Паленне губляе гламур

Колькасць курцоў у Беларусі за дзесяць гадоў скарацілася на 11 працэнтаў. Гэта засведчылі апошнія сацыялагічныя даследаванні. І галоўнай прычынай адмовы ад цыгарэт з’яўляецца асэнсаванне, што паленне шкодзіць здароўю.



Колькасць курцоў у Беларусі за дзесяць гадоў скарацілася на 11 працэнтаў. Гэта засведчылі апошнія сацыялагічныя даследаванні. І галоўнай прычынай адмовы ад цыгарэт з’яўляецца асэнсаванне, што паленне шкодзіць здароўю.

У 2001 годзе доля курцоў складала 41,6 працэнта насельніцтва, а зараз — 30,6 працэнта. І, што вельмі важна, сярод іх зменшылася колькасць тых, хто паліць ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў — з 43,1 працэнта ў 2006 годзе да 34,6 працэнта ў гэтым годзе. Сацыялагічнае даследаванне праводзілася пры ўдзеле Міністэрства аховы здароўя і Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук. Аб гэтым паведаміла намеснік галоўнага ўрача “Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык.

Аднак яна зазначыла, што і лічба 30,6 працэнта курцоў — гэта высокі паказчык. На сёння ва ўсіх краінах свету паляць 22 працэнты жыхароў Зямлі. Больш за ўсё — у краінах былога Савецкага Саюза і Цэнтральнай Еўропы. У сярэднім гэта 29 працэнтаў. А таксама ў дзяржавах Еўрасаюза — 28 працэнтаў. Найменш папулярна паленне ў дзяржавах Паўднёвай Азіі і Цэнтральнай Амерыкі — 12 працэнтаў. У Злучаных Штатах Амерыкі паліць 21 працэнт дарослага насельніцтва.

У большасці краін, дзе быў высокі ўзровень распаўсюджвання палення — вышэй 40 працэнтаў, але якія прымалі актыўныя меры на барацьбу з ім, гэты паказчык змяншаўся ў тры разы. “Тыя захады, якія робяцца ў нашай краіне, таксама прыносяць свой станоўчы эфект, — лічыць Людміла Наройчык.

У Беларусі будзе распрацавана чарговая “Комплексная праграма барацьбы супраць тытуню на 2011–2015 гады. А ў 2005 годзе краіна ратыфікавала рамачную канвенцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) па барацьбе супраць тытуню. І яна накладвае абавязацельствы на краіну, якія павінны забяспечваць больш эфектыўныя захады кантролю над тытунём. Да прыкладу, гэта такія меры, як поўная забарона тытунёвай рэкламы і спонсарства. З 1 студзеня 2008 года ў Рэспубліцы Беларусь уведзена поўная забарона рэкламы на тытунёвыя вырабы. На вуліцах ужо нельга пабачыць, напрыклад, тытунёвых білбордаў, якія былі яшчэ некалькі гадоў таму. “Дзе прасоўвалася гламурнасць і паказвалася, што быццам бы калі чалавек паліць, то ён паспяховы. І ў яго ўсё добра ў жыцці, — адзначыў кіраўнік Краінавага бюро СААЗ у Беларусі Ягор Зайцаў.

Прагрэс дасягнуты і па абароне насельніцтва ад пасіўнага палення. То бок тых, хто не паліць, ад тых, хто паліць. За выключэннем спецыяльна адведзеных месцаў, у Беларусі шмат дзе дзейнічае забарона для курцоў. Ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на шэрагу аб’ектаў грамадскага харчавання. А таксама ў памяшканнях органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, на вакзалах, у аэрапортах і падземных пераходах. Зонамі, свабоднымі ад палення, абвяшчаюць і паркі, месцы адпачынку, гатэлi, кавярнi i рэстараны.

