Пайшоў чацвёрты месяц: актывісты звярнуліся да Шорца наконт устаноўкі памятнай дошкі БНР

Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР звярнуўся да старшыні Мінгарвыканкама Андрэю Шорца з просьбай як мага хутчэй даць дазвол на ўстаноўку памятнай дошкі БНР у цэнтры Мінска.
Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org



Нагадаем, памятную дошку хочуць усталяваць на фасадзе дома № 9 на вуліцы Валадарскага, дзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата БНР. Дошку вылілі яшчэ 25 гадоў таму, але так і не ўсталявалі, за гэты час яна часткова разбурылася. Напярэдадні Дня Волі сталічныя ўлады нечакана адгукнуліся, і актывісты пачалі збор грошай і дакументаў на ўстаноўку новай да 25 сакавіка. Суму сабралі рэкордна хутка — за пару гадзін.

Вусна аргкамітэт атрымаў «дабро» выканкама, а выгляд гатовага выраба нават зацвердзіў мастацкі савет. Праблема ў адным: асноўны дакумент — дазвол — ніхто не выдае на рукі, піша tut.by.

У пачатку свайго звароту аўтары падзякавалі Шорца за садзейнічанне ў святкаванні 100-годдзя БНР, якое прайшло 25 сакавіка, і ва ўстаноўцы памятнага знака заснавальнікам БНР Луцкевічам.

«Але мы вымушаныя звярнуцца да Вас, шаноўны Андрэй Віктаравіч, у сувязі з тым, што зацягнулася канчатковае вырашэнне з усталяваннем ужо ўзгодненай з адпаведнымі органамі мемарыяльнай дошкі-шыльды ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР на доме ў Мінску па вул. Валадарскага, 9», — напісалі аўтары і паказалі, што мастсавет Мінкульта і Беларускі Саюз мастакоў аднадушна ўхвалілі праект мемарыяльнай дошкі.

«Былі выкананыя ўсе патрабаванні Мінгарвыканкама, каб можна было ўстанавіць названую шыльду. Нам незразумела, чаму Мінскі гарвыканкам не выканаў свайго рашэння пра ўсталяванне мемарыяльнай дошкі да гэтага часу. Мы чакаем як мага найхутчэйшага дазволу на яе прымацаванне ў вызначаным месцы»», — кажуць у аргкамітэце.

У звароце, які падпісалі старшыня аргкамітэта акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябра Партыі БНФ Аляксандр Жучкоў, святар Леанід Акаловіч, дэпутат Вярхоўнаг Савета 12-га склікання Лявон Баршчэўскі, таксама ўказаўна, што «было б лагічна», калі б вуліцу Валадарскага перайменавалі ў вуліцу імя братоў Луцкевічаў.

У Мінгарвыканкаме з нагоды звароту ніякіх каментароў не даюць, а на пытанне аб усталяванні дошкі, як і месяц таму, адказваюць: «Пытанне разглядаецца».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць