Пакуль людзі пагаджаюцца на гандаль сваёй лаяльнасцю, нічога не зменіцца

На што абапіраюцца міністры МЗС краін Еўропы, калі прымаюць рашэнні пра ўвядзенні санкцый да дзяржавы, што ёсць фальклорам у знешняй палітыцы Славакіі і дзе для Беларусі стаіць мех грошай? Покрыва таямніцаў міжнароднай палітыкі для чытачоў “НЧ прыўздымае Аляксандр Дулеба — дырэктар Даследчага цэнтра славацкай асацыяцыі па знешняй палітыцы. Да ведама, спадар Дулеба ведае, як паўплываць на аўтарытарнага кіраўніка і колькі гэта каштуе.

Аргументы для санкцый



На што абапіраюцца міністры МЗС краін Еўропы, калі прымаюць рашэнні пра ўвядзенні санкцый да дзяржавы, што ёсць фальклорам у знешняй палітыцы Славакіі і дзе для Беларусі стаіць мех грошай? Покрыва таямніцаў міжнароднай палітыкі для чытачоў “НЧ прыўздымае Аляксандр Дулеба — дырэктар Даследчага цэнтра славацкай асацыяцыі па знешняй палітыцы. Да ведама, спадар Дулеба ведае, як паўплываць на аўтарытарнага кіраўніка і колькі гэта каштуе.

Аргументы для санкцый

— У ЕС паўстала пытанне эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. Я не буду расказваць вам дэталяў. Мы зрабілі аналіз, як можна было б супрацьпаставіць эканамічныя санкцыі рэжыму Лукашэнкі так, каб яны закранулі тую частку нафты, што паступае з Расіі. Міністр замежных спраў Славакіі (на пачатку красавіка ўрад Славакіі змяніўся — аўт.) Мікулаш Дзурында, калі была дыскусія наконт санкцый, меў падрыхтаваныя аргументы. Разглядаўся варыянт, каб ЕС адмовіўся ад нафтапрадуктаў, які выраблены з расійскай нафты, а не беларускай. У Беларусі дамова з Расіяй: калі перапрацоўваецца расійская нафта, то пошліна за экспарт нафтапрадуктаў ідзе ў бюджэт Расіі. І тут пытанне: ці можна раздзяліць гэтыя прадукты? Мы зрабілі аналіз па наменклатуры, што з нафтапрадуктаў можа мець беларускае паходжанне.

Калі б Еўрасаюз адмовіўся ад нафтапрадуктаў з Беларусі, то рэжым цягам месяцу не зрынуўся б толькі з гэтай прычыны. Але было б менш грошай, каб субсідаваць рэпрэсіўны апарат — гэта дакладна. Сума, якую раней Беларусь атрымлівала з перапродажу нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, даходзіла да двух мільярдаў долараў на год. Гэты быў чысты прыбытак, каб фінансаваць сістэму. Цяпер гэты даход Беларусі зменшыўся, мяркую, на дзве траціны.

У адным нашым часопісе выйшаў крытычны артыкул пра Беларусь. Прыйшоў ваш пасол і яго намеснік, прынеслі мне кучу папер, у якіх даводзілася, што ў Беларусі ўсё добра. Але хутка ў вас здарыўся эканамічны калапс, і мяне перасталі пераконваць у нечым адваротным.


Шанцы ў ЕС на рэальныя санкцыі

— Фактычна ўпершыню ЕС загаварыў пра магчымасць эканамічных санкцый, але з прыцэлам на тое, каб як мага менш пацярпела грамадзян Беларусі, і як мага больш прадстаўнікоў рэжыму. Мы зрабілі аналіз для МЗСа, і я ведаю, што яго выкарыстоўвалі. Заўжды можна памыліцца, вы ніколі не пралічыце ўсё да дробязяў. Але мы зрабілі ўсё магчымае, падрыхтавалі прымальную праграму. Праўда, цалкам нашы прапановы пакуль не былі прынятыя. У цэлым жа гэта была пазіцыя Славакіі. Ведаю, што іншыя міністры едуць на пасяджэнне ў Брусэль з падобнымі праграмамі, падрыхтаванымі аналітычнымі цэнтрамі. Адназначна падобныя рашэнні аб санкцыях не мусяць ударыць па іншых краінах Еўропы — Латвіі, Літве, таму мы імкнуліся звесці да мінімуму гэты ўплыў.