Балючую для курцоў меру, як павышэнне акцызаў на пачак цыгарэт, спецыялісты лічаць апраўданай і эфектыўнай. “На прыкладзе многіх краін даказана, што павышэнне акцызаў на 10 працэнтаў стымулюе зніжэнне палення ў грамадстве на 4–8 працэнтаў, — паведаміў Ягор Зайцаў. Прынамсі ва Ўкраіне на працягу апошніх двух гадоў цэны на тытунёвыя вырабы павышаліся пяць разоў.

“Але мы ўсе разумеем, што аднымі забаронамі праблему не вырашыць. Як і ўвядзенне “сухога закона не прывяло да ўсеагульнай цвярозасці, — заявіла Людміла Наройчык. Папярэджанні пра шкоды і рызыку палення, як адзначаюць спецыялісты, мусяць даводзіцца людзям усімі магчымымі сродкамі. А выбар — паліць ці не паліць — залежыць толькі ад іх саміх.

Акрамя надпісу пра шкоду палення, на пачках цыгарэт плануецца размяшчаць і адпаведныя папераджальныя карцінкі. Такія ўпакоўкі цыгарэт ужо выпускаюцца ў некаторых краінах. Тэхнічны рэгламент наконт выпуску падобных пачак распрацоўваецца зараз і на ўзроўні краін ЕўрАзЭС. Мяркуецца, што карцінкі будуць суправаджацца і больш канкрэтнымі надпісамі. “Ну, напрыклад, паленне выклікае інфаркты і інсульты. І адразу карцінка на гэту тэму, — распавяла Людміла Наройчык. — Шкодзіць вашаму дзіцяці — і такое сінюшнае неданошанае дзіця. Парадантоз і выпадзенне зубоў. Паленне выклікае імпатэнцыю, рак лёгкіх, заўчаснае старэнне скуры, эмфізэму лёгкіх. І ўсё гэта суправаджаецца маляўнічым пацвярджэннем.

І, як высветлілася падчас апытанняў у краінах, дзе прадаюцца такія пачкі, карцінкі маюць свой псіхалагічны ўплыў. І на тых, хто паліць, і на тых, хто не паліць. Таму што прымушаюць задумвацца аб наступствах шкоднай звычкі.

Штогод у Беларусі ад хваробаў, якія выкліканы паленнем тытуню, памірае 15,5 тысяч жыхароў. З ім звязаны не толькі 87 працэнтаў рака лёгкіх. Паленне выклікае і іншыя віды рака і хваробы. Бо шкодныя рэчывы трапляюць у кроў і разносяцца па ўсяму арганізму. “І пра гэта таксама трэба ведаць і папярэджваць людзей. І папярэджваць па-рознаму: і праз пачкі, і праз інфармацыйныя кампаніі, якія таксама могуць быць дастаткова эфектыўнымі, — падкрэсліў кіраўнік Краінавага бюро СААЗ у Беларусі.

І, безумоўна, як лічаць спецыялісты, неабходна стварэнне эфектыўнай даступнай дапамогі людзям, якія хочуць кінуць паліць. Адна з такіх мер — “гарачыя лініі, якія ёсць у іншых краінах.

Як адзначыў Ягор Зайцаў, у розных краінах укараняюцца разнастайныя стратэгіі па змаганні з паленнем. “Але любая краіна, якая ўсур’ёз хоча змагацца з паленнем, паступова сур’ёзна дапамагае сваім людзям і грамадству, — сказаў ён. — Таму што ад палення мы губляем вельмі многа людзей. Гэта сур’ёзная як сацыяльная, так і эканамічная праблема. І інвестыцыі ў барацьбу з паленнем заўсёды сябе апраўдваюць.

Зразумела, што спецыялісты могуць толькі дапамагчы, а не прымусіць адмовіцца ад палення. “Чалавек жа хоча быць здаровым. Але ён мала для гэтага робіць сам. Увесь час чакае, што хтосьці павінен яму штосьці ў гэтым жыцці. А так не бывае, — зазначыла Людміла Наройчык.
 

Каментаваць