Палата прадстаўнікоў ратыфікавала Дамову пра Еўразійскі саюз

У дакументы аб ратыфікацыі ўключаная заява беларускага боку.



Частку яе агучыў сёння, выступаючы перад дэпутатамі, старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:
 
 
«Беларусь ратыфікуе дамову па ЕАЭС і бярэ на сябе абавязанні добрасумленна яе выконваць пры ўмове, што да гэтага моманту на трох- альбо двухбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасці пра зняцьце бар’ераў, абмежаванняў і выняткаў у гандлі асобнымі відамі тавараў і аказаньні асобных відаў паслуг».
 
 
Сябра прэзідыюму Савету міністраў Сяргей Румас, які прадстаўляў дэпутатам асноўныя палажэнні дамовы, пералічыў шмат момантаў у ёй, якія павінны, на яго думку, пасьля ратыфікацыі паспрыяць развіццю беларускай эканомікі. Разам з тым спадар Румас прызнаў:
 
 
«Выняткі, абмежаванні і выключэнні ахопліваюць 9 таварных пазіцыяў, каля 30 працэнтаў усяго рынку. Такі рынак нельга назваць паўнавартасным».
 
 
Сяргей Румас сказаў, што па некаторых пытаннях бакі пры падрыхтоўцы дамовы адышлі назад. Напрыклад, гарманізацыя фінансавых рынкаў перанесеная з 2020 году на 2025-ты. Раней меркавалася, што спрэчкі паміж сябрамі дамовы, можа, будзе вырашаць суд або Еўразійская камісія. Цяпер такое права застаецца толькі за судом.
 
 
Не ўдалося дасягнуць кансэнсусу па адзінай эканамічнай палітыцы.
 
 
«Кожная краіна праводзіць сваю эканамічную палітыку, і разгляд гэтага пытання не перададзены ў кампэтэнцыю наднацыянальных органаў. Гэта адбываецца таму, — падкрэсліў Сяргей Румас, — што бізнэс у адной краіне бачыць канкурэнтаў у іншых краінах — удзельніках дамовы».
 
 
Паводле "Радыё Свабода"

Каментаваць