Прыняцце рашэнняў у рамках ЕС — палітычны працэс. Нават калі адна краіна будзе супраць, то нічога не атрымаецца. Мне цяжка гэта прадбачыць, тым больш цяпер з’явіліся навіны пра вызваленне некаторых палітвязняў. Калі тэндэнцыя будзе пазітыўнай, то наўрад ці з’явіцца палітычная воля для эканамічных санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі. Гэта быў бы крайні выпадак. Проста была пастаўленая тэма санкцый, якія б працавалі.


Пра шантаж межамі

— Ахова межаў, да шчасця, не залежыць толькі ад беларускай дзяржавы. Нядаўняя пагроза Беларусі зменшыць пільнасць памежнікаў на выездзе з краіны — наіўны шантаж. Плынь мігрантаў змяняецца. Адзін час у нас на мяжы з Украінай была бачная міграцыйная траса. Цяпер асноўная міграцыйная праблема на поўдні Еўропы.


Пагроза незалежнасці

— Беларусь — суверэнная дзяржава. Беларускі грамадзянін мае сваё ўяўленне пра тое, што такое годны лад жыцця. У прынцыпе, гэта анамалія — наяўнасць неэфектыўнага рэжыму, які атрымлівае субсідыі з Расіі. Нельга будаваць краіну толькі на нафце. Што прапануе Расія — мытны саюз. Але, каб лібералізаваць гандаль, Беларусь мусіць стаць сябрам Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Думаю, Беларусь адбылася як нацыянальная дзяржава. Была ідэя падключыць інструмент “Усходняга партнёрства, ды гэта не працуе. Адзінае, дзе ходзяць прадстаўнікі Беларусі, — розныя платформы, датычныя грамадзянскай супольнасці. Я разумею феномен Уладзіміра Меч’яра (адны называюць яго Лукашэнкам на Дунаі, іншыя — Маці Тэрэзай у параўнанні з беларускім кіраўніком — аўт.), але феномен Лукашэнкі іншы. Нам пашанцавала, што ў нас былі зачэпкі на Еўрасаюз — падпісаная асацыятыўная дамова 1992 года.


Ад каго залежаць перамены?

— Перамены залежаць толькі ад грамадзян Беларусі. У нас таксама была знешняя падтрымка, але калі б не было мабілізацыі 1998 года... Гэта былі выбары, але дэ-факта рэвалюцыя — мы ўсе запісваліся на ўчасткі назіраць за выбарамі, сядзелі там штоноч, сачылі, каб не было махлярстваў.

Годнае жыццё — вось крытэр стабільнасці ў дзяржаве. Каір — там выйшлі маладыя бедныя людзі, якія не бачаць прымянення сваім здольнасцям. Масква — сярэдні клас, які не хоча прымаць сістэму. Мусіць быць крытычная маса. Можа быць падтрымка знешняя, але калі ўнутры краіны няма разумення: “Гэта мая краіна, я хачу, каб тут працавалі такія і такія правілы, тут будуць жыць мае дзеці, калі не будзе разумення годнага жыцця, то нічога не будзе. Пакуль людзі пагаджаюцца на тое, што рэжым купляе іх лаяльнасць, то нічога не зменіцца.

Змена ўлады знутры, з акружэння Лукашэнкі, не магчымая. Гэтая сістэма скончыцца разам з Лукашэнкам. Таму такі варыянт змены ўлады папросту бессэнсоўны.


Еўрапейскі мех грошай для Лукашэнкі

— Думаю, у Лукашэнкі праблема такая ж, як і ў многіх іншых палітычных лідараў, — недахоп сродкаў. Для Беларусі стаіць мех грошай, іх урад можа атрымаць ад Еўрасаюза. Лукашэнка традыцыйна манеўруе — то на Усход, то ў Еўропу. Аб’ём фінансавання з боку Расіі ўжо скараціўся, і ён вымушаны глядзець на іншыя метады атрымання грошай. З боку Расіі ўжо не бачна вялікіх перспектыў. І ён, як любы палітык, разумее, што патрэбна будучыня. Ён не дурань, і чаму б не зрабіць нейкія крокі, калі тут напагатове стаіць мех грошай. Мяркую, цягам паўгода Лукашэнка выпусціць палітвязняў на свабоду. Нават сто мільёнаў еўра ад ЕС — лепш, чым нічога.


