калі пабачыла свой разліковы, то зразумела, што гэта фактычна ніяк не адбіваецца на яе заробку. Ганарар за адзін матэрыял быў не больш за пяцьдзясят тысяч рублёў.

Тым не менш, Наташа не скардзіцца. Бо гэта адпрацоўка прынесла ёй, можна сказаць, асабістае шчасце.

Прыйшла ў рэдакцыю і знайшла мужа

«Наташа, падзяліся сакрэтам, як жа ў першы год адпрацоўкі ты выйшла замуж?» — цікаўлюся я.

«Калі я прыйшла працаваць у рэдакцыю, усе маладыя супрацоўнікі былі ў адпачынках. І ў рэдакцыі засталіся толькі сталыя жанчыны, акрамя аднаго хлопца, Сяргея, які працаваў тэхнічным рэдактарам. Таму, можна сказаць, нам проста прыйшлося пачаць разам камунікаваць. І аказалася, што нам ёсць пра што паразмаўляць. Сяргей мне спадабаўся. Я, напэўна, яму таксама. Хутка мы ажаніліся».

На другім годзе адпрацоўкі, Наташа ўжо пайшла ў дэкрэтны адпачынак.

Слухаеш гісторыю Наташы і пераконваешся, што законы чалавечых лёсаў ніхто не адмяняў. «Калі выходзіла замуж, было такое адчуванне, што толькі за мужам у Чачэрск я і прыехала», — кажа дзяўчына.

Наташа не можа нічога кепскага сказаць ні пра кіраўніцтва рэдакцыі, ні пра калектыў, з якім давялося працаваць. Але прызналася шчыра, што працягваць працаваць там далей не хоча. Яна там не бачыць ніякіх перспектыў. Больш за тое, шмат ведаў, якія мела, па словах Наташы, яна наўпрост растраціла: «Калі раней, разглядаючы тэкст, я бачыла, якія фігуры там ужываюцца, то зараз мае навыкі пакрываюцца іржой. Раёнкам не патрэбны выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ са шматлікімі ведамі і ідэямі, ім патрэбны нехта папрасцей, рамеснікі».

Таму ўжо вырашана дакладна, што сям’я ў Чачэрску не застанецца. Пасля выхаду з адпачынку па доглядзе за дзіцём Наташа будзе далей шукаць працу па спецыяльнасці ў іншых рэдакцыях. Калі нічога не знойдзецца, то дзяўчына не супраць крыху адыйсці ад працы стылістычнага рэдактара.

Пазбягаць размеркавання ці не пазбягаць…

 «Калі ёсць магчымасць не ехаць у глыбінку, то лепш, канечне, не ехаць, — раіць усім студэнтам Наташа. — Хаця, канечне, газета газеце розніца. Калі ты пры вучобе меў досвед хаця б нейкай падпрацоўкі ў Мінску, то, з’ехаўшы ў глыбінку, ты дакладна расчаруешся. Лепш пастарацца дзесьці замацавацца ў сталіцы. Сталіца — гэта перспектыва, магчымасці прафесійнага і асабістага росту, пашыранае кола сяброў і, прынамсі, заробак, які пераважае 2 300 000…»

Магчыма, хтосьці не паго­дзіцца з Наташай. Але мне чамусьці падаецца, што гісторыя Наташы — усё ж такі прыклад удалага размеркавання. Замест таго, каб два гады жыць «ад пятніцы да пятніцы» і хадзіць у мясцовы кінатэатр як у адзіны сродак аддушыны, дзяўчына вучыцца цяпер быць добрай жонкай і гаспадыняй. Сама Наташа так і прызнаецца: «Мне пашанцавала, што я сустрэла Сяргея».

Дый хто ведае, дзе хаваецца шчасце кожнага? А раптам, яно чакае цябе таксама дзесьці ў самым далёкім куточку Беларусі?

Каментаваць