Палітычныя залевы ў субтрапічнай Беларусі

Хочацца таго ці не, але набліжэнне ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў адчуваецца ўсё больш. Прычым не столькі праз гульні на ўнутрыпалітычным полі, колькі праз знешнія чыннікі. Адным з моцных пацвярджэнняў гэтаму з’яўляецца сапраўдная інфармацыйная вайна, якую развязалі расійскія мас-медыя з падачы (у чым можна не сумнявацца) Крамля.

Хочацца таго ці не, але набліжэнне ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў адчуваецца ўсё больш. Прычым не столькі праз гульні на ўнутрыпалітычным полі, колькі праз знешнія чыннікі. Адным з моцных пацвярджэнняў гэтаму з’яўляецца сапраўдная інфармацыйная вайна, якую развязалі расійскія мас-медыя з падачы (у чым можна не сумнявацца) Крамля.

Залпавы ўдар па афіцыйнаму Мінску ў асобе дзейнага беларускага прэзідэнта быў нанесены як з выкарыстаннем тэлебачання, так і буйных друкаваных выданняў. Чаго вартыя толькі ўспаміны былога галоўнага рэдактара «Известий» Уладзіміра Мамантава пра свой візіт у Беларусь у складзе расійскага медыядэсанту і сустрэчу з беларускім прэзідэнтам у артыкуле «Лукоблудие».

Сама назва публікацыі патыхае непрыхаваным хамствам, а масіраванасць і разнастайнасць атакі сведчаць пра палітычную замову з боку вышэйшага расійскага кіраўніцтва.

Эксперт Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валеры Карбалевіч адзначае, што гэта інфармацыйная вайна ёсць сведчаннем таго, што Расія больш не мае дастатковых і рэальных рычагоў уплыву на афіцыйны Мінск.

«Парадокс у тым (і наўрад ці гэта да канца ўсведамляюць у Маскве), што абмежаванасць уплыву Расіі на Беларусь у значнай ступені ёсць вынікам усёй папярэдняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, — нагадвае палітолаг. — Масква стварала міжнародны дах, абараняла Мінск ад крытыкі Захаду, міжнародных арганізацый. У выніку наступіў момант, калі Расія стала заложніцай уласнай палітыкі. Аказалася, што краіна, якая па сацыякультурнай блізкасці, структуры эканомікі і знешняга гандлю, логіцы саюзніцкіх стасункаў павінна быць самай залежнай ад Расіі, у рэальнасці стала дзяржавай, на якую Масква мае найменшы ўплыў».

Эксперты прадказваюць, што фільм «Хросны бацька», паказаны па НТВ, а таксама публікацыі ў расійскіх газетах з’яўляюцца толькі «пробаю пяра», а сапраўдная «інфармацыйная вайна» пачнецца з набліжэннем саміх выбараў кіраўніка Беларусі.

Дарэчы, гэта вайна магла б быць увогуле не заўважанай тутэйшым электаратам, каб не БРСМ. Флэшмоб, які зладзілі бээрэсэмаўцы ля Камароўскага рынку ў беларускай сталіцы, па духу нічым не быў лепшым за тое, што зрабілі аўтары стужкі, супраць якой праводзілася гэтая акцыя. Справа ў тым, што ў Беларусі фільм не ўбачылі, бо з эфірнай сеткі «НТВ-Беларусь» яго папросту выкінулі. А вось акцыя БРСМ прыцягнула да гэтага антыпрэзідэнцкага «твору» такую ўвагу, што ў інтэрнэце яго паглядзелі ўжо больш за 200 тысяч чалавек, і колькасць жадаючых толькі павялічваецца.

А ў іншым геаграфічным баку — я маю на ўвазе на Захадзе — зноў пачалі заўважаць, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека. ЗША заклікаюць Беларусь прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з абавязацельствамі ў рамках АБСЕ. Пра гэта казаў пастаянны прадстаўнік Злучаных Шатаў у Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Іен Келі падчас выступу перад Пастаяннай радай арганізацыі 13 ліпеня.

Па словах Келі, ЗША занепакоены ціскам на апазіцыю і незалежныя СМІ ў Беларусі. «Пасля некаторых паляпшэнняў у канцы 2008 года мы з жалем адзначаем, што ў далейшым адбывалася толькі парушэнне нормаў АБСЕ», — падкрэсліў прадстаўнік ЗША.