Фальклор знешняй палітыкі Славакіі

— Да шчасця, ёсць кансенсус па двух пытаннях знешняй палітыкі Славакіі незалежна ад таго, якога колеру ў нас урад. Першае: Заходнія Балканы — Косава, Сербія. Палітыка — гэта значыць, вы заўжды несяце адказнасць за тое, што зроблена. У нас з сербамі былі добрыя адносіны. Пасля таго, як Славакія пачала рэалізоўваць палітыку дапамогі іншым краінам, 70% грошай ішло ў Сербію. У нас была моцная хваля зацікаўленасці ў інтэграцыі з ЕС. Мікулаш Дзурында за два месяцы зрабіў 16 візітаў, то бок здзейсніў тое, што Меч’яр не мог зрабіць за гады свайго кіраўніцтва. (У 1998 годзе апазіцыйныя партыі перамаглі на выбарах, і Дзурында стаў прэм’ер-міністрам, а таксама выконваў абавязкі прэзідэнта да абрання на гэту пасаду Рудольфа Шустэра — аўт.)

Праграма “Усходняе партнёрства — гэта тычыцца ў асноўным Украіны, бо яна з намі мяжуе. У 2003 годзе рабілі аналіз, які паказаў, што калі б Украіна ўвайшла ў ЕС, то гандлёвы абарот паміж нашымі краінамі павялічыўся б мінімум у два-тры разы, гэта дало б штуршок да развіцця бедных усходніх рэгіёнаў нашай дзяржавы. Таму ёсць разуменне — гэта прыярытэт Славакіі. У Роберта Фіца, цяперашняга прэм’ер-міністра Славакіі, своеасаблівы падыход да Расіі. Павестка дня паміж Расіяй і Славакіяй звужаецца, хаця мы традыцыйна русафілы, мы прыдумалі ідэю панславізму, гэта абсалютна іншы падыход, чым у палякаў. Каб зразумець адносіны славакаў да Расіі, трэба прачытаць кнігу Людавіта Штура “Славянства і свет будучыні (1909 г.). Гэта было першае пакаленне палітыкаў, якія прыйшлі з нацыянальнымі праграмамі. Асноўны мэсідж гэтай кнігі — Расія патрэбная нам тут, фактар Расіі ў цэнтры Еўропы дапамагае. На славацкай мове гэтая кніга выйшла толькі ў 1995 годзе, але яна стала настольнай кнігай для пакалення славацкай палітычнай эліты.

Калі Уладзімір Меч’яр праваліўся, то Роберт Фіца падняў карту Расіі проста так. Дзурында ўпершыню паехаў у Расію ў 2004 годзе, хаця быў прэм’ерам ад 1998-га. Цяпер Фіца можа паехаць у Расію, і будзе гаварыць там пра новы славянскі саюз. Але гэта рыторыка, фальклор славацкай знешняй палітыкі. Нашы нацыянальныя інтарэсы — гэта Украіна і Еўрасаюз.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------
Даследчы цэнтр славацкай асацыяцыі па знешняй палітыцы
Арганізацыя ўтварылася ў 1993 годзе групай былых чэхаславацкіх дыпламатаў, якія паходзілі са Славакіі. У асноўным гэты былі людзі, што прыйшлі ў дыпламатыю пасля аксамітнай рэвалюцыі.
Дзяржава мусіць мець знешнюю палітыку. Славакія была новай дзяржавай. Ідэя стварэння Асацыяцыі па знешняй палітыцы палягала ў тым, каб стварыць публічны дыскурс знешняй палітыкі Славакіі. Давесці да грамадзян краіны, чыноўнікаў, што гэта справа не толькі ўладных калідораў. Цяпер эксперты даследчага цэнтру робяць прыкладны аналіз па пытаннях, што маюць непасрэднае дачыненне да знешняй палітыкі Славакіі. Супрацоўнічаюць з МЗС Славакіі.

Каментаваць