Палёты ў Егіпет: Расія часова спыняе авіязносіны, а "Белавія" працягвае лятаць

Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі прыняло рашэнне не абмяжоўваць авіязносіны з Егіптам.



euroradio.fm


"Цяпер прынята рашэнне не абмяжоўваць палёты ў дадзеным кірунку. У той жа час з улікам рэкамендацый Мінтранса ўзмоцнены меры авіяцыйнай бяспекі", — паведамляе Мінтранс.

Ведамства вядзе пастаянны маніторынг бяспечнасці палётаў авіякампаніі "Белавія" ў аэрапорты Хургады і Шарм-Эль-Шэйха.

Між тым, кіраўніцтва і служба авіяцыйнай бяспекі ААТ «Авіякампанія «Белавія» правялі рабочыя сустрэчы з кіраўнікамі міжнароднага аэрапорта Шарм-эль-Шэйх, прадстаўнікамі егіпецкіх спецслужбаў, паліцыі і арміі.

«Самастойна пераканаўшыся ў забеспячэнні бяспекі ў цяперашні час на высокім узроўні ў Міжнародным аэрапорце Шарм-эль-Шэйха, ААТ «Авіякампанія «Белавія» плануе выкананне чартарных рэйсаў у Егіпет у штатным рэжыме», - распавёў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і ЗЭД Ігар Чаргінец.

Калі Беларусь працягвае авіяпалёты ў Егіпет у штатным рэжыме, то Расія спыняе авіясувязь з гэтай краінай “на месяц-другі”, калі не на годы. Прынамсі, расійскі “Коммерсант” паведамляе са спасылкай на крыніцу з адміністрацыі прэм’ер-міністра, што РФ можа адмовіцца ад палётаў у Егіпет на бліжэйшыя гады з-за сітуацыі з бяспекай, а таксама пашырыць забарону на іншыя краіны.

На нарадзе з віцэ-прэм'ерамі ў панядзелак Мядзведзеў абмеркаваў вяртанне расійскіх турыстаў з Егіпта пасля прыпынення авіязносін паміж дзвюма краінамі па рашэнні Уладзіміра Пуціна. Пасля нарады віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч казаў, што ўрад прааналізуе сітуацыю з бяспекай палётаў ва ўсім свеце», што, зрэшты, «ніяк не звязана з апошнімі падзеямі».

Забарона на палёты ў Егіпет «будзе доўжыцца не месяц-другі, а гады». Аналагічныя меры могуць быць уведзеныя і «ў дачыненні да іншых краін».

"Як і ўчора заяўляў Дварковіч, на дадзены момант мы не можам назваць якія-небудзь тэрміны. Развагі аб тэрмінах не актуальныя да правядзення ацэнкі бяспекі і атрымання магчымых рэкамендацый", - цытуе Бі-бі-сі прэс-сакратара віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча Алію Самігулліну.

30 верасня Расія пачала ваенную аперацыю ў Сірыі. У Маскве заяўляюць, што аперацыя накіравана супраць баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава», аднак сірыйскія актывісты з груп ўзброенай апазіцыі абвінавачваюць расійскую авіяцыю ў ударах па іх пазіцыях.

31 кастрычніка расійскі самалёт Airbus A321 разбіўся на Сінайскім паўвостраве ў Егіпце па шляху з Шарм-эш-Шэйха ў Санкт-Пецярбург. Загінулі 224 чалавекі. Прычыны крушэння пакуль высвятляюцца, аднак усё часцей з'яўляюцца сведчанні магчымага выбуху на борце.

Каментаваць