Палітычны сон пад высокім градусам

Кажуць, што прагрэс на Усход прыйшоў пасля таго, як вынайшлі кандыцыянеры. Відаць, спёка ўсё ж і праўда не спрыяе працы шэрага рэчыва. Топ-навіной летніх месяцаў сталася спёка, але ніяк не актыўныя дзеянні напярэдадні падзей, што мусяць вызначыць лёс Беларусі як мінімум на бліжэйшыя гады.

Кажуць, што прагрэс на Усход прыйшоў пасля таго, як вынайшлі кандыцыянеры. Відаць, спёка ўсё ж і праўда не спрыяе працы шэрага рэчыва. Топ-навіной летніх месяцаў сталася спёка, але ніяк не актыўныя дзеянні напярэдадні падзей, што мусяць вызначыць лёс Беларусі як мінімум на бліжэйшыя гады.

Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца ўсё менш часу, але з чым Беларусь увайшла ў летні перыяд, з тым і выходзіць з яго. Няма ні дамоўленасці наконт адзінага кандыдата ад апазіцыі, ні скаардынаванай праграмы дзеянняў. Няма і выразных партрэтаў патэнцыйных кандыдатаў на месца ў Чырвоным доме па вуліцы Карла Маркса. З усіх заяўленых прэтэндэнтаў у кандыдаты бадай што найбольш актыўна паводзіць сябе лідэр кампаніі “Гавары праўду! паэт Уладзімір Някляеў — сустрэчы з людзьмі ладзіць, заявы ў міністэрствы рыхтуе. Ад таго і ў беларускай незалежнай прэсе часцей узгадваецца. На іх тле Някляеў выглядае энергічным і неабыякавым. Паездкі па рэгіёнах — паспяховая стратэгія мінулай перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча — таксама пакуль выкарыстоўваюцца толькі паэтам, які рынуўся ў палітыку.

Яшчэ адзін прэтэндэнт з амбіцыямі, які ад пачатку пазіцыянаваўся як моцны палітык — Андрэй Саннікаў, — цягам лета зарэкамендаваў сябе хіба што як арганізатар чарговай акцыі салідарнасці 16 жніўня. Што праўда, прыйшло не дзесятак чалавек, як тое часцяком бывае, а паўтары сотні.

Астатнія “маладыя і перспектыўныя, відаць, ці вялі падпольную працу, ці папросту адпачывалі пад шчодрым сёлетнім сонцам. На гэтым тыдні кіраўнік Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч паспрабаваў зладзіць “круглы стол па вылучэнні “адзінага, але кандыдаты дружна праігнаравалі гэта мерапрыемства. У выніку ў намеснікаў прэтэндэнтаў на ролі ў будучай палітычнай дзеі атрымалася прыняць Заяву аб каардынацыі сумесных дзеянняў падчас выбарчай кампаніі. Пагадненне прадугледжвае каардынацыю вылучэння людзей у выбарчыя камісіі ды агульны заклік выходзіць на Плошчу пасля выбараў. Як гэта будзе на практыцы, пакажа час.

Вызначыцца з персонай адзінага кандыдата ад апазіцыі паспрабавала Рада беларускай інтэлігенцыі. Але спіс палітыкаў, падрыхтаваны ёй, чамусьці аказаўся скарочаным. У выніку кампетэнцыя гэтай ініцыятывы патрапіла пад сумневы і ад паслуг Рады інтэлігенцыі палітыкі вырашылі адмовіцца.

Тым часам дзеючы кіраўнік Беларусі няспешна рыхтуе глебу да сваёй выбарчай кампаніі: у жніўні крыху падвысілі пенсіі, цяпер чакаецца падвышэнне стыпендый, і наконт заробку ў 500 долараў Лукашэнка быццам бы не перадумаў. А інтэрнэт-рэсур “Белпартызан распаўсюдзіў чутку, што ў сістэме МУС у адпачынкі восенню адпускаць не будуць. Быццам бы выбары могуць прайсці напрыканцы лістапада, і ўжо з кастрычніка асабісты склад міліцыі будзе пераведзены на рэжым узмоцненага нясення службы.

Рашэнне для паліцэйскай дзяржавы лагічнае, тым больш, што цяпер Адміністрацыя Лукашэнкі займела апанентаў не толькі ў стане некансалідаванай унутранай апазіцыі, але і па-за ўсходнімі межамі — у Маскве. Інфармацыйныя войны паміж Расіяй і Беларуссю не паслабляюцца, да таго ж памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька нават паабяцаў агучыць кампрамат на Лукашэнку ды даказаць непаслядоўнасць беларускага лідэра. Хаця што тут даказваць, калі ўдумліваму чалавеку і без Прыходзькі зразумелая тактыка знешняй палітыкі Аляксандра Рыгоравіча — вужом на патэльні звівацца ды спонсараў шукаць.

Трэба прызнаць, што “развод паміж Мінскам і Масквой многія ўспрымаюць пазітыўна, маўляў, нарэшце Лукашэнка страціць моцную падтрымку Расіі. Але наіўна спадзявацца, што ў Крамлі плануюць падтрымаць палітыка, які будзе адстойваць суверэнітэт Беларусі ды імкнуцца да рэформаў. Расія паступова страчвае ўплыў на тэрыторыях, якія належалі ёй на працягу дзесяцігоддзяў, і наўрад ці яе кіраўніцтву імпануе ідэя займець незгаворлівых ды ідэйна чужых калегаў у Адміністрацыі на Карла Маркса.

Кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі прапануе разгледзець варыянт развіцця падзей, калі Масква адасобіцца непасрэдна ад прэзідэнцкай кампаніі, а затым ужо заявіць, што выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным стандартам. Пасля гэтага пазбаўленае легітымнасці кіраўніцтва Беларусі, каб захаваць уладу, будзе вымушана праявіць гнуткасць цыркавога акрабата, каб прагнуцца пад маскоўскае кіраўніцтва. Сілавых сцэнараў пакуль ніхто не прадказвае. Усё ж Беларусь — не азіяцкая краіна, ментальнасць у людзей іншая, і бішкекскія падзеі паўтараць пад бокам ЕС не выпадае.

Сацыёлаг Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Аляксандр Сасноў зазначыў, што, паводле апошняга даследавання, 62% апытаных падтрымалі тэзу пра тое, што Беларусі патрэбныя перамены. Эксперт лічыць, што гэта ўскосны паказчык пратэстных настрояў.

“Цяжка гаварыць пра гатоўнасць да радыкальных дзеянняў нацыі агулам. Але асобныя групы могуць праявіць сваю незадаволенасць сітуацыяй, — заўважае Сасноў. Беларусы не хочуць падвышэння коштаў тавараў, росту камунальных тарыфаў, спаду вытворчасці, але ўдзельнічаць у мітынгах і страйках гатовыя не больш за 10 працэнтаў рэспандэнтаў.

У каментарах да чэрвеньскага апытання НІСЭПД эксперты адзначаюць паніжэнне ўзроўняў страхаў амаль да дакрызіснага ўзроўню. Тлумачаць гэта тым, што сацыяльныя выплаты, узмоцненыя прапагандай, паўплывалі на свядомасць людзей. Калі да моманту галасавання ўлада зможа ўтрымаць набраны тэмп, то ў ЦВК не паўстане адмысловых праблем з падлікам галасоў. Сацыяльныя індэксы ўпершыню за апошнія гады не зафіксавалі адназначнай тэндэнцыі ў дынаміцы грамадскіх настрояў. Займацца прагнозамі становіцца ўсё складаней.

Каментаваць