Палітыка, маркетынг і прыгожыя дзяўчыны

Мінулы тыдзень парадаваў некалькімі днямі не па восеньскі добрага надвор’я, папесціў тузінам самых прыгожых дзяўчат з усяго свету і здзівіў несуадносным захапленнем ад візіту прэзідэнта ў Вільню.



Мінулы тыдзень парадаваў некалькімі днямі не па восеньскі добрага надвор’я, папесціў тузінам самых прыгожых дзяўчат з усяго свету і здзівіў несуадносным захапленнем ад візіту прэзідэнта ў Вільню.

Безумоўна, самай гучнай падзеяй стаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Літву. Гучнай не па выніках, а па шуму і колькасці каментараў вакол яго. Здавалася б, шараговая працоўная паездка ў суседнюю краіну, падчас якой нават ніякіх значных дакументаў не было падпісана. Аднак… За столькі гадоў — і вось нарэшце яшчэ адзін візіт у Еўрасаюз, хай сабе і ўсяго за 200 кіламетраў. І сустрэча з літоўскім прэзідэнтам, дарэчы, прыгожай і разумнай жанчынай. “Я вас прашу, падтрымайце свайго прэзідэнта, — звярнуўся расчулены Лукашэнка да літоўцаў. Дзяржаўныя тэлеканалы ледзь не захлёбваліся ад захаплення: вось прэзідэнты сустракаюцца і размаўляюць, вось Лукашэнку вітаюць на эканамічным форуме, а вось яго сустракаюць узрушаныя жыхары Вільні. І калі прыглядзецца да Лукашэнкі, можна заўважыць, што праз нервовую засцярогу вачэй раз-пораз прабіваецца амаль дзіцячае захапленне. Яму там падабаецца… Бо там няма азіяцкай ліслівасці і рускай нахрапістасці, там — усё ж Еўропа. І не далёкая чужая Італія, а такая блізкая і родная Літва, Вільня. “Давайце будзем дапамагаць адзін аднаму, будзем разам, як калісьці, — прарвалася ў Лукашэнкі. І чамусьці падумалася не пра СССР, а пра часы Вялікага княства Літоўскага. Эх, мары, мары…

А між тым, чаго, як не дзіўна, не ўбачылі дзяржаўныя СМІ, не ўсе ў Літве так радасна сустрэлі прэзідэнта Беларусі. Раніцай 16 верасня, перад пачаткам перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Далі Грыбаўскайтэ, каля будынка рабочай рэзідэнцыі прэзідэнта Літвы прайшоў пікет. Прыкладна 15 прадстаўнікоў беларускай дыяспары выступалі супраць візіту Лукашэнкі ў Літву. Удзельнікі пікета заявілі, што яны выступаюць за наладжванне партнёрскіх сувязяў з Беларуссю, аднак супраць парушэнняў правоў чалавека ў краіне. Адначасова літоўскія сацыял-дэмакраты і маладыя хрысціяне пікетавалі беларускае пасольства ў Вільні. Паліцыя не перашкаджала правядзенню акцый і нікога не затрымлівала.

Чаго не скажаш пра беларускую міліцыю. Увечары ўсё таго ж 16 верасня ахоўнікі правапарадку разагналі на Кастрычніцкай плошчы Мінска акцыю да 10-годдзя знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. У 18 гадзін прыкладна 20 чалавек сталі на краі плошчы ўздоўж праспекта Незалежнасці ў ланцуг. Яны трымалі партрэты зніклых палітыкаў, а таксама расцяжку з надпісам "Памятаем". Практычна адразу ж удзельнікаў акцыі блакіравалі супрацоўнікі міліцэйскага спецназу, адгарадзіўшы іх ад праезнай часткі праспекта. Некалькі хвілін праз гукаўзмацняльнік адзін з міліцэйскіх чыноўнікаў папярэджваў актывістаў апазіцыі пра незаконнасць акцыі. Затым на Кастрычніцкую плошчу пад’ехалі некалькі міліцэйскіх аўтобусаў, куды ўсіх удзельнікаў акцыі міліцыянеры заштурхалі з прымяненнем сілы. Сярод затрыманых былі Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, Яўген Афнагель, Дзмітрый Дашкевіч і іншыя актывісты апазіцыі. Міліцыя таксама перашкаджала журналістам праводзіць фота- і відэаздымку. Затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС сталіцы, адкуль праз некалькі гадзін адпусцілі.

