Палітычны планерызм

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся наконт немэтазгоднасці праводзіць знешнюю палітыку ў адным кірунку. Тэза пра шматвектарнасць перыядычна гучыць у прамовах беларускага лідэра цягам апошніх гадоў, але сябрамі і партнёрамі па-ранейшаму з’яўляецца Расія, краіны Блізкага Усходу, Венесуэла. Стасункі з Захадам трымаюцца на ўзроўні асобных праектаў, якія часта носяць гуманітарны характар.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся наконт немэтазгоднасці праводзіць знешнюю палітыку ў адным кірунку. Тэза пра шматвектарнасць перыядычна гучыць у прамовах беларускага лідэра цягам апошніх гадоў, але сябрамі і партнёрамі па-ранейшаму з’яўляецца Расія, краіны Блізкага Усходу, Венесуэла. Стасункі з Захадам трымаюцца на ўзроўні асобных праектаў, якія часта носяць гуманітарны характар.

Нягледзячы на шматвектарнасць у знешняй палітыцы, «мы неяк нахіліліся на адно крыло», сказаў 28 верасня Аляксандр Лукашэнка, ацэньваючы ўзаемаадносіны Беларусі з сусветнай супольнасцю.

«Беларусь пры выбудоўванні знешняй палітыкі зыходзіць з таго, што яе інтарэсы не павінны быць у шкоду суседнім дзяржавам і ўсяму свету. Мы ні з кім ваяваць не будзем. Мы вельмі акуратныя ў дачыненні да сваіх суседзяў і праводзім такую палітыку, каб яна не была ў шкоду ім», — растлумачыў прынцыпы знешнепалітычных стасункаў Лукашэнка.

Расійскі накірунак цягам апошніх двух гадоў з плоскасці палітычнай плаўна перацёк у плоскасць эканамічную. Калі раней гэтыя складнікі дапаўнялі адзін аднаго, то цяпер беларуска-расійская палітыка скацілася да міжасабовых разборак палітычных лідэраў. Беларусь хацела б атрымліваць па завядзёнцы расійскія рэсурсы па максімальна нізкіх цэнах і ў той жа час мінімальна ўлічваць геапалітычныя інтарэсы Расіі. Прыгадаць хаця б тое, што Беларусь так і не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а Расія на гэта спадзявалася. Расійскі вектар апошнім часам трымаецца на палітычных скандалах і эканамічных супярэчнасцях, што быццам і ёсць дэманстрацыяй шматвектарнасці.

Падвысілі расіяне пошліны на нафту — будзем вазіць яе з Венесуэлы. Гэта новаўвядзенне з раздражненнем і скепсісам успрынялі па ўсходні бок мяжы. Урад Беларусі тым часам дачакаўся першых партый нафты з-за акіяну і працягвае шукаць партнёраў у прыморскіх дзяржавах, каб перагружаць нафту з танкераў у нафтаправоды. Цяпер Беларусь праз Вентспілс ажыццяўляе транзіт нафтапрадуктаў, прадукцыі металургічных кампаній і прадпрыемстваў цяжкага машынабудавання. Абмяркоўваюцца і магчымасці нарасціць аб’ёмы транспарціроўкі праз латвійскія парты калійных угнаенняў.

Агулам лацінаамерыканскі напрамак і сябра Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес — гэта асобная песня ў міжнародных справах Беларусі. Палітычныя лідэры гэтых краін наведваюць адзін аднаго з сяброўска-дзелавымі візітамі, а венесуэльскія справы курыруе паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Апроч сельгастэхнікі, тэхналогій, будаўнічых праектаў, Беларусь разлічваецца за заакіянскую нафту і вайсковымі тэхналогіямі. Яшчэ ў сакавіку, выступаючы ў Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў Уга Чавесу падзяліцца досведам стварэння сістэмнай абароны дзяржавы. Калі простымі словамі, то размова ідзе пра пастаўкі зброі.

Нафта і зброя — вось апора і аснова міжурадавага сяброўства з Беларуссю. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка наведае з афіцыйным візітам Іран — яшчэ адну краіну, з якой Беларусь развівае сваю шматвектарнасць. Чакаецца, што падчас візіту будзе абмяркоўвацца далейшае развіццё супрацоўніцтва ў гандлёвай, машынабудаўнічай, прамысловай і энергетычнай сферах. Таксама падчас візіту будзе здадзенае для прамысловай здабычы нафтавае радовішча «Джафір». Кантракт пра яго развіццё паміж Іранам і Беларуссю быў падпісаны яшчэ ў 2007 годзе. Раней першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка гаварыў, што на першы час плануецца здабываць блізу 1,5 мільярда тон іранскай нафты. Сяброўства з Іранам, праўда, не робіць вялікага гонару Беларусі. Але, як кажуць, рыбак рыбака бачыць здалёк.

Яшчэ адзін сябар з Усходу — кіраўнік Вялікай лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі. Да яго з афіцыйны візітам прыязджаў міністр абароны Юрый Жадобін, Беларусь і Лівія падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне абароны, у 2009 годзе за вайсковымі вучэннямі «Захад–2009» у Беларусі назіраў сын Муамара Хаміс Кадафі, які з’яўляецца камандзірам асобнай узмоцненай брыгады лівійскай арміі. Зразумела, што беларуска-лівійскае супрацоўніцтва хіліцца не ў бок нана-тэхналогій.

Што да вектару еўрапейскага, які мусіў бы быць грунтоўным, калі сыходзіць з геаграфічнага размяшчэння Беларусі, то апроч удзелу ў праграме «Усходняе партнёрства» значных дасягненняў няма. Застаюцца візавыя санкцыі для некаторых чыноўнікаў, прыток еўрапейскага капіталу тармозяць складаныя ўмовы вядзення бізнесу, адсутнасць механізму прыватызацыі і не самы лепшы імідж краіны. У жніўні падчас нарады Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, што прыток прамых інвестыцый у 2010 годзе апусціўся ніжэй за ўзровень мінулага года.

Ключавая мэта «Усходняга партнёрства» — набліжэнне шасці постсавецкіх краін да Еўрапейскага саюза. Беларусь за паўтары гады не пасунулася ў гэтым кірунку. Застаюцца дарагія візы, праблемы з прагрэсам дэмакратыі, лабіраваць інтарэсы Беларусі (а не ўраду Беларусі) спрабуюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Аднак яны выключаныя з унутрыпалітычнага працэсу, і, адпаведна, атрымліваецца збольшага размова міма вушэй беларускага ўраду.

«Саступкі Еўрасаюзу змяніліся спробамі аднавіць палітыку абумоўленасці ў дачыненні да ўраду Лукашэнкі... Але першапачатковая непрынцыповасць і непаслядоўнасць палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі прывяла да дыпламатычнага тупіку. Для выхаду з яго Еўрасаюзу неабходна вызначыцца з мэтамі дыялогу з Беларуссю: калі галоўнай мэтай ёсць доўгатэрміновая палітыка ўцягвання, тады такая непаслядоўнасць у дзеяннях малазразумелая; калі гаворка ідзе пра спробу змены палітычнага рэжыму або яго ізаляцыю — то дзеянні Бруселю з’яўляюцца недастатковымі і неэфектыўнымі», — выказваецца палітолаг Дзяніс Мельянцоў наконт дзейснай палітыкі ЕС у адносінах з Беларуссю.

Каментаваць