Пакажыце паэта!

      Адразу дзве скаргі наконт лёсу Уладзіміра Някляева былі пададзены 27 снежня. Яго калегі звярнуліся ў Генеральную пракуратуру, а жонка — у КДБ.

      “Мы патрабуем: пакажыце паэта! Мы хочам ведаць, што Някляеў жывы, — такі заклік адрасаваны генпракурору Рыгору Васілевічу. Пад скаргай падпісаліся паэты Сяргей Законнікаў і Алесь Разанаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратар Валянцін Акудовіч, кінарэжысёр Уладзімір Колас.



      Адразу дзве скаргі наконт лёсу Уладзіміра Някляева былі пададзены 27 снежня. Яго калегі звярнуліся ў Генеральную пракуратуру, а жонка — у КДБ.

      “Мы патрабуем: пакажыце паэта! Мы хочам ведаць, што Някляеў жывы, — такі заклік адрасаваны генпракурору Рыгору Васілевічу. Пад скаргай падпісаліся паэты Сяргей Законнікаў і Алесь Разанаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратар Валянцін Акудовіч, кінарэжысёр Уладзімір Колас.

      Яны патрабуюць вырашыць пытанне з наведваннем Някляева адвакатамі ў СІЗА КДБ. “На працягу сямі дзён аб Уладзіміры Някляеве няма ніякіх звестак, адвакатаў да яго не дапускаюць. Мы ведаем, што да арышту ён знаходзіўся ў цяжкім стане здароўя. Ён быў жорстка збіты, затым прымусова вывезены з бальніцы. У грамадстве распаўсюджваюцца чуткі, што ён памёр, — зазначана ў заяве.
 
      “Гэта беспрэцэдэнтна, — так расцэньвае Уладзімір Колас сітуацыю з Някляевым. Яго меркаванні — “самыя горшыя. “Напэўна, з ім нешта не так, — лічыць кінарэжысёр. —  І ў лепшым выпадку імкнуцца зараз палепшыць стан яго здароўя, як гэта было ў сталінскія і гітлераўскія часы, каб паказаць яго грамадству. І каб падтрымаць версію бязвіннасці сакрэтных службаў і ўвогуле рэжыма ў тым, што адбылося.

      Разам з калегамі мужа ў пракуратуру прыйшла Вольга Някляева. Яе патрабаванне аб сустрэчы з генпракурорам засталося без адказу. Жонка кандыдата ў прэзідэнты ўжо двойчы, 21 і 25 снежня, звярталася ў Генпракуратуру. Аднак, як зазначыла яна, супрацоўнікі гэтага ведамства “нічога не робяць: “Яны павінны выконваць свае абавязкі. А што яны тут робяць у такім разе? Калі не могуць забяспечыць самае элементарнае права на адваката.

      Пасля пракуратуры Вольга Някляева наведала КДБ і перадала скаргу на імя кіраўніка гэтага ведамства Вадзіма Зайцава. Яна патрабуе, каб ёй неадкладна паведамілі пра месцазнаходжанне мужа і дапусцілі да яго адваката. Скаргу прыняў супрацоўнік прыёмнай КДБ Сяргей Кайдуноў.

      “Яны ніякіх адказаў не даюць, — сказала жонка. — У мяне дагэтуль няма ніякіх звестак пра мужа. І да гэтай пары афіцыйна мне ніхто не пацвярджае, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ніхто з супрацоўнікаў КДБ мне не патэлефанаваў. І не прыйшло ніякага паведамлення хаця б нават па пошце.

      Нагадаем, што пра знаходжанне Някляева ў СІЗА КДБ паведаміў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 20 снежня. Вольга Някляева перадала мужу ежу і адзенне, але сумняецца, што яны дайшлі да адрасата. “Што тут сказаць? Папаў у лапы КДБ. І відаць, яны робяць усё магчымае, каб ізаляваць яго. І ціснуць. Чаго яны дабіваюцца, можна зразумець, — зазначыла яна.

      Калі адпаведнай рэакцыі на скаргі не будзе, то, як заявіла Вольга Някляева, яна збіраецца звярнуцца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

      Увесь час Вольгу Някляеву і тых, хто быў побач з ёй, суправаджалі і здымалі на відэа супрацоўнікі органаў у штацкім.
 

Каментаваць