Ці то Куляшоў тэлевізар не глядзіць і не ведае, што мы ўжо ў Еўропе, ці спецыяльна прэзідэнту перашкаджае, ці не можа дапусціць канкурэнцыі нават з памяццю былога, але дасюль паважанага міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. А можа гэта ўсё тыя ж мары пра дэмакратычную Беларусь засцілаюць мне вочы, каб не бачыць, што нічога не змяняецца.

Амаль такім жа па значнасці, як візіт Лукашэнкі ў Літву, можна лічыць візіт Траўта ў Беларусь. Джэк Траўт — амерыканскі бізнес-кансультант, аўтар больш чым дзесятка кніг па маркетынгу. Беларускае рэйтынгавае агенцтва "Сёмы сантыметр" каля паўгода вяло перамовы з Джэкам пра яго прыезд у Мінск. Ягоным візітам скарысталіся арганізатары з іншых краін рэгіёну, запрасіўшы маркетолага, сярод іншага, у Маскву ды Алматы. У Мінску адбыўся майстар-клас сусветна вядомага маркетолага Джэка Траўта. Прадстаўнікі беларускага бізнесу маглі абмеркаваць з гуру бізнес-стратэгіі становішча сваіх кампаніяў на рынку. Але не скарысталіся цудоўнай мажлівасцю напоўніцу.

Справа ў тым, што беларускія бізнесоўцы атрымалі прапанову перадаць свой кейс для аналізу самому Джэку Траўту. Вядомы стратэг і маркетолаг быў не супраць даць прафесійную параду любой беларускай кампаніі. Але ім аказалася няма што паказаць. Ніводнага кейса. І праўда, нашто нам парады, лепш грошы далі б. Тым больш, што галоўны лозунг гэтага самага маркетынгу — не прадаваць тое, што вырабляем, а вырабляць тое, што прадаецца, — нам пакуль не зразумець. Мы ўсё яшчэ намагаемся вырабляць тое, што нікому не патрэбна, а потым прымушаем гэта “беларускае купляць. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў прамысловасці на 1 верасня ў фактычных цэнах склалі 80,2 працэнта, ці 6 трыльёнаў 287,5 мільярда рублёў, сцвярджае Нацыянальны статыстычны камітэт.

Дарэчы, амаль ніхто з супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў на семінар Траўта не прыйшоў. Не прыйшлі на сустрэчу з ім і прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, нягледзячы на згоду вядомага маркетолага.

"Усё роўна, адкуль вы і кім былі; важна, да чаго імкнецеся, над чым працуеце", — сказаў Джэк Траўт у інтэрв’ю БелаПАН. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

А імкнёмся мы, найперш, да прыгажосці. Каля 70 удзельніц міжнароднага конкурсу прыгажосці "Міс Інтэркантыненталь–2009" прыляцелі ў Мінск на мінулым тыдні для падрыхтоўкі і ўдзелу ў шоу. Таму 14 і 15 верасня жыхары сталіцы маглі то тут, то там пабачыць найпрыгажэйшых жанчын свету, што разам з добрым надвор’ем не магло не адбіцца на настроі мінчукоў, асабліва мужчынскага полу. У астатнія дні тыдня прыгажосцю маглі засалодзіцца і жыхары рэгіёнаў. 15 верасня стартаваў пяцідзённы тур па Беларусі, падчас якога дзяўчаты наведалі палацава-паркавы комплекс у Гомелі, Белавежскую пушчу, Блакітныя азёры. У Гродне ў двары Новага каралеўскага замка для канкурсантак быў арганізаваны каралеўскі баль, у Брэсцкай крэпасці — рыцарскі турнір. Рэпетыцыі ж конкурсу пачнуцца 21 верасня. Фінальнае шоу пройдзе ў сталічным футбольным манежы 27 верасня. Беларусь на конкурсе прадставіць 20-гадовая мінчанка Марыя Есьман, студэнтка юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якая прафесійна займаецца бальна-спартыўнымі танцамі.

А мо і праўда, прыгажосць выратуе свет…

 

Каментаваць