Паводле яго словаў, асаблівую заклапочанасць выклікае напад 8 ліпеня на актывіста «Маладой Беларусі» Артура Фінькевіча пасля наведвання ім амбасады ЗША, папярэджанне двум журналістам «Радыё Свабода» за працу без акрэдытацыі, затрыманне 9 ліпеня ў Віцебску апазіцыйнага актывіста Сяргея Каваленкі, допыты журналіста сайта «Хартыі’97» Наталлі Радзінай. Амерыканец таксама нагадаў пра не адменены да гэтага часу артыкул 193 прым. Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Падаецца, што ў з боку Захаду з прыбліжэннем прэзідэнцкіх выбараў будзе надавацца больш увагі таму, што адбываецца ў нашай краіне.

А ў краіне тым часам адбываецца самае галоўнае, з пункту гледжання ўладаў, культурнае мерапрыемства года — «Славянскі базар у Віцебску». Адкрыццё фестывалю наведаў Аляксандр Лукашэнка, які назваў «Славянскі базар у Віцебску» не толькі важнай культурнай, але палітычнай падзеяй. Адразу са «Славянскага базару» беларускі кіраўнік скіраваўся ў Крым — на юбілей свайго ўкраінскага калегі Віктара Януковіча (фармальна, праўда, мэтай паездкі з’яўляўся ўдзел у нефармальным, пардон за каламбур, саміце СНД, які працягваўся ўсяго толькі пятнаццаць хвілін і на які прыехалі ажно шэсць (!) прэзідэнтаў краін-удзельніц Садружнасці).

Але там адбылася падзея, якую мала хто заўважыў: Аляксандр Лукашэнка ў Крыме сустрэўся з прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. Як паведаміла інтэрнэт-выданне «Грузія — Online», «на сустрэчы прэзідэнты абмеркавалі двухбаковыя палітычныя і эканамічныя зносіны». «Міхаіл Саакашвілі і Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначылі паглыбленне адносінаў на ўзроўні грамадскіх груп, асабліва на ўзроўні моладзі і паміж бізнес-групамі», — піша «Грузія — Online». У Грузіі лічаць, што пасля прарыву ў дыпламатычных адносінах з Захадам гэта ёсць пачатак новага этапу ў дачыненнях з краінамі СНД, якія зведваюць ціск з боку Расіі.

Як бачым, беларускі кіраўнік і тут знайшоў магчымасць пайграць на нервах у Крамля, для якога грузінскі прэзідэнт, бадай, вораг нумар адзін пасля падзеяў жніўня 2008 года.

А тым часам хатняя параза ад зборнай каманды Нідэрландаў у Кубку Дэвіса яшчэ больш пагоршыла рэйтынг беларускіх тэнісістаў. Нашы «майстры вялікай ракеткі» апусціліся з 42 на 46 месца, а колькасць набраных імі пунктаў зменшылася з 560 да 480. Застаецца спадзявацца на поспехі на кортах нашых дзяўчат, якія ўсё больш гучна заяўляюць пра сябе на міжнароднай тэніснай арэне.

Аднак як усё ж мяняецца клімат. Такіх залеваў, якія мы маем апошнія два гады, яшчэ гадоў дзесяць таму нават уявіць сабе не было магчыма. Ужо стала «добрай» традыцыяй, калі ў выніку моцнага дажджу беларуская сталіцы пускаецца ў заплыў у літаральным сэнсе гэтага слова. Мне шчыра шкада, напрыклад, супрацоўнікаў крамаў і кавярняў у раёне Старога гораду (вуліцы Няміга, Інтэрнацыянальная, Камсамольская і многія іншыя), якія поўнасцю заліваюцца праз тое, што калектары ў Мінску даўно не адпавядаюць сучасным патрабаванням і не спраўляюцца з аб’ёмамі дажджавой вады.

Даводзілася бачыць, як цяжкія каналізацыйныя люкі, бы папяровыя аркушыкі, узляталі ў паветра пад моцнымі вадзянымі напорамі, а самі вуліцы за пару хвілін ператвараліся ў каналы-рэкі. І хоць гарадскія чыноўнікі абяцаюць мінчукам новыя калектары, але з прычыны вельмі вялікіх коштаў неабходных прац і тэхнічных складанасцяў можна смела прадказваць, што «плаваць» сталіца будзе яшчэ не адзін год. Так што залевы палітычныя ў нашай краіне вельмі добра суседнічаюць з залевамі прыроднымі. І тыя, і другія, часам, вельмі непрыемныя. А вось клімат у Беларусі ўсё больш нагадвае субтропікі, пра што кажуць нават спецыялісты. Дарэчы, сёлетні ліпень, па ацэнках метэаролагаў, можа стаць самым спякотным за апошнія паўстагоддзя.

 

Каментаваць