Палітвязню Ігару Аліневічу споўнілася 30 гадоў

24 верасня зняволены анархіст Ігар Аліневіч адзначыў юбілей. Напярэдадні святочнай даты маці палітвязня распавяла апошнія навіны з турэмнага жыцця сына.



Ігар Аліневіч з бабуляй на сямейным свяце. Фота з сямейнага архіву Аліневічаў


У падарунак сыну Валянціна Аліневіч вышыла ільняную сурвэтку. Падарунак ад бацькоў Ігар Аліневіч атрымаў на тыдзень раней.

— Не папярэджвала яго. Часам напішаш, дык “яны” спецыяльна зробяць нейкую гадасць, пасля засмучваешся толькі. Падарунак, на дзіва, вельмі хутка дайшоў. Гэтая сурвэтка асаблівая: лён не з крамы — яго мне аддала сяброўка, тканіну ўручную некалі даўно ткалі яе сваякі. Арнамент таксама з адмысловым сэнсам, а не просты ўзор, — кажа Валянціна Міхайлаўна.

 

Паводле яе словаў, Ігар Аліневіч хоць сюрпрызы не любіць, але падарунак ацаніў — падзякаваў у лісце і караценькім званку дадому.

 

— Ігар тэлефанаваў у тую суботу. Гэта заўсёды так нечакана, і так радасна, што ты не сышоў з дому менавіта на гэтую секунду, а мог пачуць яго голас. Ад таго, што нашыя сыночкі дараслеюць і становяцца злоснымі парушальнікамі рэжыму, здольнымі да напада і пабегу, любоў да іх не змяншаецца, — чулліва гаворыць Валянціна Аліневіч.

Пра што палітвязень піша ў лістах да бацькоў?

— Распавядае, з кім перапісваецца, якія кнігі прачытаў. Ён бярэ літаратуру ў турэмнай бібліятэцы, мы таксама высылаем кнігі і часопісы, што ён просіць. Цяпер перачытвае Дзюма, нядаўна адолеў апошні раман Барыса Акуніна “Арыстаномія” — быў пад уражаннем. Прачытаў усё, што змог знайсці, звязанае з гісторыяй ГУЛАГу. Кажа: як падумаў, што мне яшчэ трэба прачытаць, дык турэмнага тэрміна майго не хопіць. Турма нічога добрага сабою не ўяўляе, гэта адназначна. Але калі ён нічога не можа змяніць, дык займаецца самаадукацыяй, каб час не прайшоў дарма, — гаворыць Валянціна Аліневіч.

Цяпер, праўда, для чытання застанецца менш часу — па вечарах пасля працы Ігар Аліневіч будзе сядзець за партай. Пачаліся заняткі ў тэхнічнай вучэльні, куды нарэшце, праз тры гады адмоваў, прынялі хлопца. Палітвязень пісаў заявы на розныя спецыяльнасці, але прынялі яго толькі на краўца.

Апошні раз Валянціна Аліневіч бачыла сына ў чэрвені. Нягледзячы на тое, што доўгатэрміновае спатканне прадугледжвае трохдзённую сустрэчу, бацькам Ігара дазволілі пабыць з сынам толькі суткі. А Валянціне Міхайлаўне і таго меней — на дзень спаткання жанчыне, якая да звальнення выкладала ў БДЭУ, паставілі іспыт.

 

— Муж паехаў на машыне а 6 ранку, а я а 8-й гадзіне прыняла іспыт і на маршрутцы паехала ў Наваполацк. Гэта была субота, транспарт да калоніі — яна знаходзіцца за горадам між “Нафтанам” і “Палімірам” — у выходныя амаль не ходзіць. Чакала цэлую гадзіну, а кожная хвіліна ж дарагая…Пасля з адчаю выйшла на праезную частку, падняла руку — і тады мяне падвезлі.

Дарэчы, на днях Валянціна Аліневіч забрала з унверсітэта працоўную кніжку — кажа, што адчула вялікую радасць, што эпапея з яе звальненнем нарэшце скончылася. Нагадаем, пасля выхаду кнігі палітвязня “Еду ў Магадан” жанчыне паставілі ўмову — ці сын, ці праца. Відавочна, што маці не кінула зняволенага сына.

 

— Не магу сказаць, што гэта было вельмі прыемна, аднак і не смяротна. Хутчэй, брыдка. Як можна руку падняць на маці? Тым болей, у ніх не было ніякіх нараканняў на мяне — ніхто і не хаваў, што гэта палітычная замова. Сучасныя студэнты — таксама сумнае відовішча. Калі раней яны былі вельмі актыўныя, дык цяпер літаральна адзінкі словам падтрымалі. Большасць, як хамелеоны, падстройваюцца пад сітуацыю, — дзеліцца ўражаннямі Валянціна Аліневіч.

 

Жанчына кажа, што прапановы па працы ўжо ёсць, але ў бліжэйшы час яна збіраецца троху адпачнуць і паправіць здароўе.

Каментаваць