Паляванне на гомельскага праваабаронцу пачалося. Чым яно скончыцца?

Гомельскага праваабаронцу, кіраўніка “Прававой ініцыятывы” Леаніда Судаленку хочуць зрабіць распаўсюднікам парнаграфіі. За яго ўжо ўступілася міжнародная супольнасць.



Пра вобыскі і канфіскацыю кампутараў у офісе і дома ў Леаніда сёння раніцай паведамілі шматлікія СМІ. Фармальнай нагодай для пільнай увагі праваахоўных органаў да праваабарончай дзейнасці стаў, вы не паверыце, нібыта распаўсюд з IP-адраса Судаленкі парнаграфіі.

Аказваецца, 6 сакавіка Леанід вырашыў павіншаваць супрацоўніц падатковай інспекцыі Савецкага раёна Гомеля з жаночым святам, ды не кветкамі і цукеркамі, а рассылкай парнаграфіі.

Напэўна, такім жа чынам кагосьці з чымсьці Судаленка яшчэ павіншаваў і ў іншым раёне Гомеля, інакш чым яшчэ растлумачыць тое, што ў кватэру праваабаронцы (дзе, зразумела, знаходзіцца іншы IP-адрас) прыйшлі супрацоўнікі міліцыі Новабеліцкага раёна. Такім чынам да 6 канфіскаваных у офісе кампутараў дадаліся яшчэ хатні кампутар і ноўтбук аднаго з сыноў Леаніда.

Дарэчы, пра IP-адрас. Недзе месяц таму Судаленка звяртаўся да праваахоўнікаў з патрабаваннем знайсці тых, хто пагражаў на адным з гомельскіх сайтаў расправай яго дзецям (у яго чатыры сыны). У міліцыі адказалі, што вызначыць IP-адрас немагчыма. Судаленка накіраваў скаргу ў пракуратуру, адначасова супольную ў падтрымку кіраўніка “Прававой ініцыятывы” прынялі шматлікія праваабаронцы. І гомельскім праваабаронцам прыйшлося аднавіць справу. Аднак амаль адначасова з’явілася і іншая справа, супраць самога Леаніда Судаленкі, яго цяпер падазраюць у распаўсюдзе парнаграфіі.

Да таго, што грамадскія актывісты брыдка лаюцца, спраўляюць натуральныя патрэбы ці п’юць у грамадскіх месцах, мы ўжо прызвычаіліся. Але распаўсюднікамі парнаграфіі яны яшчэ не былі.

Дык чым жа Леанід Судаленка так раззлаваў мясцовыя ўлады? Як лічыць сам праваабаронца, усё пачалося, калі ён пачаў кампанію супраць смяротнага пакарання, стаў дапамагаць родзічам асуджаных пісаць скаргі і прашэнні. Менавіта тады на адным з гомельскіх сайтаў (адмыслова не буду яго называць, каб не піярыць) пачала з’яўляцца паклёпніцкая інфармацыя пра грамадскіх актывістаў і самога Судаленку. Судаленка спрабаваў прыцягнуць паклёпнікаў да адказнасці, але, зразумела, у яго гэта не атрымалася.

Магчыма, на гэтым усё б і скончылася, але некалькі месяцаў таму на адрас праваабаронцы прыйшла пагроза яго дзецям. Маўляў, уяві сабе, што тваіх дзяцей нехта парэжа на ласкуты. А праз нейкі час Леанід атрымаў відэа забойства Барыса Нямцова з допісам: “Ну, як табе?” Менавіта пасля гэтага праваабаронца зноў звярнуўся да праваахоўнікаў. Што было далей, вы ўжо ведаеце: Судаленку спрабуюць зрабіць распаўсюднікам парнаграфіі.

Іронія лёсу ў тым, што менавіта ў гэтыя дні кіраўнік гомельскай арганізацыі “Прававая ініцыятыва” знаходзіцца ў Стакгольме на міжнароднай праваабарончай канферэнцыі, дзе сотні яго калег з дзясяткаў краін абменьваюцца сваім вопытам.

Вядомаму гомельскаму праваабаронцу, які дапамог шматлікім жыхарам свайго рэгіёна дамагчыся праўды і абараніць свае правы, каб не стаць чарговым палітзняволеным, зараз таксама патрэбна дапамога. А пакуль што сотні праваабаронцаў са шматлікіх краін ужо размясцілі ў сваіх твітэрах інфармацыю пра пераслед беларускага калегі.

Каментаваць